Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Мінскую вобласць
Задача рэканструяваць або пабудаваць адзін малочнатаварны комплекс у кожнай гаспадарцы краіны да канца 2012 года застаецца нязменнай. Гэта патрабаванне агучыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі 21 жніўня ў Мінскую вобласць.
Кіраўнік дзяржавы наведаў чатыры малочнатаварныя фермы ў агракамбінатах "Дзяржынскі" і "Ждановічы", каб на іх прыкладах азнаёміцца з ходам выканання даручэння па будаўніцтву і рэканструкцыі малочнатаварных ферм.
Прэзідэнт прыняў рашэнне правесці гэта мерапрыемства ў пашыраным фармаце і з гэтай мэтай запрасіў для ўдзелу ў сустрэчы службовых асоб, на якіх ускладзена першарадная адказнасць за выкананне пастаўленай задачы: членаў Урада, памочнікаў Прэзідэнта па абласцях, губернатараў і намеснікаў старшынь аблвыканкамаў, якія курыруюць сельскую гаспадарку. Аляксандр Лукашэнка правёў у пэўным сэнсе практычны занятак, паказаўшы на канкрэтных прыкладах і растлумачыўшы, якімі менавіта павінны быць малочнатаварныя комплексы. На думку Прэзідэнта, сёння не ўсе адказныя асобы разумеюць яго патрабаванне, а таму пастаўленая задача выконваецца не ў поўным аб'ёме.
У адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы ў кожнай гаспадарцы краіны да канца бягучага года павінен быць створаны адзін малочнатаварны комплекс. Такім чынам, пад рэканструкцыю з улікам сучасных тэндэнцый развіцця малочнай жывёлагадоўлі падпадаюць каля 1200 малочнатаварных ферм. Чакаецца, што прынятыя меры дадуць магчымасць ужо ў 2013 годзе павялічыць пагалоўе кароў на 78,3 тыс., а вытворчасць малака - на 250 тыс. т за год. Да 2015 года колькасць кароў павінна дасягнуць 1,6 млн. галоў, а вытворчасць малака - 10 млн. т. Як разлічваюць вытворцы, рост аб'ёмаў (перш за ўсё за кошт якасных змяненняў у галіне) дасць магчымасць патанніць прадукцыю і больш паспяхова канкурыраваць на знешніх рынках з пастаўшчыкамі з Еўропы і Новай Зеландыі.
Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, за студзень - ліпень 2012 года сельгасарганізацыямі краіны атрымана 3,7 млн. т малака, або 107% да ўзроўню мінулага года. Вытворчасць малака павялічана ва ўсіх абласцях, у тым ліку ў Мінскай на 6,8%. Вытворчасць мяса, у тым ліку птушкі, склала 109,6% да ўзроўню мінулага года. Паводле слоў чыноўнікаў, у краіне за адзін год у гэтай сферы ўдалося зрабіць столькі, колькі да гэтага выконвалі на працягу сямі гадоў.
Дзякуючы павелічэнню прадукцыі жывёлагадоўлі ўдалося значна нарасціць яе экспартныя пастаўкі, паралельна асвойваючы і новыя рынкі. У прыватнасці, першыя буйныя пастаўкі накіраваны ў Кітай, Японію, В'етнам. Гэта значыць, Беларусь паступова выходзіць на тыя рынкі, дзе традыцыйна працавала, напрыклад, Новая Зеландыя. Акрамя таго, усё больш арыентацыя ідзе на пастаўкі ўжо гатовай прадукцыі. Пры гэтым Беларусь пашырае продаж прадукцыі гандлёвым кампаніям, без пасрэднікаў.
Як далажыў Прэзідэнту віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, Беларусь да канца 2012 года выйдзе на $5 млрд. экспарту сельгаспрадукцыі. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за выкананне гэтай задачы Міхаіл Русы адказвае асабіста. "Па палях будуць хадзіць губернатары, за методыку адказваюць міністры. А вы павінны заняцца кантролем гэтых працэсаў і гандлем, дзе ў нас яшчэ шмат праблем. Мы можам зрабіць, захаваць, а вось прадаваць яшчэ не навучыліся", - сказаў Прэзідэнт.
Першым малочнатаварным комплексам, дзе адбылася грунтоўная размова, стаў МТК "Томкавічы" ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі". Тут утрымліваецца 1300 кароў, укаранёны ўсе сучасныя эфектыўныя тэхналогіі даення і ўтрымання жывёлы.
Агледзеўшы памяшканні малочнатаварнага комплексу, Аляксандр Лукашэнка рэзюмаваў, што такі комплекс з'яўляецца ўзорам і кожная гаспадарка павінна імкнуцца менавіта да такой формы ўтрымання жывёлы.
"Я паставіў задачу рэфармаваць малочнатаварныя фермы ў малочнатаварныя комплексы. Адрозненне вы ведаеце: гэта захаванне поўнай тэхналогіі ўтрымання дойнага статка. Штучнае асемяненне, цэх запуску, цэх раздою, цэх вытворчасці малака, сістэма водапаення, гноевыдалення, кармленне жывёлы - усё павінна быць па тэхналогіі! Вось што я ад вас хацеў! І даручыў у кожнай гаспадарцы ўзяць любую старую ферму і рэфармаваць у малочнатаварны комплекс", - нагадаў Прэзідэнт.
У той жа час чыноўнікі прызналі, што да канца года выканаць пастаўленую Кіраўніком дзяржавы задачу ў поўным аб'ёме не ўдасца, і прасілі скараціць колькасць рэканструюемых ферм. Паводле іх слоў, аптымальная колькасць такіх МТФ складае 720-750.
Аднак Аляксандр Лукашэнка застаўся непахісны ў гэтым пытанні: "Я папярэджваў, што гэта будзе вельмі складана, цяжка, шукайце шляхі, выйсце. І ў вас быў час на выкананне задачы!".
Аднак губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура далажыў, што Міншчына выканае сваё заданне: правядзе рэканструкцыю ў бягучым годзе 324 старых малочнатаварных ферм у адпаведнасці з патрабаваннямі Кіраўніка дзяржавы.
Як высветлілася, з заданнем не спраўляюцца дзве вобласці - Гомельская і Віцебская. Прэзідэнт даручыў Прэм'ер-міністру і Віцэ-прэм'еру Міхаілу Русаму разабрацца, што патрэбна дадаткова зрабіць, каб выканаць задачу ў гэтых рэгіёнах.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, дасягненне пастаўленай мэты - прынцыповае пытанне, ад якога ў далейшым залежыць харчовая бяспека краіны. "Я магу нагадаць. У сярэдзіне 90-х гадоў на паліцах магазінаў краіны нічога не было - усё было пуста. Але мы схапіліся за прамысловасць. Гэта дало нам эфект. І 8-10 гадоў таму ўзяліся за сельскую гаспадарку, бо яна магла наогул знікнуць. І гэта было своечасова. Мы пачалі ствараць маякі, каб паказаць, якой павінна быць сельская гаспадарка", - адзначыў Прэзідэнт.
"Усе вы тады ездзілі па свеце, збіралі крупінкі вопыту, як трэба ўтрымліваць жывёлу. Прыйшлі да высновы, што так: адчыненыя завешаныя хлявы, вялікі прыток паветра і святла і гэтак далей. І мы ў гэтым годзе пры моцных маразах убачылі, што жывёла нармальна перанесла зіму. Гэта значыць, мы ўлавілі той шлях, па якім трэба ісці ў сельгасвытворчасці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Як расказаў генеральны дырэктар ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі" Леанід Заяц, кошт будаўніцтва МТК "Томкавічы" склаў Br12,5 млрд. Паводле разлікаў спецыялістаў, тэрмін яе акупнасці - тры гады. У цэлым у гаспадарцы за 7 месяцаў 2012 года атрыманы прыбытак у памеры Br18,9 млрд. Па выніках работы за год кожная карова дае прыбытак $1 тыс. "З такой работай нам ніякая дзяржаўная дапамога не патрэбна", - канстатаваў кіраўнік гаспадаркі.
"Ніводны нафтавы, залаты і іншы аб'ект не акупляецца за тры гады, а тут - малочны дае такую акупнасць. Ну дык варта аўчынка вырабу? Ёсць сэнс ствараць такія аб'екты і ўкладваць сродкі? Ёсць! А вы мне пра малакаправоды і іншыя ўстарэлыя тэхналогіі расказваеце", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да чыноўнікаў.
"Пытанне ў тым, каб хутчэй ісці. Нас жыццё прымусіць. Мы заўтра будзем працаваць па правілах СГА. Вы што хочаце сказаць, што мы адгародзімся ад іх? Не. Нам давядзецца канкурыраваць, і калі мы не будзем бегчы наперад, то нам не будзе чым падстрахавацца: у нас няма ні нафты, ні прыроднага газу, ні золата. Вось тут наша золата! Тры гады акупнасць. Таму я ад вас і патрабую, каб за гэтыя тры гады мы выйшлі на такі вось узровень", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы наведаў таксама МТФ "Павялкова" агракамбіната "Дзяржынскі", МТФ "Фрунзэ" і МТФ "Плашава" агракамбіната "Ждановічы" з рознымі тэхналогіямі даення кароў: у малакаправод, у даільнай зале, а таксама з выкарыстаннем даільных робатаў.
На канкрэтных прыкладах былі разгледжаны розныя падыходы да рэканструкцыі гэтых аб'ектаў, падрабязна абмеркаваны плюсы і мінусы кожнага, дадзены вычарпальныя адказы на ўсе пытанні.
Падводзячы вынікі грунтоўнай размовы, Прэзідэнт падкрэсліў: "Мае патрабаванні застаюцца ранейшымі. Сёння, размаўляючы з кіраўнікамі і спецыялістамі перадавых гаспадарак, я лішні раз пераканаўся: мы на правільным шляху і не робім ніякіх тэхналагічных памылак. Што датычыцца майго патрабавання па мадэрнізацыі старых малочнатаварных ферм (дзе дояць кароў у вядро або малакаправод), то трэба прадоўжыць стварэнне малочнатаварных комплексаў у строгай адпаведнасці з тэхналогіяй".
У ходзе абмеркавання гэтай тэматыкі ніякіх супярэчнасцей і спрэчак у спецыялістаў і кіраўнікоў абласцей не было па пытаннях укаранення сучасных тэхналогій на новых комплексах.
"Але некаторыя хочуць мае патрабаванні спрасціць і дадаць адно звяно, якое каштуе грошай, пакінуўшы малочнатаварныя фермы з даеннем у малакаправод. Але гэта не тая якасць малака, патрэбна даільная зала. Як мадэрнізаваць фермы, мы ўбачылі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Спадзяюся, што гэта мерапрыемства, у выніку якога мы адзін аднаго пачулі і зразумелі, падвядзе рысу ў спрэчках: якімі быць у перспектыве малочнатаварным комплексам. Тое, што мы робім, гэта не самамэта, гэта вельмі напружаная работа", - лічыць Прэзідэнт. На яго думку, адкладваць гэту работу нельга. "Той, хто бяжыць хутчэй, той выйграе. А нас час падганяе, таму што, калі мы будзем працаваць у рамках СГА, у якую ўжо ўступае Расія, нам давядзецца канкурыраваць з вядучымі сусветнымі фірмамі. Каб выжыць і быць канкурэнтамі ў гэтай барацьбе, трэба мець добрае і якаснае малако", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У якасці станоўчага прыкладу, як трэба працаваць і мадэрнізаваць жывёлагадоўчую галіну, Аляксандр Лукашэнка прывёў кіраўніка агракамбіната "Ждановічы" Рыгора Чуйко, які прымяняе сучасныя тэхналогіі і будзе прымяняць на новых комплексах робатаў: "Чалавек прад'яўляе павышаныя патрабаванні да ўмоў працы, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І гэта таксама прымушае нас ствараць самыя сучасныя комплексы".
"Я ад вас патрабаваў і патрабую - мы павінны ў кожнай гаспадарцы ўвесці па аднаму малочнатаварнаму комплексу, мадэрнізаваўшы старую ферму або пабудаваўшы новую. Малочнатаварныя комплексы могуць быць трох відаў - прыкладна на 600, 800 або 1000 галоў. Што датычыцца малакаправодаў, то яны, вядома, яшчэ застануцца, і не адзін год. Але ўжо ў гэтым годзе трэба поўнасцю адысці ад даення ў вёдры", - зноў нагадаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка патрабаваў, каб перш за ўсё мадэрнізаваліся менавіта старыя фермы.
Ён падкрэсліў, што асноўная мэта гэтай сустрэчы з кіраўнікамі абласцей і іх намеснікамі, якія адказваюць за пытанні сельскай гаспадаркі, - прыйсці да агульнай думкі. "І мы сышліся на думцы - усе ведаюць, што рабіць", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым ёсць праблемы ў Віцебскай і Гомельскай абласцях. "Спадзяюся, што ў Гродзенскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцях гэтых праблем няма. Мінская вобласць абяцала абмінуць гэтыя праблемы. Гэта будзе проста подзвіг для кіраўніцтва Мінскай вобласці, калі яны зробяць так, як сёння мне было даложана, - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, задача павінна быць выканана, тады можна быць упэўненым у мадэрнізацыі па ўсёй краіне за гэту пяцігодку практычна ўсіх малочнатаварных ферм да ўзроўню сучасных МТК.
Як перакананы Аляксандр Лукашэнка, неабходна ісці менавіта гэтым шляхам і хуткімі тэмпамі праводзіць мадэрнізацыю ў жывёлагадоўлі. "Трэба будзе рабіць сёння тое, што спатрэбіцца не заўтра, а паслязаўтра. Трэба жыць паслязаўтрашнім днём. І для гэтага ёсць усё - будматэрыялы, абсталяванне, неабходны кадравы патэнцыял. Грош цана тады нам, калі мы не выканаем гэту задачу", - падкрэсліў ён.
Пасля завяршэння мерапрыемства Прэзідэнт прыняў рашэнне назначыць Леаніда Зайца Міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання. На думку Кіраўніка дзяржавы, ён паказаў сябе на практыцы як моцны кіраўнік і яму пад сілу справіцца з сур'ёзнымі задачамі ў новай якасці.