Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Брэсцкую вобласць
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка лічыць, што яшчэ ёсць вялікія рэзервы для павышэння эфектыўнасці і культуры земляробства ў краіне, нягледзячы на значныя вынікі, дасягнутыя ў сельскай гаспадарцы за апошнія гады. Такое меркаванне Кіраўнік дзяржавы выказаў 27 ліпеня ў час рабочай паездкі ў Камянецкі раён Брэсцкай вобласці.
Прэзідэнт наведаў СВК "АграНіва", дзе яму далажылі аб ходзе ўборачных работ у Брэсцкай вобласці і рэспубліцы ў цэлым. Прэзідэнт азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёну і арганізацыяй работ па ўборцы збожжавых.
У прыватнасці, гаворачы аб Брэсцкай вобласці, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў рэгіёне зроблена шмат для аднаўлення той культуры земляробства, якая была яшчэ ў савецкія часы. Аднак нягледзячы на тое, што знешні бок работ па арганізацыі сельгасвытворчасці выглядае даволі добра, Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў наяўнасці значных рэзерваў для павышэння эфектыўнасці: "У нас яшчэ вялікія рэзервы ў самой культуры, эфектыўнасці земляробства. Што такое ўраджайнасць 40 ц/га (у Брэсцкай вобласці)? Можна мінімум 50 ц/га атрымаць. Гэта ж вялікая прыбаўка, яшчэ паўмільёна тон. Пры гэтым не трэба дадаткова ні ўзворваць, ні сеяць".
Як далажыў губернатар вобласці Канстанцін Сумар, перад рэгіёнам у бягучым годзе стаіць задача атрымаць мінімум 1,3 млн.т збожжа без уліку кукурузы. "Гэты год для Брэстчыны будзе рэкордны. За ўсю гісторыю рэгіёну не было такога ўраджаю", - адзначыў ён.
Па стану на 27 ліпеня ў Брэсцкай вобласці ўбрана амаль палавіна пасяўных плошчаў збожжавых і зернебабовых культур. Сабрана амаль 640 тыс. т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 39,3 ц/га. У цэлым па рэспубліцы ўбрана каля 580 тыс. га, або 23,8% засеяных плошчаў. Намалочана амаль 2,2 млн. т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 38,2 ц/га.
Лепшая ўраджайнасць у Гродзенскай вобласці - 48,9 ц/га. Пры гэтым асабліва было адзначана, што першы мільён тон быў сабраны практычна за два дні. "Мы некалі 10 дзён збіралі гэты мільён", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Галоўнай задачай у ходзе сёлетняй уборкі ўраджаю Прэзідэнт назваў якасць правядзення работ. "Такое збожжа губляць нельга. Гэта злачынства. Галоўнае пытанне гэтай уборкі - якасць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнту далажылі, што ў цэлым сельгаспрадпрыемствы краіны забяспечаны гаруча-змазачнымі матэрыяламі і маюць дастатковую тэхнічную магчымасць для завяршэння ўборкі ўраджаю ў тэрмін.
Разам з тым пэўная доля крытыкі была выказана адносна будаўніцтва і мадэрнізацыі ў краіне зернесушыльных комплексаў у рамках адпаведнай рэспубліканскай праграмы да 2015 года. Ёсць адставанні па тэмпах рэалізацыі запланаванага.
Акрамя таго, было закранута пытанне максімальна эфектыўнага выкарыстання сельгастэхнікі ў час уборачнай кампаніі, у прыватнасці камбайнаў. Як далажыў Старшыня Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон, пэўныя праблемы застаюцца. Месцамі па рэспубліцы адзначаецца дэфіцыт механізатараў, з-за чаго асобныя камбайны часам прастойваюць.
"Там, дзе не хапае механізатараў, трэба выганяць з работы аж да старшыні райвыканкама і аб'яўляць вымову губернатару, - рэзка адрэагаваў Прэзідэнт. - Камбайн - машына асаблівая. Яна працуе адзін месяц у год. І пастаянна за гэтым камбайнам павінны быць замацаваны 2 механізатары. Аб гэтым трэба думаць не ў момант уборкі або напярэдадні, а круглы год".
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што калі недзе будзе выяўлена, што тэхніка прастойвае з-за галавацяпства, то да адказных за гэта будуць прыменены дысцыплінарныя спагнанні. "І больш не атрымаеце ніводнага камбайна на вобласць. Таму што мы (дзяржава) шмат дапамагаем. А вы іх (камбайны) пад плотам трымаеце", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб тым, што дзяржпадтрымка сельскай гаспадаркі будзе паступова скарачацца: "У будучай пяцігодцы максімум, а то і праз год-два, той дапамогі ад дзяржавы, якую вы маеце, ужо не будзе".
"Сёння гэта праблема ёсць, няхай не масава. У нас у асноўным добрыя новыя камбайны, і яны павінны працаваць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу адказных службовых асоб на тое, што неабходна ўважліва сачыць за якасцю выпускаемай сельгастэхнікі, каб у гэтым плане не ўзнікала ніякіх нараканняў з боку аграрыяў.
Пытанне якасці тым больш важнае, паколькі камбайны і іншая сельгастэхніка актыўна экспартуюцца Беларуссю, і рэспубліка зацікаўлена ў развіцці іх вытворчасці. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў жаданне Беларусі набыць расійскае прадпрыемства "Растсельмаш", якое спецыялізуецца на вытворчасці сельгасмашын.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, гэта пытанне ён абмяркоўваў на нядаўняй сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым. "Я яму сказаў: мы хочам выкупіць у вас "Растсельмаш", у нас добрыя ўзоры, давайце іх даробім, калі трэба, і мы створым у маштабах Саюзнай дзяржавы магутны холдынг па вытворчасці камбайнаў, які будзе выпускаць іх на ўсю прастору", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь гатова гарантаваць якасць выпускаемай тэхнікі. Аляксандр Лукашэнка даручыў яшчэ раз пасля сёлетняй уборачнай кампаніі ацаніць і дапрацаваць, калі гэта неабходна, узоры камбайнаў, якія выпускаюцца ў Беларусі: "Трэба яшчэ раз дапрацаваць тры добрыя ўзоры камбайнаў, якія мы будзем рабіць для палёў з малой, сярэдняй і высокай ураджайнасцю".
"Гэта вельмі важна, і трэба звяртаць увагу на якасць. У адваротным выпадку канкурэнцыі не вытрымаць, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Тое ж самае і па тэхніцы для транспарціроўкі збожжа: МАЗы і г.д. Трэба яшчэ раз паглядзець, дапрацаваць, каб мы маглі прапанаваць. Расія ўсё роўна будзе закупляць вялікую колькасць усяго гэтага".
Як далажыў Кіраўніку дзяржавы выконваючы абавязкі Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч, у бліжэйшыя гады ў Беларусі неабходна карэнным чынам змяніць структуру парку камбайнаў, што ў тым ліку звязана з павелічэннем ураджайнасці. У выніку тэрміны ўборкі збожжавых па краіне павінны скараціцца з цяперашніх 22 дзён да 15 дзён. Гэта дасць магчымасць не толькі захаваць ураджай, але і сэканоміць значныя сродкі на гаруча-змазачных матэрыялах, камплектуючых і ў цэлым павысіць эфектыўнасць сельгасвытворчасці.
Яшчэ адна тэма, якая абмяркоўвалася ў сельскай гаспадарцы, - экспарт сельгаспрадукцыі, які ў 2012 годзе павінен скласці амаль $5 млрд. "У гэтым годзе ад экспарту сельгаспрадукцыі мы атрымаем $4,7-4,8 млрд.", - далажыў віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, адзначыўшы, што попыт на беларускія прадукты даволі высокі.
"Пяць мільярдаў - гэта вельмі добрая псіхалагічная мяжа. Нам трэба мець $5 млрд.", - сказаў Прэзідэнт.
У бягучым годзе ў беларускіх аграрыяў вельмі добрыя разлікі на ўраджай па большасці сельгаскультур. Гэта дасць магчымасць у поўнай ступені забяспечыць патрэбнасці краіны ў асноўных відах сельгаспрадукцыі, але таксама паставіць значныя яе аб'ёмы на экспарт.
У прыватнасці, размова ішла аб добрым ураджаі піваварнага ячменю. "Трэба піваварнага ячменю па максімуму нарыхтаваць. Не заўсёды будзе такое надвор'е. Піваварны ячмень трэба купіць увесь. У крайнім выпадку перапрацуем і соладам прададзім, але ў сялян трэба купіць тое, што яны па піваварнаму ячменю нарыхтавалі", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.
Таксама ў гэтым годзе ў Беларусі высокі ўраджай рапсу. Як праінфармаваў выконваючы абавязкі Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, гэтай культуры ўжо сабрана ў 2,5 раза больш, чым у 2011 годзе, ёсць магчымасць паставак на экспарт па добрай цане. У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць належнай арганізацыі перапрацоўкі рапсу: "Рапс, перапрацаваны ў краіне, - гэта кармы, алей, дабаўленая вартасць, падаткі, рабочыя месцы". У цэлым адносна вырошчвання ў рэспубліцы гэтай сельгаскультуры Прэзідэнт адзначыў: "Па рапсу мы ў гэтым годзе тэхналогію зразумелі, аб'ёмы таксама ведаем".
Яшчэ адзін від прадукцыі, якую Беларусь можа выгадна паставіць на экспарт, - грэчка. "Грэчкі ў гэтым годзе не хапае, асабліва ў Расіі. У вас ёсць куды прадаваць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да адказных чыноўнікаў.
Такім чынам, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці і рэнтабельнасці не толькі ў сельскай гаспадарцы, але і іншых сферах павінна стаць залогам стабільнага росту даходаў насельніцтва. Аляксандр Лукашэнка лічыць сярэднюю зарплату $500 да канца 2012 года рэальна дасягальнай.
"Напружвайце ўсіх. Кіраўнікі, якія не выконваюць паказчыкаў па прадукцыйнасці, па збыту прадукцыі і росту зарплаты, працаваць не павінны на канец года, - сказаў Прэзідэнт. - Мы можам гэта (дасягнуць сярэдняй заплаты $500) зрабіць".
Другой тэмай рабочага дня Прэзідэнта стала завяршэнне будаўніцтва аўтамабільнай дарогі ў абход тэрыторыі Нацыянальнага парку "Белавежская пушча" і развіццё ў гэтым рэгіёне турыстычнай інфраструктуры.
Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні дадзенага ім у 2009 годзе даручэння па будаўніцтву гэтай аўтадарогі. Яе працягласць складае 200 км. Абход пачынаецца ў вёсцы Пясчатка Брэсцкай вобласці і завяршаецца каля горада Свіслач Гродзенскай вобласці. Пры будаўніцтве трасы максімальна выкарыстоўвалася існуючая аўтадарожная сетка (116 км мясцовых і рэспубліканскіх дарог). На працягу 82 км дарога створана па новым напрамку. Траса перасякае 12 населеных пунктаў, абыходзячы 41. Улічваючы размяшчэнне гэтай аўтадарогі, пры яе будаўніцтве асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, пабудаваны падземныя пераходы для дзікіх жывёл.
Як адзначыў Прэзідэнт, гэта пілотны праект. "Нам трэба ў кожнай вобласці мець такі вузел. Вось прыехаў чалавек, праехаў, дзе захацеў - спыніўся, падыхаў чыстым паветрам. Але ўжо ёсць вузел вакол Белавежскай пушчы. У Віцебскай вобласці шмат такіх турыстычных мясцін. Трэба замыкаць іх у кальцо і так пачынаць працаваць. Тое ж і ў іншых абласцях. У Мінскай вобласці 2-3 такія вузлы павінны быць, не лічачы Мінска. Вось калі мы такія "кулакі" створым, тады ў перспектыве і грошы добрыя зможам узяць", - лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Трэба стварыць сем моцных турыстычных "кулакоў" у Беларусі, а не проста размаўляць", - дадаў Прэзідэнт. Ён таксама лічыць, што грошы, укладзеныя сёння ў стварэнне турыстычнай інфраструктуры, хутка акупяцца.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што аб'язная дарога вакол Белавежскай пушчы ў перспектыве будзе вельмі запатрабавана. "Сёння галоўны дэфіцыт у свеце - пітная вада і паветра. З цягам часу, а гэта ўжо цяпер адчуваецца, разумныя людзі, якія хочуць даўжэй жыць, будуць прыязджаць сюды не толькі для таго, каб чыстай пітной вады папіць, але і каб падыхаць свежым паветрам. Вада і паветра - галоўныя састаўныя часткі здароўя. Рана ці позна пушча будзе вельмі запатрабавана, але мы не будзем гатовы. Таму гэта дарога - дарога жыцця, калі хочаце, гэта будучае. Таму тут мы павінны стварыць зону адпачынку. І гэта грошы. І наогул, дарога ніколі нікому яшчэ лішняй не была. Гэта я хачу сказаць тым людзям, якія не разумеюць, навошта мы аднавілі, а дзе-нідзе і пабудавалі новую дарогу ў гэтым пушчанскім кальцы", - сказаў Прэзідэнт.
Цяпер вядзецца работа па прыцягненню інвестараў да стварэння ўздоўж гэтай трасы аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, а таксама турыстычнай інфраструктуры. Як расказаў губернатар Брэсцкай вобласці Канстанцін Сумар, у прылеглых да аб'язной дарогі населеных пунктах беларускімі грамадзянамі ўжо актыўна скупляюцца пустуючыя дамы. Паводле яго слоў, аўтадарога дала новае жыццё вёскам, якія знаходзяцца побач. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што такім чынам можна захаваць неперспектыўныя вёскі, праклаўшы да іх дарогі ад гэтай аб'язной. Што датычыцца прыдарожнай інфраструктуры, то, на думку Прэзідэнта, большую ўвагу неабходна ўдзяліць развіццю сэрвісных аб'ектаў у райцэнтрах або аграгарадках. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі буйныя населеныя пункты падзяляе невялікая адлегласць, а таму любы падарожнік можа, заехаўшы ў іх, атрымаць большы комплекс паслуг.
Аляксандр Лукашэнка наведаў базу адпачынку ТАА "Без Праблем", размешчаную ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці паблізу вёскі Пясчатка. Будаўніцтва аўтадарожнага абходу вакол Белавежскай пушчы актывізавала ўкладанне інвестыцый у развіццё інфраструктуры гэтай базы адпачынку. Тут пабудаваны два жылыя корпусы, кафэ, ёсць пляцоўкі для гульні ў пейнтбол, міні-футбол, валейбол, сажалка. У мінулым годзе базу адпачынку наведала амаль 1 тыс. чалавек, а за паўгода 2012 - у два разы больш. Дырэктар базы адпачынку разлічвае, што ў бягучым годзе тут адпачне ў 4-5 разоў больш людзей, чым у мінулым, а з будаўніцтвам побач пагранпераходу, база адпачынку можа стаць вельмі запатрабаваная як у грамадзян сумежных краін, так і тых, хто праязджае праз Беларусь транзітам.
Прэзідэнт азнаёміўся з інфраструктурай базы адпачынку, агледзеў кафэ, гасцініцу і ў цэлым застаўся задаволены ўбачаным.