Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 мая ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным людзям краіны.
"Ганаровыя званні, ордэны і медалі вы атрымліваеце за выдатныя заслугі перад Радзімай і народам. Гэта стымул для яшчэ большых поспехаў у будучым, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Упэўнены, для любога з нас галоўная мэта - дабрабыт і працвітанне роднай краіны, шчасце блізкіх і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Бо ўсе мы працуем дзеля гэтага".
Як адзначыў Прэзідэнт, дзяржава актыўна развіваецца, на новыя ўзроўні выходзяць эканоміка, сацыяльная, тэхналагічная і вытворчая сферы. "І разам мы можам дасягнуць любых вышынь, пераадолець любыя цяжкасці", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Дзяржаўныя ўзнагароды былі ўручаны супрацоўнікам ААТ "Мінскі аўтамабільны завод" вытворчага аб'яднання "БелаўтаМАЗ". "Гэта адно з буйнейшых у СНД машынабудаўнічых прадпрыемстваў. Прадукцыя яго вядома далёка за межамі Беларусі, і попыт на яе расце, асвойваюцца ўсё новыя рынкі. Лічбы сведчаць самі за сябе. Аб'ём знешняга гандлю "БелаўтаМАЗа" за 2011 год вырас амаль на 200%" , - адзначыў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, састаўныя часткі гэтага поспеху - разумная арганізацыя працы, беражлівае стаўленне да рэсурсаў, укараненне рацыяналізатарскіх прапаноў. "Грамадскае прызнанне, якое вы па праву заслужылі, павінна стаць арыенцірам для нашых вытворцаў. Ім трэба раўняцца менавіта на вас", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Сярод узнагароджаных таксама прадстаўнікі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. "Плённа ўдасканальваючы заканадаўчую базу нашай дзяржавы, вы актыўна садзейнічаеце вырашэнню шырокага кола грамадскіх праблем. Гэта пытанні працоўнай дысцыпліны, занятасці, удасканаленне сістэмы аховы здароўя, ахова мацярынства і дзяцінства, падтрымка таленавітай моладзі. Не застаюцца па-за сферай вашай увагі адукацыя, навука, актывізацыя інтэграцыйных працэсаў і развіццё міжнароднага супрацоўніцтва", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Дзяржаўных узнагарод удастоены і лепшыя прадстаўнікі судзейскага корпуса Беларусі, якія сваёй адказнай работай забяспечваюць прынцыпы законнасці, аператыўнай кваліфікаванай судовай абароны. "Немалы ўклад унеслі вы ў павышэнне прававой адукаванасці і культуры насельніцтва. Вашымі намаганнямі забяспечваецца адпаведнасць прававых актаў галоўнаму закону краіны - Канстытуцыі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў дзяржузнагароды вялікай групе ваеннаслужачых: "Вы забяспечваеце высокую гатоўнасць да абароны нашай Радзімы, адстойваеце яе бяспеку і тэрытарыяльную цэласнасць".
На цырымоніі ўшаноўвалі спартсменаў і трэнераў. Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі "Беларускі спартыўны Алімп" 2012 года прысуджана выдатнай спартсменцы і папулярызатару фізічнай культуры Дар'і Домрачавай. Яна таксама ўзнагароджана ордэнам Айчыны трэцяй ступені. "Сваімі яркімі перамогамі на сусветных чэмпіянатах Дар'я Домрачава праславіла Беларусь на ўвесь свет", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, Беларусь шчодрая на таленты ў розных сферах дзейнасці. Сведчаннем з'яўляецца той факт, што сярод узнагароджаных вядомыя дзеячы культуры, педагогі, уважлівыя і чулыя работнікі сферы абслугоўвання насельніцтва.
"Для нашай Беларусі кожны з вас робіць шмат. Вы сваім прыкладам даказалі, што працавітасць, творчасць і настойлівасць абавязкова прывядуць да поспеху", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы робіце вялікую справу, і мы абавязкова пераможам. Мы абавязкова выйграем у гэтай складанай барацьбе за існаванне нашай краіны як незалежнай суверэннай дзяржавы. Дзяржавы, якая будзе перш за ўсё служыць нашаму беларускаму народу, паколькі ён заслужыў права "людзьмі звацца" і жыць на сваім кавалку зямлі", - падкрэсліў Прэзідэнт.