Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад Старшыні СК Валерыя Вакульчыка
Аб выніках работы Следчага камітэта за І квартал 2012 года Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку 9 красавіка далажыў Старшыня СК Валерый Вакульчык.
Аляксандру Лукашэнку даложана аб праблемных пытаннях, выяўленых у рабоце Следчага камітэта як адзінага органа папярэдняга расследавання ў краіне з першых дзён яго дзейнасці, арганізацыі дасудовага вядзення па крымінальных справах.
Фарміраванне Следчага камітэта завершана, і гэта структура пачала працаваць у поўным аб'ёме. "Сітуацыя мяне пераконвае ў тым, што мы не памыліліся ў фарміраванні незалежных следчых груп у абласцях, міжраённых, раённых следчых падраздзяленняў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць рашуча выкараняць любыя факты фармалізму ў рабоце следчых структур.
Як далажыў Валерый Вакульчык, Следчым камітэтам выконваюцца ўсе пастаўленыя Кіраўніком дзяржавы задачы. Павышаецца якасць расследавання крымінальных спраў, выключаюцца магчымасці неабгрунтаванага прыцягнення да крымінальнай адказнасці.
Паводле слоў Старшыні Следчага камітэта, аб якасці следства можа сведчыць тое, што за I квартал не было ніводнага апраўдальнага прыгавору па крымінальных справах, якія былі накіраваны ў суд следчымі камітэта. "Разам з тым мы разумеем, што гэта не прычына для самазаспакаення", - адзначыў Валерый Вакульчык.
Следчымі Следчага камітэта вернута органам дазнання толькі па лініі барацьбы з карупцыяй больш як 200 матэрыялаў, прадстаўленых СК для прыняцця рашэння аб узбуджэнні крымінальных спраў. З-за адсутнасці падстаў або недастатковасці прад'яўленых доказаў такія рашэнні не былі прыняты, а матэрыялы былі вернуты органам дазнання для правядзення дадатковага расследавання.
Яшчэ адзін паказчык, які характарызуе якасць следства па крымінальных справах, - гэта зніжэнне за I квартал 2012 года ў 2,5 раза колькасці адмененых пракурорамі рашэнняў следчых аб узбуджэнні крымінальных спраў. Разам з тым, у гэтым пытанні станоўча паказалі сябе і кіраўнікі следчых і працэсуальна-кантрольных падраздзяленняў Следчага камітэта: 77 неабгрунтаваных рашэнняў следчых аб узбуджэнні крымінальных спраў былі адменены, столькі ж было накіравана хадайніцтваў пракурорам для адмены неабгрунтаваных рашэнняў органаў дазнання аб узбуджэнні крымінальных спраў.
Паводле інфармацыі Следчага камітэта, за І квартал бягучага года адзначаецца агульнае зніжэнне злачыннасці ў параўнанні з мінулым. Амаль на чвэрць знізілася колькасць забойстваў і асабліва цяжкіх злачынстваў, больш як на трэць зменшылася колькасць разбойных нападаў. У той жа час адбыўся некаторы рост колькасці крадзяжоў.
Прэзідэнт паставіў задачу Следчаму камітэту сумесна з Генеральнай пракуратурай прыняць вычарпальныя меры для таго, каб у сціслыя тэрміны забяспечыць якасць уліку злачынстваў і крымінальных спраў, з тым каб гэта адлюстроўвала рэальную карціну, не скажала рэальны стан спраў і садзейнічала эфектыўнасці работы праваахоўных органаў у справе барацьбы са злачыннасцю.
Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў безумоўнага выканання ўсіх патрабаванняў крымінальна-працэсуальнага заканадаўства ў частцы, якая датычыцца расследавання крымінальных спраў, "каб людзі ведалі і разумелі, што Следчы камітэт створаны і існуе для таго, каб забяспечыць абарону правоў і інтарэсаў кожнага грамадзяніна паасобку і грамадства ў цэлым".