Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з рабочай паездкай у Магілёўскай вобласці

    Да канца 2013 года ўсе сельскія будаўнічыя арганізацыі ў Беларусі павінны працаваць на ўзроўні і з эфектыўнасцю Круглянскай ПМК № 266. Вопыт яе работы, у тым ліку ў якасці горадаўтваральнага прадпрыемства, павінен стаць узорам для аналагічных прадпрыемстваў краіны. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 25 красавіка, наведваючы Круглянскую ПМК № 266 у час двухдзённай рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць.

    Першы дзень рабочай паездкі па рэгіёнах Беларусі ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта былі пытанні развіцця сельскіх будаўнічых арганізацый, малых і сярэдніх населеных пунктаў з падтрымкай горадаўтваральных прадпрыемстваў, рэалізацыі ў Беларусі інвестыцыйных праектаў замежным бізнесам, развіцця кандытарскай галіны, выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы па рэканструкцыі або будаўніцтве малочнатаварных ферм у кожнай гаспадарцы краіны.

    Прэзідэнт паставіў задачу вызначыць у кожным рэгіёне адно горадаўтваральнае прадпрыемства, на базе якога будуць стварацца невялікія спадарожныя вытворчасці тавараў і паслуг для садзейнічання паляпшэнню ўмоў жыцця і быту людзей у рэгіёнах. Гэтыя горадаўтваральныя прадпрыемствы таксама павінны актыўна ўдзельнічаць у развіцці і падтрымцы сацыяльнай сферы ў канкрэтным населеным пункце.

    Першы дзень рабочай паездкі Кіраўнік дзяржавы пачаў з наведвання гарадскога пасёлка Круглае. Прэзідэнт азнаёміўся з рэалізацыяй праграмы развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў.

    У развіццё і ўмацаванне сацыяльнай базы райцэнтра актыўна ўкладае ўласныя сродкі Круглянская перасовачная механізаваная калона № 266. Названае прадпрыемства займаецца будаўніцтвам аб'ектаў жыллёвага, культурна-бытавога, вытворчага і сельскагаспадарчага прызначэння. Акрамя дзеючых цэнтраў паслуг, гандлю і забаўляльнага цэнтра, у мінулым годзе ў райцэнтры адкрыты гандлёва-гасцінічны комплекс з рэстаранам, магазінам, барам, саўнай, боўлінг- і дыскаклубамі, залай ЗАГСа, тэнісным кортам і лядовай пляцоўкай, цэнтрам умацавання здароўя з шырокім спектрам лячэбна-аздараўленчых паслуг. Аб'ём тавараабароту і платных паслуг па аб'ектах невытворчай сферы склаў больш як Br25 млрд. У 2012 годзе ўведзены ў эксплуатацыю кандытарскі цэх, наладжаны выпуск хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў.

    Кіраўнік дзяржавы пазітыўна ацаніў вопыт работы прадпрыемства па будаўніцтве аб'ектаў вытворчага і сацыяльнага прызначэння, добраўпарадкаванню гарадскога пасёлка Круглае.

    Прэзідэнт лічыць, што ўсе ПМК у краіне павінны пераняць вопыт круглянскіх калег па эфектыўнасці работы, дыферэнцыяцыі вытворчасці і сацыяльнай нагрузцы. "Гэты вопыт з падтрымкай сацыяльнай сферы трэба пераносіць на іншыя раёны. Так павінны працаваць усе будаўнічыя і іншыя арганізацыі ў райцэнтрах, якія з'яўляюцца горадаўтваральнымі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    "У кожным раёне неабходна вызначыцца, каб горадаўтваральная арганізацыя развівала не толькі сваю вытворчасць, але і сацыяльную сферу. Я паўтараць не буду: паўтара года - і каб так было ва ўсіх раёнах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў тэму навядзення парадку на зямлі. Прэзідэнт расказаў, што, пад'язджаючы да гарадскога пасёлка Круглае, бачыў не прыведзеныя ў парадак вёскі. "Трэба прымусіць усіх навесці парадак! Усё прывесці ў парадак: і горад, і вёску, тое ж датычыцца і прадпрыемстваў", - сказаў ён.

    "Калі насельніцтва не разумее, што трэба наводзіць парадак на сваім участку і не кідаць смецце, як гэта некалі было, за плот на калгаснае поле, калі гэтага хтосьці не разумее, дык я сказаў: гэта вясна - тэрмін, павінен быць парадак", - адзначыў Прэзідэнт.

    Пры гэтым ён асабліва звярнуў увагу на тое, што мясцовыя ўлады не павінны ствараць грамадзянам перашкоды пры іх прыбіранні на асабістых участках, ствараючы розныя прадпісанні. "Не перашкаджайце людзям наводзіць парадак на зямлі. Не трэба людзям забараняць спальваць смецце на сваім падворку. Вызначце дзень, калі хочаце, калі яны могуць гэта рабіць. Усё жыццё людзі спальвалі ў сябе ў дварах старыя рэчы, галлё. Не, МНС забараніла, ходзяць па вёсцы, сочаць, не даюць людзям навесці парадак. Ну што гэта за глупства такое?! Таму па ўсёй краіне не перашкаджайце людзям", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу мясцовых улад на неабходнацсь навядзення парадку ў неперспектыўных вёсках. "Трэба развіваць цэнтральныя сядзібы. Маленькія вёсачкі таксама трэба прыводзіць у парадак, асабліва тыя, якія размешчаны побач з аўтатрасамі", - сказаў Прэзідэнт."Будзе ў вёсках парадак, будзе ўвага да іх з боку мясцовых улад, тады і дзеці, унукі старых пацягнуцца ў гэтыя вёскі", - лічыць Прэзідэнт.

    Яшчэ адной важнай тэмай рабочай паездкі Прэзідэнта стала рэалізацыя праектаў у рэгіёнах Магілёўскай вобласці з прыцягненнем прамых замежных інвестыцый. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка наведаў кандытарскую фабрыку СТАА "Прайд-Юніён", дзе наладжана вытворчасць па самых сучасных тэхналогіях. Гэта новае прадпрыемства, якое будуецца за кошт замежнага капіталу (прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове склалі $1,73 млн.). Пры запуску першай чаргі на прадпрыемстве будзе занята 60 чалавек (цяпер - 28), а ў перспектыве плануецца задзейнічаць тут 200 чалавек.

    Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што мясцовыя ўлады павінны ствараць умовы інвестарам для арганізацыі новых вытворчасцей. "Не аб прыватызацыі трэба крычаць, а даваць магчымасць інвестарам ствараць тут новыя вытворчасці", - сказаў Прэзідэнт. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, сюды прыйдуць людзі і будуць працаваць. Галоўнае – не перашкаджаць ім, а дапамагаць. "Такія прыватнікі не падманваюць. Уклаўшы свае грошы, яны будуць працаваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт станоўча ацаніў вопыт расійскага інвестара і сказаў, што калі будзе жаданне пабудаваць аналагічнае прадпрыемства ў іншых рэгіёнах краіны, то дзяржава дапаможа ў гэтым.

    Яшчэ адным аб'ектам, які наведаў 25 красавіка Прэзідэнт, стала МТФ "Елькаўшчына" СВК "Круглянскі Рассвет". Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з тэхналагічным цыклам утрымання жывёлы на рэканструяванай і новай фермах.

    МТФ "Елькаўшчына" была ўведзена ў эксплуатацыю ў студзені 2012 года. Пры яе будаўніцтве асвоена Br36 млрд. інвестыцый. Ферма разлічана на ўтрыманне 768 галоў кароў. З пачатку года тут атрымана 185 т малака. Рэалізавана малака гатунку "экстра" і вышэйшага 95% ад агульнага аб'ёму продажаў. Рэнтабельнасць продажаў склала 31,3%.

    Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі, як выконваюцца яго даручэнні па рэканструкцыі і тэхнічным перааснашчэнні малочнатаварных ферм за кошт уласных сродкаў, а таксама аб выніках работы жывёлагадоўчай галіны ў Магілёўскай вобласці і Круглянскім раёне з пачатку 2012 года і пераходзе на летняпашавае ўтрыманне жывёлы.

    Як было даложана Прэзідэнту, у Магілёўскай вобласці за тры гады плануецца рэканструяваць 162 аб'екты.

    Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на няўхільнасць выканання даручэння аб тым, што да канца бягучага года ў кожнай гаспадарцы павінна быць рэканструявана або пабудавана адна паўнацэнная ферма. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гаспадаркі могуць гэта зрабіць. "Мы дамовіліся: якім хочаце спосабам будуйце, але да канца года павінна быць адна ферма на гаспадарку", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што выключэнняў не будзе зроблена ні для адной вобласці, у тым ліку Магілёўскай. "Калі магілёўскі метад супадае з іншымі рэгіёнамі, то добра, калі тут плануюць зрабіць толькі палавіну ад пастаўленай задачы, то гэта не падыдзе", - сказаў Прэзідэнт.

    "У нас ёсць спіс ферм, якія мы павінны мадэрнізаваць. Будзе яна вырастаць са старой або на яе месцы пабудуюць новую - гэта справа кожнай гаспадаркі. Пра грошы мне не гаварыце - гэта не мой клопат", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Як было даложана Прэзідэнту, гаспадаркі шукаюць розныя шляхі патаннення будаўніцтва ферм. Так, у прыватнасці, у летні перыяд плануецца прыцягваць да будаўніцтва ферм студэнцкія будаўнічыя атрады.

    "Вы гэта робіце не для справаздачы перад Прэзідэнтам, а для сябе. Таму трэба прыкласці максімум намаганняў. За гэта даручэнне патрабаванне будзе строгае, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі мы гэта зробім, гэта будзе прарыў, па значнасці гэта будзе другое, што мы зробім у сельскай гаспадарцы".