Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад аб бягучай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў выхадзе даходаў насельніцтва на дакрызісны ўзровень. Аб гэтым ён заявіў 9 лютага на нарадзе аб бягучай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне.

    Перад нарадай Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з Прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам, які далажыў аб асноўных выніках і напрамках дзейнасці. "Яны адпавядаюць таму, што мы запланавалі ў мінулым годзе, вынікі нават крыху лепшыя, чым мы спадзяваліся", - сказаў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па дынаміцы развіцця ў бліжэйшыя месяцы будзе відаць, наколькі глыбока і прынцыпова Урадам прааналізавана сітуацыя ў краіне і якія меры выпрацаваны.

    Аднак, на думку Прэзідэнта, ужо цяпер асаблівай увагі патрабуе праблема росту цэн, сітуацыя з заработнай платай, дапамогамі, пенсіямі, стыпендыямі і своечасовасцю іх выплаты.

    "Прэм’ер-міністр мне дакладваў і аб росце цэн, і аб росце зарплаты на асноўных прадпрыемствах. Я зрабіў заўвагу і акцэнтаваў увагу Урада на тым, што, вядома ж, нам трэба выходзіць на дакрызісны ўзровень, і ў гэтым сумненняў няма абсалютна - мы выйдзем на гэты дакрызісны ўзровень даходаў насельніцтва", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    У той жа час Аляксандр Лукашэнка выказаў занепакоенасць вялікім разрывам у зарплатах на буйных прадпрыемствах. "Мяне, наадварот, непакоіць вялікі разрыў у заработнай плаце на асноўных буйных экспартаарыентаваных прадпрыемствах: ад $800 у сярэднім на Беларускім металургічным заводзе, нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах да $480 на "Кераміне" і г.д. Гэта значыць амаль у два разы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    "Калі гэтыя грошы зароблены, калі прадпрыемствы спраўляюцца са сваімі планамі развіцця, не толькі спажывання - бог з імі, няхай плацяць хоць па тысячы долараў, хоць па дзве. Але калі прадпрыемствы не маюць дастатковай рэнтабельнасці ад сваёй дзейнасці, калі прадпрыемствы сёння сядзяць на крэдытах, то гэта не заработная плата", - падкрэсліў Прэзідэнт. "Так, трэба павышаць зарплаты. У нас у цэлым невысокія даходы насельніцтва, асабліва ў супрацоўнікаў бюджэтнай сферы. Але гэтыя грошы павінны быць зароблены. Не трэба забываць аб уроках нядаўняга фінансавага крызісу", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт звярнуў увагу таксама на ўсё яшчэ актуальную праблему росту цэн. "Нягледзячы на тое, што Урад адной з галоўных задач ставіць барацьбу з інфляцыяй, па выніках першага месяца 2012 года мы бачым інфляцыю каля 2%. Няхай 0,9% інфляцыі далі алкаголь і тытунь - гэта не так страшна. Дарэчы, узровень гэтых цэн у нас ніжэйшы, чым у сярэднім па СНД. Такім чынам, у нас 1% фактычна без іх інфляцыя. Гэта нядрэнна" - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

    "Але трэба бачыць і тое, што ў нас за студзень у параўнанні са снежнем прыкладна на 2-2,2% падаражэлі ў цэлым прадукты харчавання", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён адзначыў прыкметную розніцу цэн у рэгіянальным разрэзе. Так, у Брэсцкай вобласці цэны на малако знізіліся на 0,3%, а Гомельскай - узраслі на 5%. Калі бульба ў цэлым па краіне падаражэла на 3,5%, то ў Магілёўскай вобласці - амаль на 6%. "І па іншых пазіцыях мы бачым тое ж самае. У чым справа?" - звярнуўся Прэзідэнт да прысутных.

    "Калі гэтак і ў далейшым будуць расці цэны, я баюся, што мы можам не выканаць запланаваны ўзровень інфляцыі - 19%. Мы паставілі задачу - 19-20%, а думаем аб 13-15%, бо гэта было б лепей. Таму давайце не будзем выпускаць гэта пытанне з поля зроку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што ў мінулым годзе цэны на харчовыя тавары ўзраслі амаль у 2,5 раза і зарплата за гэты перыяд зменшылася амаль на чвэрць.

    Аляксандр Лукашэнка абазначыў яшчэ адну тэму гэтай нарады - вырашэнне бягучых праблем, выкліканых анамальнымі ўмовамі надвор'я. "Гэта пытанні жыццёвыя. Але, як вы разумееце, з пазіцыі простага чалавека яны з'яўляюцца вызначальнымі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    У сувязі з гэтым Прэзідэнт упамянуў пра выбух у Лагойскім раёне. "І галавацяпства ў краіне дастаткова. Прыкладам таго з'яўляецца выбух у Лагойскім раёне, у выніку якога знішчаны цэлы пад'езд, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Паводле інфармацыі Следчага камітэта, гэта абсалютна не мае ніякага дачынення да надвор'я. Хутчэй за ўсё, гэта галавацяпства тых людзей, якія за гэта павінны адказваць. Газ - гэта сур'ёзная рэч. Зачынена там была кватэра, не зачынена, быў пах газу, не было паху газу, ёсць сігнал - трэба было рэагаваць, як належыць".

    Прэзідэнт падкрэсліў, што вінаватыя адкажуць па ўсёй строгасці закону.

    Кіраўнік дзяржавы выказаў занепакоенасць, як у цяперашніх умовах надвор’я функцыянуюць прамысловыя прадпрыемствы, асабліва ў малых гарадах і пасёлках, працуюць жывёлагадоўчыя фермы, комплексы, як ідзе зімоўка жывёл, ці забяспечана дастаўка кармоў і вываз прадукцыі, а таксама як выконваецца даручэнне аб рэканструкцыі малочнатаварных ферм у гаспадарках за ўласныя сродкі. Ён нагадаў, што ў бягучым годзе павінны быць уведзены ў строй і рэканструяваны 1,2 тыс. ферм за ўласныя сродкі гаспадарак, а гэта будзе прарывам у малочнай галіне.

    Як далажыў Прэм’ер-міністр, бюджэтна-фінансавая сістэма Беларусі працуе з прафіцытам, прыток валюты перавышае яе адток. Запаволены рост цэн. Стабільны валютны і дэпазітны рынак, зацверджаны ўсе планавыя заданні і крыніцы фінансавання. Нявырашаных пытанняў прынцыповага характару няма", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

    Сельскагаспадарчая галіна развіваецца ўстойліва. Урэгулявана пытанне набыцця гаруча-змазачных матэрыялаў і ўгнаенняў пад поўную патрэбнасць. Зацверджаны праграмы па будаўніцтве 105 новых малочнатаварных ферм, для мадэрнізацыі дзеючых прыняты рашэнні па патанненні асноўных будаўнічых матэрыялаў на 10%, максімальна спрошчаны разгляд і ўзгадненне праектна-каштарыснай дакументацыі.

    У студзені, нягледзячы на моцныя маразы, надоі малака па краіне не знізіліся, адзначаецца рост валавой вытворчасці гэтага прадукту.

    Паводле аператыўных даных, стан пасеваў азімых культур здавальняючы. Снежнае покрыва па рэспубліцы складае ад 20 да 70 см. Таксама забяспечана захаванасць бульбы і агародніны.

    Тэмп росту вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў студзені 2012 года, паводле папярэдняй інфармацыі, складае 106,3% пры прагнозе 104-105%, праінфармаваў Прэм’ер-міністр.

    Па выніках 2011 года прадпрыемствы Мінпрама атрымалі прыбытак у эквіваленце $1,3 млрд. супраць $460 млн. у 2010 годзе. Нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць стабільна. "На буйных экспартаарыентаваных вытворчасцях у студзені пакупная здольнасць зарплат практычна адноўлена да ўзроўню 2010 года. Гэты ўзровень абгрунтаваны і ў асноўным дасягнуты за кошт прыросту прадукцыйнасці працы", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

    Паводле слоў Прэм’ер-міністра, у праграме развіцця прамысловасці, якую распрацоўвае Урад, прадугледжваюцца шляхі вырашэння адносна так званых праблемных прадпрыемстваў. "Штучна па слабых прадпрыемствах нарошчваць зарплату нельга", - лічыць Міхаіл Мясніковіч. Таму выканкамы сумесна з міністэрствамі ў кожным канкрэтным выпадку прымаюць рашэнне зыходзячы з рэальнай сітуацыі.

    Што датычыцца будаўнічай сферы, то Урадам зацверджаны пааб’ектны пералік будуемых жылых дамоў з цэнтралізаванай ільготнай крэдытнай падтрымкай. На гэтыя мэты накіроўваецца Br7,5 трлн. За студзень на жыллё і інфраструктуру накіравана Br488 млрд. "Крэдытаванне ідзе па графіку ў зацверджаных аб’ёмах. Аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам максімум да 20 лютага ўдакладняюць спісы грамадзян, якія маюць права на падтрымку дзяржавы па крытэрыях, вызначаных Указам № 13. Усе заключаныя на момант прыняцця Указа крэдытныя дагаворы будуць выкананы на раней дзеючых умовах", - расказаў Міхаіл Мясніковіч.

    Сітуацыя на спажывецкім рынку таксама стабільная. Зніжэння тавараабароту па выніках студзеня не чакаецца, што сведчыць аб аднаўленні пакупной здольнасці насельніцтва. "Для процідзеяння спекуляцыі на ўнутраным рынку на разгляд Кіраўніка дзяржавы ўнесены праект Указа па антыманапольных мерах. За выяўленуюзмову і неабгрунтаваны рост цэн прапануецца ўвесці строгія меры адказнасці", - праінфармаваў Прэм’ер-міністр.

    Ëн падкрэсліў, што ў анамальных умовах надвор’я гандлёвыя арганізацыі краіны працуюць штатна, фактаў збою графікаў работы аўтамагазінаў і завозу тавараў у сельскую гандлёвую сетку практычна няма. У дастатковай колькасці ў продажы ёсць цёплае адзенне і абутак, абагравальнікі і іншыя сезонныя тавары.

    У цэлым народная гаспадарка ў 2012 годзе стартавала дынамічна. Даходы рэспубліканскага бюджэту ў студзені 2012 года склалі Br6,4 трлн., або 7% ад плана, што адпавядае паказчыку студзеня 2011 года. Пры выкананні ўсіх абавязацельстваў у поўным аб’ёме забяспечаны прафіцыт рэспубліканскага бюджэту ў памеры Br0,4 трлн. за студзень.

    Рытмічна працуюць усе сферы жыццезабеспячэння. Краіна вытрымала выпрабаванне анамальнымі тэмпературамі ў тым ліку ў параўнанні з аналагічнымі ўмовамі надвор’я ў 2006 годзе. Колькасць усіх відаў надзвычайных сітуацый знізілася. "Факты гібелі людзей на пажарах і ад пераахаладжэння ў пераважнай большасці звязаны з нядбайнасцю, невыкананнем элементарных норм бяспекі і алкагольным ап’яненнем", - канстатаваў Прэм’ер-міністр.

    Галоўнае, адзначыў ён, не дапушчана буйных аварый у вялікай энергетыцы ва ўмовах, калі планавы імпарт электраэнергіі з Украіны часова прыпынены. "Мы змаглі забяспечыць пікавы попыт нават у гэтай сітуацыі", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

    Ëн праінфармаваў, што прыродны газ паступае ва ўзгодненых аб’ёмах: "Сёння гэта 85 млн. куб.м. за суткі. З іх 75 млн. па трубе і 10 млн. са сховішчаў. У пік халадоў аб’ём газу даходзіў да 95-98 млн. куб.м ад "Белтрансгаза".

    Пры зніжэнні тэмпературы ніжэй за мінус 25 градусаў было рэкамендавана спыняць заняткі ў школах і наведванне дзіцячых дашкольных устаноў. Паводле рашэння выканкамаў прыпынялася работа больш як 2,1 тыс. устаноў агульнай адукацыі. Цяпер усе школы працуюць у штатным рэжыме, адзначыў Прэм’ер-міністр.

    Акрамя таго, медыцынскія і сацыяльныя работнікі наведвалі адзінокіх пажылых людзей дома. Для бяздомных грамадзян былі бясплатна выдзелены цёплае адзенне, абутак, прадукты харчавання, прыняты меры па іх перамяшчэнні ў месцы часовага знаходжання.

    "Чарговы пік пахаладання да 25-30 градусаў марозу чакаецца ў бліжэйшыя выхадныя. Неабходная работа арганізавана. Кожны ведае, што і як рабіць у гэтай надзвычайнай сітуацыі", - дадаў Міхаіл Мясніковіч.

    Памочнік Прэзідэнта Сяргей Ткачоў звярнуў увагу на такую праблему, як працэнтная палітыка ў банкаўскай сферы і дарагія крэдытныя рэсурсы. Таксама, на яго думку, неабходна вырашыць шэраг пытанняў у рабоце будаўнічай галіны. Тут значныя ваганні ад рэгіёну да рэгіёну ў памерах заработнай платы, адзначаецца адток работнікаў. Акрамя таго, у малых гарадах і пасёлках ёсць прадпрыемствы з нізкай заработнай платай. "Неабходна думаць аб тым, што рабіць з гэтымі прадпрыемствамі, як даць магчымасць людзям зарабіць", - сказаў Сяргей Ткачоў.

    "Што датычыцца працэнтнай стаўкі па крэдытах і стаўкі рэфінансавання, мы працуем у цесным кантакце з Нацыянальным банкам. Тут трэба глядзець усе састаўныя часткі, каб не было адтоку ўкладаў насельніцтва. На працягу апошніх двух месяцаў штодзень адзначаецца прырост укладаў як валютных, так і рублёвых. Такім чынам, дэпазітная палітыка з’яўляецца прывабнай", - сказаў Прэм’ер-міністр.

    Пры гэтым ён адзначыў, што ў бюджэце адшукваюцца сродкі, каб рабіць крэдыты таннейшымі, але толькі для асобных катэгорый грамадзян. "Гэтымі днямі Нацыянальны банк знізіць на некалькі працэнтных пунктаў стаўку рэфінансавання. Гэта работа будзе прадаўжацца, але яна будзе ісці вельмі ўзважана, каб не дапусціць парушэння балансу на валютным рынку краіны", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

    Наконт шэрагу праблемных пытанняў у будаўнічай сферы ён запэўніў, што робіцца ўсё магчымае для забеспячэння рытмічнага крэдытавання будаўніцтва жылля, сельгасаб’ектаў. "Мы ўжо маем факты, калі людзі вяртаюцца, каб працаваць у Беларусі", - заўважыў Прэм’ер-міністр.

    "Мы не напружылі кіраўнікоў будаўнічых арганізацый. У іх ёсць калектывы. Няхай шукаюць сабе падрад. З іншага боку, я не бачу наогул, нават па тых будоўлях, з якімі мне даводзіцца сутыкацца ў Мінску, што ў нас могуць быць нейкія праблемы, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - У нас дастаткова аб’ектаў, забяспечаных крыніцамі фінансавання, для таго каб будаўнікі працавалі. Патрабаванне за будаўнічую сферу з Урада і іншых адказных будзе вельмі сур’ёзнае".

    Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Тур звярнуў увагу ўдзельнікаў нарады на неабходнасць выпрацоўкі механізма, які даў бы магчымасць стрымліваць вытворцаў у пытанні закладвання рызык у цану прадукцыі. Паводле яго слоў, часта гэта робіцца ў празмерных аб'ёмах, што ўплывае на канчатковы кошт тавару.

    "Не думаю, што ва Урадзе гэтага не бачаць. Гэта самая сур'ёзная рэч. Так званыя "нажніцы" ў нас утвараюцца, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Не трэба баяцца. Мы часам вельмі зацыкліваемся на тэорыі або патрабаваннях нейкіх міжнародных фондаў. Нам трэба думаць аб сваім народзе. Мы ж бачым кожнае прадпрыемства, якое фарміруе такія "навесы", і мы можам з іх патрабаваць. Давайце вывучым, паглядзім, што адбываецца на гэтым прадпрыемстве. На гэта трэба звяртаць увагу, з гэтага трэба зыходзіць".

    Наконт складаных умоў надвор’я Прэзідэнт адзначыў, што работа ўсіх органаў і структур у гэты няпросты перыяд была адносна нармальная. "Але ёсць надзвычайныя здарэнні, з якімі нельга мірыцца", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

    "Многія з тых, хто гіне на пажарах, - людзі пажылыя. Гэта сведчыць аб тым, што мы мала ўдзяляем увагі гэтым людзям. Давайце зробім з гэтага вывад. Цяпер МНС трэба неадкладна прымяніць усю ўладу для таго, каб прымусіць усіх звярнуць увагу на тое жыллё, на якое вы пакажаце, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы шмат наракаем на тое, што людзі гінуць з-за п'янства, узгаранняў пры курэнні і гэтак далей. Прыміце самыя строгія меры і да гэтых людзей. Як вы вырашыце, так і дзейнічайце. Дзякуй скажуць, што жыццё ім выратавалі. А наракаць на тое, што ў нас надвор'е не тое, нельга. Мароз да мінус 30 градусаў - гэта анамалія? Калі анамалія, то трэба прымаць і анамальныя рашэнні, рэагуючы на яе. У цэлым адпаведныя службовыя асобы і Урад з гэтымі праблемамі спраўляюцца, толькі трэба быць больш жорсткімі ў гэтай сітуацыі".

    "Бяздомных быць не павінна. Вазьміце памяшканне, збярыце іх туды, абагрэйце і напаіце чаем. Бяздомны - чалавек, і яму трэба дапамагчы. Невядома яшчэ, чаму ён у такой сітуацыі апынуўся. Трэба ратаваць гэтых людзей. Іх няшмат", - запатрабаваў Прэзідэнт.

    Міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка расказаў аб мерах, якія прымаюць ратавальнікі ва ўмовах моцных маразоў. Паводле яго слоў, яшчэ ёсць рэальныя рэзервы для ўзмацнення прафілактыкі надзвычайных сітуацый.

    Пры гэтым міністр параўнаў статыстыку бягучага года з такім жа марозным 2006-м. Тады за тыдзень ва ўмовах моцных маразоў здарыліся 604 пажары, а ў бягучым годзе - 294, што ў 2 разы менш. Значна скарацілася колькасць загінуўшых (з 86 да 30), аварый у камунальных сістэмах (64/24), адключэнняў электраэнергіі (26/14).

    "З гэтага дня вы не толькі ратавальнікі. Вы павінны патрабаваць выканання вашых рашэнняў і прымаць меры да тых, хто гэтага не робіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    "Губернатары павінны па ўсёй вертыкалі даць каманду. Яна павінна дайсці да старшынь сельсаветаў, кіраўнікоў сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў. У вёсцы ведаюць, да каго трэба зайсці дадому і прасачыць за парадкам. Падключыце ўсю моц улады для таго, каб гэта зрабіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт таксама даручыў Уладзіміру Вашчанку штотыдзень прысылаць яму зводкі аб надзвычайных здарэннях і іх прычынах. "А з заўтрашняга дня я буду даваць ацэнку адпаведным людзям", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    "Тыднёвыя зводкі МНС, ДАІ павінны абмяркоўвацца ў тройцы Леанід Мальцаў - Аляксандр Якабсон - Уладзімір Макей. І штотыдзень мне дакладвайце аб прынятых мерах. Угаворы, прафілактыка, настаўленні - гэта ваша справа. Павінны быць прыняты жалезныя меры. Мне дакладваць толькі аб мерах. Бярыце, аналізуйце і прымайце меры", - запатрабаваў Прэзідэнт.

    Гаворачы аб сельскай гаспадарцы, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што перш за ўсё яго хвалюе стан пасеваў. "Трэба нармальна карміць жывёлу і атрымліваць прадукцыю. Спасылацца на тое, што надвор’е дрэннае, таму каровы не дояцца, - гэта ў савецкім перыядзе засталося, і мне аб гэтым гаварыць не трэба. Жывёла павінна быць у цяпле і накормлена", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы запэўніў, што на гэты момант сур’ёзнай пагрозы для пасеваў няма, аграпрамысловы комплекс працуе стабільна. Павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, птушкі, свіней. Скараціўся падзеж жывёлы. У сельгаспрадпрыемствах створаны неабходны запас насення.

    Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб патрабаванні ні ў якім выпадку не захоўваць дарагія ўгнаенні пад адкрытым небам: "Мы правялі кампанію ў мінулым годзе і, здаецца, усіх навучылі: няма дзе захоўваць, не купляй наогул". Але былі выяўлены факты, калі некаторыя кіраўнікі сельгасарганізацый у мінулым годзе набывалі па нізкай цане калійныя ўгнаенні, нібыта для патрэб вытворчасці, і потым перапрадавалі за значна большыя грошы. "Увесь гэты прыбытак трэба вярнуць з разліку сусветных цэн дзяржаве", - даручыў Аляксандр Лукашэнка Старшыні Камітэта дзяржкантролю.

    Што датычыцца рэканструкцыі малочнатаварных ферм, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што да гэтага пытання неабходна падысці з усёй адказнасцю: "Рэканструяваная ферма павінна быць, як новая. У гэтым сутнасць рэканструкцыі, а не толькі ў тым, каб замяніць вёдры на малакаправод. Там усё павінна быць самае сучаснае, па тэхналогіі. Калі ўдасца ў поўнай ступені рэалізаваць задуманае, то гэта будзе прарыў у малочнай жывёлагадоўлі".

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што там, дзе дзяржава можа самастойна развіваць вытворчасць і атрымліваць прыбытак, гэта неабходна рабіць. "Не спяшайцеся з прыватызацыяй, асабліва з прадпрыемствамі, якія нармальна працуюць і з’яўляюцца асновай нашай сацыяльнай палітыкі. Хочуць інвестары дадаткова ферму будаваць, малако перапрацоўваць і прадаваць - добра. Хочаце ўкласціся ў сельскагаспадарчае прадпрыемства, узняць яго і прадаваць прадукцыю - калі ласка. Зацікаўце дзяржаву, людзей, заплаціце грошы і працуйце", - адзначыў Прэзідэнт.

    У ходзе нарады Кіраўнік дзяржавы закрануў і пытанні банкаўскай сферы. "Па працэнтнай палітыцы маю думку вы ведаеце. Перад Нацыянальным банкам пастаўлена задача па спакойным зніжэнні працэнтнай стаўкі. І ў нас для гэтага ёсць усе ўмовы. Нават некаторыя банкі сёння крэдытуюць прадпрыемствы па больш нізкай стаўцы і знаходзяць магчымасць выдаць больш танныя крэдыты. Але палітыка павінна быць акуратнай", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

    Чарговы раз Прэзідэнт звярнуў увагу на залішнюю паператворчасць: "Ніякіх запытаў, ніякіх адпісак і распісак. Мне гэтага не трэба, мне патрэбны вынік!". Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта даручана навесці парадак у гэтым пытанні.

    Кіраўнікі рэгіёнаў далажылі Аляксандру Лукашэнку аб сацыяльна-эканамічным развіцці абласцей і горада Мінска ў цяперашняй сітуацыі. У кожнай вобласці і сталіцы ў няпростых умовах надвор’я забяспечана стабільнае функцыянаванне сацыяльнай інфраструктуры, рэалізуюцца планы па развіцці розных сфер народнай гаспадаркі. Пры гэтым быў узняты шэраг іншых пытанняў, у тым ліку крэдытаванне жыллёвага будаўніцтва.

    Паводле слоў Старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Сумара, ёсць грамадзяне, якія сфарміравалі ЖБК, але не заключылі крэдытныя дагаворы з банкам. Аднак па новых умовах яны ўжо не маюць права на льготны крэдыт. Асобныя пытанні ў гэтай сферы, якія патрабуюць урэгулявання і пошуку прымальных рашэнняў, ёсць і ў іншых рэгіёнах краіны.

    "Праз месяц ва Урадзе павінны быць вырашаны ўсе пытанні ЖБК, шматдзетных сем’яў, ваенных. І павінна быць выбудавана дакладная, зразумелая канцэпцыя: каго бяром на льготную чаргу і дапамагаем ільготнымі крэдытамі, каму выдаём сацыяльнае жыллё. Пасля 8 сакавіка вы прыходзіце і дакладваеце мне. Мы павінны даць грамадству дакладны адказ, як будзем дзейнічаць у бягучым і наступных гадах", - даручыў Прэзідэнт.

    Паводле яго слоў, трэба ў першую чаргу дапамагаць шматдзетным сем’ям. Яшчэ адзін прыярытэт - ваенныя.

    "Там, дзе пачалі будаваць, там будзем будаваць. І на гэта павінны быць накіраваны ўсе сродкі. Галоўны напрамак і крытэрый - дапамагчы чалавеку", - сказаў на заканчэнне Кіраўнік дзяржавы.