Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Гомельскую вобласць

    Беларусь да 2015 года павінна поўнасцю забяспечыць сябе алеем і выйсці на вытворчасць не менш як 50 тыс. т гэтай прадукцыі. Такую задачу паставіў 17 жніўня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць.

    Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, краіне неабходна 50 тыс. т алею, каб поўнасцю замяніць імпарт гэтай прадукцыі. "Калі мы можам вырошчваць сланечнік і гэта нам патрэбна, то давайце пашырацца", - сказаў Прэзідэнт. "Трэба выходзіць на вытворчасць 50 тыс. т алею, тым больш гэта рэнтабельна", - дадаў ён.

    Што датычыцца іншых алейных культур, то ў бягучым годзе будзе атрымана каля 20 тыс. т соі, якая ў асноўным выкарыстоўваецца для фуражных мэт. У невялікіх аб'ёмах у Беларусі вырабляецца і льняны алей, праўда, ён не карыстаецца вялікай папулярнасцю ў насельніцтва. У краіне яшчэ вырабляецца рапсавы алей, які добра ідзе на экспарт, але ў беларусаў таксама не мае вялікага попыту.

    Прэзідэнту прадставілі выстаўку прадукцыі, якая вырабляецца прадпрыемствамі алейна-тлушчавай галіны Гомельскай вобласці: шырокі асартымент алею, маянэзу, маргарыну, а таксама мыла. Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі абсталяванне, якое выкарыстоўваецца для ўборкі сланечніку. Цяпер для гэтых мэт выкарыстоўваюцца прыстаўкі да камбайнаў і жняяркі, што закупляюцца ва Украіне. Такое абсталяванне дае магчымасць максімальна мінімізаваць страты пры ўборцы гэтай сельгаскультуры. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, чаму Беларусь не вырабляе іх у сябе. Як адзначыў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, Беларусь мае патрэбу ў невялікай колькасці такіх жняярак, аднак калі ў іх ёсць неабходнасць, то прадпрыемства гатова пачаць іх вытворчасць.

    У 2012 годзе пасяўная плошча сланечніку ў краіне склала амаль 21 тыс. га, пры гэтым амаль усе землі сканцэнтраваны ў Гомельскай вобласці. Вытворчасцю сланечніка займаюцца 185 гаспадарак. У бягучым годзе айчыннымі сартамі (гібрыдамі) засеяна ўсяго 2,2 тыс. га (10% усёй плошчы). У 2013 годзе іх плошчу плануецца павялічыць да 5 тыс. га. Паводле ацэнкі Мінсельгасхарча, чаканы аб'ём вытворчасці алейнага сланечніка складзе каля 30 тыс. т. З гэтага семя плануецца атрымаць 12 тыс. т сырога алею і каля 17 тыс. т шроту. Аднак такіх аб'ёмаў, каб закрыць патрэбы краіны, недастаткова. Для развіцця жывёлагадоўлі Беларусь вымушана будзе закупіць у 2012-2013 гадах неабходную колькасць расліннага бялку ў выглядзе сланечнікавага шроту ў аб'ёме 540,7 тыс. т і соевага - 327,7 тыс. т. Да 2015 года плануецца пашырыць пасяўныя плошчы пад сланечнік да 29 тыс. га.

    Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў большай эфектыўнасці ад вырошчвання сельгаскультур.

    Гаворачы аб Гомельскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на эфектыўнасці вырошчвання збожжавых культур. На думку Прэзідэнта, з тых плошчаў, якія засяваюцца ў гэтым рэгіёне, можна з лёгкасцю збіраць паўтара мільёна тон ураджаю, а за кошт прымянення эфектыўных тэхналогій - і два мільёны тон. Пакуль жа Гомельская вобласць не выходзіць на такія паказчыкі.

    Як адзначыў губернатар Гомельскай вобласці Уладзімір Дворнік, сярод збожжавых культур найбольш выгадна вырошчваць азімыя. Таму ўпор у Гомельскай вобласці, улічваючы яе кліматычныя ўмовы і патэнцыял, неабходна рабіць менавіта на вырошчванні азімых культур, і плошчы пад іх штогод павялічваюцца. Па выніках мінулага года рэнтабельнасць іх вырошчвання склала 6%.

    Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу да канца года вызначыцца з тым, якія культуры найбольш аптымальна вырошчваць менавіта на землях Гомельскай вобласці, каб яны давалі максімальную эфектыўнасць.

    Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў прафесійныя якасці гомельскага губернатара. Прэзідэнт лічыць, што Уладзімір Дворнік можа вывесці вобласць на больш высокія паказчыкі па збору збожжавых культур. "Гомельшчына сёння ў гэтым плане адстае. Хоць па іншых напрамках, такіх як меліярацыя, вырошчванне новых культур, з'яўляецца прыкладам для іншых рэгіёнаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Другім тэматычным блокам рабочага дня Прэзідэнта сталі вытворчасць, перапрацоўка агародніны і грыбоў на аснове выкарыстання мясцовай сыравіны, а таксама пытанні імпартазамяшчэння.

    Рэнтабельнасць прадукцыі, што вырабляецца на адзінай на постсавецкай прасторы вытворчасці грыбоў шыітаке (камбінат "Усход" у Калінкавіцкім раёне), складае больш як 20%.

    Як расказаў дырэктар камбіната "Усход" Дзмітрый Корж, грыбы шыітаке даюць магчымасць вырабляць разнастайную канкурэнтаздольную прадукцыю, у тым ліку кетчупы, соусы, якія карыстаюцца вялікім попытам.

    Тэма вытворчасці, перапрацоўкі агародніны і грыбоў на аснове выкарыстання мясцовай сыравіны, пытанні імпартазамяшчэння былі асноўнымі ў час наведвання Прэзідэнтам камбіната "Усход". Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі вырошчвання, кансервавання грыбоў і агародніны. Яму таксама была прадстаўлена выстаўка кансерваванай агародніннай прадукцыі, што вырабляецца ў Гомельскай вобласці.

    На камбінаце "Усход" вырошчваюць каля 30 назваў агароднінных культур на плошчы 435 га. У гаспадарцы пабудавана сучаснае бульбаагароднінасховішча ёмістасцю 20 тыс. т, якое аснашчана сучаснымі тэхналагічнымі лініямі для дапрацоўкі і перадрэалізацыйнай падрыхтоўкі прадукцыі. Вырашчаныя тут грыбы шыітаке і вешанкі кансервуецца і сушацца. Створана база прамысловай перапрацоўкі 2,5 млн. умоўных бляшанак кансерваў за год. Наладжана таксама перапрацоўка, уключаючы квашанне і саленне. Прадпрыемства арганізавала фірменны гандаль уласнай прадукцыі.

    За 6 месяцаў бягучага года прадпрыемства атрымала Br45,2 млрд. выручкі. Прыбытак склаў Br2,4 млрд., рэнтабельнасць продажаў - 5,3%. Як было даложана Прэзідэнту, у цэлым у краіне для патрэб прамысловай перапрацоўкі нарыхтавана 18,3 тыс. т агародніны, або больш як 38% задання. Што датычыцца вытворчасці грыбоў, яна наладжана ва ўсіх абласцях краіны. У бягучым годзе іх вытворчасць павялічылася. У прыватнасці, за 7 месяцаў вырашчана 1,5 тыc. т грыбоў, у тым ліку ў Гомельскай вобласці 47 т. Што датычыцца лясных грыбоў, то ў мінулым годзе іх было нарыхтавана 7,6 тыс. т, з якіх перапрацавана 3,2 тыс. т, экспартавана 4,1 тыс. т лісічак.

    Павелічэнне аб'ёму вытворчасці грыбоў садзейнічае не толькі пашырэнню асартыменту кансерваванай агародніннай прадукцыі, але і зніжае яе імпарт, павялічвае экспарт, таму пашырэнне прамысловага грыбаводства разглядаецца як важны напрамак развіцця агароднінакансервавай галіны краіны.

    Прэзідэнт Беларусі пазітыўна ацаніў вопыт дзейнасці камбіната "Усход" па вытворчасці і перапрацоўцы агародніны і грыбоў. Ён падкрэсліў, што вопыт гэтага прадпрыемства неабходна распаўсюджваць і ў іншых рэгіёнах краіны, наладжваючы там аналагічным чынам вытворчасць, перапрацоўку, захоўванне і рэалізацыю агародніннай прадукцыі. "Трэба ўсе вобласці арыентаваць на будаўніцтва цэнтраў па захоўванню і перапрацоўцы такой прадукцыі", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

    Пасля наведвання камбіната Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў трэцюю гаспадарку - комплекс па вытворчасці свініны "Даманавічы", які з'яўляецца філіялам ААТ "Калінкавічыхлебапрадукт".

    Тут Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб ходзе выканання яго даручэнняў па рэканструкцыі і тэхнічнаму перааснашчэнню жывёлагадоўчых ферм у Беларусі, Гомельскай вобласці і Калінкавіцкім раёне. Размова ішла таксама ў цэлым аб рабоце жывёлагадоўчай галіны.

    Пытанню мадэрнізацыі і будаўніцтва ферм Кіраўнік дзяржавы ўдзяляе асаблівую ўвагу. Па яго даручэнню ў кожнай гаспадарцы краіны трэба будзе пабудаваць або рэканструяваць па адной малочнатаварнай ферме. Прычым усе яны павінны стаць узорна-паказальнымі, паколькі задачы па вытворчасці малочнай прадукцыі - высокія.

    Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што ніякіх прамежкавых варыянтаў быць не павінна, будаваць трэба адзін раз, а не перарабляць раз за разам. Ні сродкаў, ні часу на гэта няма.

    У цэлым падыходы да рэканструкцыі фермы ў КВС "Даманавічы" Прэзідэнт адобрыў. На новай МТФ абсталяваны асобныя памяшканні для дойнага статка, цялят. Але да выбару спосабу ўтрымання жывёлы Кіраўнік дзяржавы падышоў строга. Замест таго каб забяспечыць максімальны прыток паветра і святла ў жывёлагадоўчым памяшканні, пабудаваць будынак з лёгкіх канструкцый, у "Даманавічах" аддалі перавагу старому спосабу: цяжкія жалезабетонныя перакрыцці, маленькія вокны.

    Аляксандр Лукашэнка выказаў сумненне ў мэтазгоднасці выкарыстання пры будаўніцтве малочнатаварных ферм цяжкіх жалезабетонных канструкцый. "Мы па мінулай суровай зіме праверылі ўжо і зрабілі вывад: жывёла добра адчувае сябе на свежым паветры і пры мінус 25. Ëй патрэбны прыток свежага паветра. Так утрымліваюць жывёлу на Захадзе, у Амерыцы. У часы СССР было памылкай заганяць жывёлу ў жалезабетонныя памяшканні. Мы паставілі задачу перайсці на новыя тэхналогіі. Адыход ад іх недапушчальны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт невыпадкова засяродзіў увагу на гэтым пытанні. Бо пры вызначэнні тыпавых ферм у тым ліку і губернатары, і кіраўніцтва Мінсельгасхарча запэўнівала, што менавіта лёгкія канструкцыі сцен і дахаў для памяшканняў ферм - найбольш аптымальны варыянт. Цяпер жа высветлілася, што пры рэканструкцыі МТФ выкарыстоўваюць і старыя падыходы.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў краіне ўжо даўно вызначыліся з тым, якімі павінны быць новыя фермы - з даільнымі цэхамі, сучаснай сістэмай гноевыдалення і паення жывёлы, цэхамі раздою, а таксама якімі павінны быць самі будынкі. Пазіцыя па тыпавых фермах выпрацоўвалася сумесна і цяпер яе трэба прытрымлівацца.

    У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка зноў нагадаў аб неабходнасці строгага выканання тэхналогій, прычым ва ўсім - як пры вырошчванні, вытворчасці сельгаспрадукцыі, так і пры будаўніцтве жывёлагадоўчых памяшканняў. Павінна быць дыктатура тэхналогій, перакананы Прэзідэнт. Кіраўнікі асабіста будуць несці адказнасць за выкананне тэхналогій, папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт адзначыў, што размова наконт таго, як выконваецца яго даручэнне аб рэканструкцыі або будаўніцтве адной новай фермы ў гаспадарцы, будзе прадоўжана на наступным тыдні.

    Кіраўнік дзяржавы настойліва патрабуе ад кіраўнікоў усіх узроўняў максімальна хутка нарошчваць вытворчасць і пашыраць рынкі збыту сельскагаспадарчай прадукцыі. І гэта думка сёння гучала лейтматывам у ходзе ўсёй рабочай паездкі Прэзідэнта.