Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць
- 2
Аўтадарогі да абласных цэнтраў Беларусі будуць рэканструяваны да 2015 года. Аб гэтым 6 ліпеня ў час наведвання Шклова даложана Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку.
Віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін далажыў Кіраўніку дзяржавы аб развіцці сеткі рэспубліканскіх аўтамабільных дарог да 2020 года. У выніку ў Беларусі плануецца стварыць сетку дарог павышанай камфортнасці і забяспечыць большую бяспеку дарожнага руху. Аляксандр Лукашэнка даручыў абавязкова забяспечыць належную якасць пры правядзенні гэтых работ і разумнае расходаванне фінансавых сродкаў.
У Шклове Прэзідэнт адкрыў рэканструяваны мост цераз раку Днепр. Мост быў пабудаваны ў 1962 годзе. За час яго эксплуатацыі з'явіліся розныя дэфекты, якія ўплываюць на бяспеку і даўгавечнасць работы збудавання. Акрамя таго, параметры грузападымальнасці і габарыты праезнай часткі ўжо не адпавядаюць сучасным нарматыўным патрабаванням. Па гэтых прычынах Кіраўнік дзяржавы даручыў рэканструяваць мост. На гэты момант завершаны работы па пераўладкаванню апор і мантажу пралётных збудаванняў, укладцы маставога палатна, добраўпарадкаванню тратуараў і асвятлення, будаўніцтву падыходаў. У выніку правядзення рэканструкцыі моста Шклоў атрымаў надзейную транспартную сетку цераз Днепр, што таксама забяспечвае перспектыву развіцця набярэжнай зоны на правым беразе гэтай ракі і стварае аснову для далейшага сацыяльна-культурнага развіцця Прыдняпроўскага рэгіёну - аднаго з маляўнічых у Беларусі.
Мост цераз Днепр у Шклове - важны і ўжо дзеючы элемент дзяржаўнай праграмы "Дарогі Беларусі на 2006-2015 гады" ў частцы штучных збудаванняў і адна з ключавых састаўных частак развіцця рэспубліканскай транспартнай інфраструктуры.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём Шклоўскага раёна, сустрэўся з прадстаўнікамі працоўных калектываў дарожных арганізацый, якія ўдзельнічалі ў рэканструкцыі моста, і жыхарамі Шклова.
Адной з тэм размовы стала рэалізацыя ў раёне інвестыцыйных праектаў, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы. Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў, што яго пазіцыя нязменная - інвестар, які працуе ў Беларусі, павінен выконваць узятыя на сябе абавязацельствы, а такое супрацоўніцтва павінна быць выгадным як для самога інвестара, так і для дзяржавы. "Наш інтарэс павінен быць захаваны бездакорна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама цікавіўся развіццём у раёне вытворчай сферы, у прыватнасці вытворчасці паперы. Паводле слоў мясцовага кіраўніцтва, завод газетнай паперы працуе стабільна. Паспяхова асвойвае вытворчыя магутнасці і калектыў папяровай фабрыкі "Спартак". У раёне плануюць і ў далейшым развіваць гэты напрамак.
Размова вялася і аб вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, яе далейшай рэалізацыі на ўнутраным і знешнім рынках. "Цяпер усяго хапае. Трэба везці туды, дзе ёсць попыт, і прадаваць даражэй, каб у людзей была нармальная зарплата", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Як далажыў губернатар Магілёўскай вобласці Пётр Руднік, на гэты час сярэдняя зарплата ў вобласці складае больш як Br3,2 млн. Да канца года плануецца яе павысіць да $500 у эквіваленце. У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз папярэдзіў, што рост зарплат абавязкова павінен суправаджацца павышэннем прадукцыйнасці працы і рэнтабельнасці работы прадпрыемстваў. "Шалёных грошай няма, ніхто вам грошы з боку не дасць, тым больш не надрукуе", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы актыўна цікавіўся ў мясцовых жыхароў праблемамі, якія іх хвалююць. Адышоўшы ад запланаванай праграмы, Аляксандр Лукашэнка прайшоў па адной з цэнтральных вуліц Шклова і паразмаўляў з людзьмі, якія сабраліся недалёка ад рэканструяванага моста. Прэзідэнт таксама зайшоў у адзін з мясцовых прадуктовых магазінаў, дзе азнаёміўся з прапанаваным асартыментам тавараў.
Кіраўнік дзяржавы наведаў у Шклоўскім раёне свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"). Адной з цэнтральных падзей свята стала канцэртная праграма майстроў мастацтваў Беларусі, Расіі і Украіны "Славянскі карагод на купальскім свяце".