Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Прэзідэнтам Рэспублікі Башкортастан Рустэмам Хамітавым

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць выбудоўвання прыстойных адносін паміж Беларуссю і Расіяй, а таксама ў фармаце Адзінай эканамічнай прасторы. У гэтым ключы Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка выказаўся 14 чэрвеня на сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Башкортастан Расійскай Федэрацыі Рустэмам Хамітавым.

    Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Башкортастану больш актыўна развіваць сумесныя праекты ў сферы прамысловай кааперацыі, падкрэсліўшы, што акрамя тавараабменных аперацый бакі пачынаюць паспяхова ажыццяўляць праекты ў сферы прамысловай кааперацыі. "Важна ўсебакова падтрымліваць гэтыя пачынанні і прапрацоўваць новыя напрамкі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Ён падкрэсліў, што Башкортастан мае значны эканамічны, вытворчы і навуковы патэнцыял, мае трывалыя сувязі з Беларуссю. Па аб'ёму ўзаемнага гандлю займае першае месца сярод рэгіёнаў Прыволжскай федэральнай акругі і пятае - сярод рэгіёнаў Расіі. За больш як дзесяць гадоў узаемны тавараабарот павялічыўся амаль у 15 разоў і перасягнуў у 2011 годзе $1,4 млрд.

    Двухбаковае супрацоўніцтва мае ўзаемадапаўняльны характар. Беларусь экспартуе бытавую тэхніку, прадукцыю машынабудавання, з Башкортастана атрымлівае прадукцыю нафтахіміі, металургіі. "Для забеспячэння патрэбнасцей адпаведных галін вашай эканомікі Беларусь гатова пашырыць наменклатуру і павялічыць аб'ёмы паставак неабходнай прамысловай прадукцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Гаворачы аб развіцці прамысловай кааперацыі паміж Беларуссю і Башкортастанам, Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў: "Мы павінны быць нацэлены на выпуск сумеснага прадукту, запатрабаванага не толькі ў Башкортастане, але ў перспектыве і ў трэціх краінах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, гэта асабліва актуальна ва ўмовах Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, якія адкрываюць новыя магчымасці для развіцця гэтых напрамкаў.

    Прэзідэнт Беларусі назваў важным і перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва ў навукова-практычнай і інавацыйнай сферах. Ён падкрэсліў, што беларускія вучоныя добра ведаюць навуковы патэнцыял Башкортастана і гатовы рэалізоўваць сумесныя распрацоўкі, асабліва ў такіх галінах, як машынабудаванне, энергазберажэнне, медыцына, малекулярная біялогія, інфармацыйныя тэхналогіі. Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў упэўненасць, што візіт у Беларусь Прэзідэнта Башкортастана дасць штуршок развіццю і гэтых напрамкаў.

    Башкортастан гатовы нарошчваць гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне з Беларуссю, заявіў у сваю чаргу Рустэм Хамітаў.

    Ён падкрэсліў, што прадпрыемствы Башкортастана маюць цесныя сувязі з Беларуссю і аб'ём узаемнага тавараабароту пастаянна павялічваецца.

    Расійскі госць расказаў, што дэлегацыя з Башкортастана наведала шэраг беларускіх прадпрыемстваў і азнаёмілася з вытворчасцю тралейбусаў, трамваяў, вагонаў электрапаяздоў. "Мы ўжо намецілі варыянты кааперацыі. Гэта таксама будзе добры крок, напрыклад, па стварэнню сумесных вытворчасцей", - сказаў Рустэм Хамітаў.

    Кіраўнік Башкортастана лічыць, што неабходна нарошчваць супрацоўніцтва з Беларуссю ў галіне нафтахіміі і хіміі. Ён сказаў, што развіццю хіміі ў Башкортастане ўдзяляецца вялікая ўвага. "Мы праводзім міжнародны форум, які так і называецца "Вялікая хімія", і хацелі б запрасіць для ўдзелу ў ім прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў з мэтай устанаўлення кааперацыйных сувязей у гэтай галіне", - адзначыў Рустэм Хамітаў.

    Ён канстатаваў, што развіваецца ўзаемадзеянне і ў галіне машынабудавання. У прыватнасці, з дапамогай беларускага боку наладжана вытворчасць невялікіх трактароў, якія карыстаюцца попытам, плануецца адкрыць зборачную вытворчасць трактароў на гусенічным ходзе. Сумесна з "Гомсельмашам" наладжана зборка прычапных жняярак.

    Башкортастан зацікаўлены і ў беларускіх кормаўборачных і зернеўборачных камбайнах. Тут таксама ёсць добрыя перспектывы для стварэння сумесных зборачных вытворчасцей. На думку Міністра прамысловасці Беларусі Дзмітрыя Кацярыніча, неабходна ўдзяляць больш увагі лакалізацыі вырабляемай у Башкортастане беларускай тэхнікі, што зробіць яе больш канкурэнтаздольнай.

    Паводле слоў Рустэма Хамітава, ёсць таксама вялікая неабходнасць у беларускай тэхніцы для лесанарыхтовак і перапрацоўкі драўніны.

    Акрамя таго, Прэзідэнт Башкортастана прапанаваў разгледзець магчымасць паставак у Беларусь металарэзных станкоў, верталётнай і пажарнай тэхнікі.

    Рустэм Хамітаў расказаў, што ў Башкортастане пражываюць каля 12 тыс. беларусаў. У прыватнасці, дзейнічае беларускі культурны цэнтр. Расійскі госць выказаў меркаванне аб неабходнасці нарошчвання культурных сувязей і больш актыўнага абмену культурнымі дэлегацыямі.

    "Думаю, мы аб многім можам дамовіцца. У нас вельмі добрыя кантакты, - згадзіўся Аляксандр Лукашэнка. - У гэтых адносінах ёсць душэўнасць. Гэта дарагога каштуе, бо ў наш час, вельмі бурны і іншы раз незразумелы, незаўсёды і паслы могуць разабрацца, што адбываецца, і ў сваіх інтэрв'ю ледзь не ўмешваюцца ва ўнутраныя справы тых або іншых дзяржаў. А гэта іх справа разбірацца ў гэтым. Тым не менш нашы адносіны наўрад ці хтосьці сапсуе".

    У час сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Рустэмам Хамітавым абмяркоўвалася шырокае кола пытанняў ад развіцця кантактаў у культуры і спорце да планаў па прамысловай кааперацыі, супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, нафтахімічным комплексе. Была закранута і тэма прыватызацыі беларускіх актываў. "Я хачу, каб вы ведалі, што мы гатовы з вамі супрацоўнічаць на самых дэмакратычных, калі можна так сказаць у эканоміцы, прынцыпах. Калі ідзе прыватызацыя, значыць, тут можа быць толькі круглы стол, перагаворы. Ну а калі Расія сёння баіцца, што наш агульны рынак адзінай мытнай прасторы запоўняць нейкія танныя падробкі з іншых краін, тады не трэба было яго ствараць. Мы яшчэ не паспелі яго стварыць, а сёння ўжо сыплюцца заявы, якія разбураюць гэту Адзіную эканамічную прастору", - канстатаваў Прэзідэнт Беларусі.

    "Мы ж яе стварылі для таго, каб працаваць з горда ўзнятай галавой на гэтай прасторы, і каб мы заўсёды маглі абараніцца ад іншых, абараніць сваіх таваравытворцаў, абараніць сваіх людзей, каб кожны ў гэтай Адзінай эканамічнай прасторы дзейнічаў на раўнапраўнай аснове. Таму што ўсе дакументы зыходзяць з гэтага, і каб вялікая і малая дзяржавы мелі роўныя правы і магчымасці. Недапушчальна, калі недзе штосьці атрымалася ў адной дзяржавы, а астатнія (дзяржавы АЭП) пачынаюць яе нахіляць і націскаць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Мы ведаем, што такое канкурэнцыя, што такое рынак, але мы не хочам паўтарыць прыватызацыю па расійскаму варыянту, як гэта было ў 90-я". Паводле слоў Прэзідэнта, пытанні аб прыватызацыі тых або іншых прадпрыемстваў павінны вырашацца за сталом перагавораў. "Вось умовы, яны зразумелыя для ўсіх, цана прадпрыемства. Калі вас не задавольвае, дык вы не прыходзьце весці перагаворы. Таму прыватызацыя ў Беларусі будзе, але гэта наша прыватызацыя, гэта мы будзем вырашаць, што нам прыватызаваць і калі. І, самае галоўнае, па якой цане і на якіх умовах", - заўважыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

    Што датычыцца перспектыў аб'яднання "МАЗа" і "КамАЗа", Аляксандр Лукашэнка расказаў, што наконт гэтага ў яго адбылася размова з Прэзідэнтам Расіі. "Перш чым гаварыць паслу аб гэтым, трэба ўдакладніць. Мы дамовіліся: калі мы аб'ядноўваем актывы, значыць, у агульнай кампаніі 50/50, адпаведнае кіраванне. Але кіраўніцтва той карпарацыі, бачыце, не задавольвае 50/50. Трэба кантрольны пакет акцый, і дарагавата Беларусь просіць. Ну, добра, калі дорага, тады не трэба згаджацца. Давайце будзем працаваць. "МАЗ" сёння нічым не горшы за "КамАЗ". З задавальненнем яго купляюць. І не толькі ў рэспубліках СНД, але і ў Расіі з задавальненнем бяруць", - сказаў Прэзідэнт.

    "Я не хачу гаварыць аб тым, што мы нацэлены на канкурэнцыю з "КамАЗам". Ні ў якім выпадку. Навошта нам канкурыраваць? Усім хопіць месца. Калі на тое пайшло, давайце падзелім нашы рынкі. Але калі вы ўступілі ў СГА, і ў вас пазіцыя змянілася, то мы дамаўляліся, што Адзіная эканамічная прастора - гэта святое. Усё астатняе - вытворнае, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Калі мы пачынаем страчваць з вашым уступленнем у СГА, вы павінны падумаць аб тым, як нас падтрымаць. Вось у чым пытанне. Гэта значыць павінна быць прыстойна ўсё. У адваротным выпадку мы разбурым нармальны эканамічны і нават палітычны працэс, што пачаўся пасля выбрання Уладзіміра Пуціна, які нямала аб гэтым гаварыў. Толькі прыстойныя адносіны! Толькі!"

    "Абвалімся мы, не абвалімся, перажывём мы чарговы крызіс без расійскіх грошай або не перажывём - гэта, ведаеце, пытанне адкрытае, якое можна сёння абмяркоўваць і дэбатаваць, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Я наконт таго, што нас пачынаюць перасцерагаць ужо: будзе заўтра крызіс, і Беларусь яго не перажыве. Таму я яшчэ раз хачу нагадаць, што фінансавы крызіс, які мы перажылі... Дарэчы, на вялікім уздыме вытворчасці мы тым не менш атрымалі фінансавы крызіс. Хачу нагадаць, што за пяцігодку амаль у 5 разоў выраслі цэны на энерганосьбіты. Ніводная эканоміка не змагла б вытрымаць такога ўдару. А мы ўсё ж такі будуем адзіную Саюзную дзяржаву. І, па-другое, як толькі пачалі гаварыць аб тым, што пошліны на аўтамабілі з мэтай абароны расійскага аўтавытворцы ўзнімуцца, нашы людзі да $3 млрд. вывезлі за паўгода ў Германію і іншыя краіны для таго, каб аўтахлам гэты завезці. Вось у чым прычына, а не ў неэфектыўнасці гаспадарання або нейкай сістэме", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

    "Яшчэ хачу заўважыць: мы зыходзім з таго, што прыватызацыя і іншыя пытанні - гэта не толькі эканоміка. Гэта і вялікая палітыка. Таму памыляцца ў гэтым плане нельга", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

    "Я хачу, каб вы разумелі сутнасць нашай палітыкі, яе ідэалогію. Мы абсалютна адкрыты, перш за ўсё для расіян, мы даўно выбралі гэты курс. Мы прайшлі вельмі цяжкі перыяд, калі ішлі накаты то злева, то справа, спрабаваў з беларусаў сёй-той у Расіі зрабіць незразумелых людзей, і з Лукашэнкі ў тым ліку. Мы гэта перажылі. Таму трэба вельмі акуратна, асцярожна выбудоўваць адносіны на перспектыву, - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. - Калі ўжо намеціўся гэты працэс, трэба яго вельмі акуратна праводзіць, трэба вельмі акуратна рухацца па ўсіх напрамках".

    У якасці добрага прыкладу развіцця супрацоўніцтва Кіраўнік дзяржавы прывёў адносіны Беларусі з Башкортастанам: "Мы не маем да вас наогул ніякіх прэтэнзій. Думаю, і вы не маеце да нас. Нашы адносіны з вамі - гэта ўзор выбудоўвання адносін. Увогуле ў нас з рэгіёнамі ніякіх праблем няма. Мы заўсёды дамаўляемся".

    "Тым больш, мы ніколі не былі нахлебнікамі. Цяжка было ў свой час, калі засуха была ў Расіі, мы па прымальных цэнах, у 2 разы ніжэйшых за расійскія, пастаўлялі сельгаспрадукцыю, - заўважыў Прэзідэнт Беларусі. - Мы - за прыстойнае супрацоўніцтва па ўсіх напрамках".

    Кіраўнік дзяржавы таксама згадаў тэму магчымасці ўвядзення адзінай валюты: "Для мяне Беларусь - гэта святое, дарэчы, як і Расія, і нашы адносіны - святыя, якія б у нас грошы ні былі. У нас - беларускія рублі, у вас - расійскія. Калі мы захочам, то будуць працаваць валюты і ў нас, і ў вас. Мы знойдзем магчымасць. І тое, што ў нас няма сёння расійскага рубля - гэта не катастрофа".

    "Як бы ні было складана і цяжка, мы ўсё роўна вернемся да цеснай інтэграцыі. Можа, яна будзе разумнейшай, чым у Савецкім Саюзе, але яна будзе, я аб гэтым кажу нястомна, але калі мы не будзем наступаць адзін аднаму на горла і патрабаваць пытанняў, якія яшчэ не стаяць на парадку дня. Прыспешваць час сёння нельга. У нас з Расіяй асаблівых праблем не будзе, але Расія і Беларусь - гэта мала. Сёння трэба думаць і аб іншых рэспубліках. Дарэчы, аб гэтым мы нядаўна гаварылі з Прэзідэнтам Расіі. Такое пытанне ўжо стаіць на парадку дня".

    Як адзначыў Рустэм Хамітаў, аб развіцці беларуска-расійскіх адносін размова ішла і на яго нядаўняй сустрэчы з Уладзімірам Пуціным: "Я сказаў аб тым, што еду на сустрэчу з вамі. Ён перадаў гарачае прывітанне і сказаў: з Беларуссю трэба нарошчваць адносіны, трэба працаваць з ёю вельмі цесна, вельмі блізка, - расказаў Прэзідэнт Башкортастана. - Таму мы толькі зыходзячы з гэтых прынцыпаў і будзем дзейнічаць".

    Паводле слоў Рустэма Хамітава, у Башкортастана ёсць вялікі інтарэс да супрацоўніцтва з Беларуссю ў машынабудаванні ў плане стварэння сумесных прадпрыемстваў, сельскай гаспадарцы. "Калі ёсць падобны партнёр на Захадзе, то перавагу будзе заўсёды мець Беларусь. Паколькі мы размаўляем на адной мове, менталітэт адзін. Што яшчэ патрэбна для таго, каб больш цесна працаваць. Мая ўнутраная ўстаноўка такая", - падкрэсліў расійскі госць.

    Ён выступіў з шэрагам канкрэтных прапаноў па развіццю двухбаковых сувязей. Адна з іх - устанаўленне рэгулярных авіяцыйных зносін паміж Мінскам і Уфой. Кіраўнік беларускай дзяржавы даручыў прапрацаваць гэта пытанне, адзначыўшы, што Беларусь гатова да гэтага і мае неабходныя магчымасці і інфраструктуру.

    Як адзначыў Прэзідэнт Башкортастана, у яго рэспубліцы дастаткова развіта здабыўная прамысловасць, у тым ліку золата, медзі, цынку. "Мы маглі б запрасіць і вашых прамыслоўцаў папрацаваць у гэтай зоне. Трэба было б сфарміраваць добрую каманду, каб яны да нас прыехалі, паглядзелі", - прапанаваў ён. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэту ідэю.

    Асобна ў ходзе сустрэчы была закранута тэма эфектыўнага выкарыстання зямель сельгаспрызначэння. Гэта асабліва актуальна для Расіі, дзе вакол многіх мегаполісаў і асабліва ў Падмаскоўі ўрадлівыя землі аддадзены прыватнікам, але не выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, а то і проста пустуюць. Расійскія госці згадзіліся, што беларускі вопыт у рэгуляванні гэтых пытанняў і курс на стварэнне буйнатаварных гаспадарак пацвердзіў сваю эфектыўнасць.

    Рустэм Хамітаў запрасіў прадстаўнікоў Беларусі прыняць удзел у Міжнародных зімовых дзіцячых гульнях, якія адбудуцца ва Уфе. Прэзідэнт Беларусі паабяцаў, што беларуская каманда прыедзе на гэтыя спаборніцтвы, і даручыў адказным чыноўнікам заняцца неабходнай падрыхтоўкай. "Мы з задавальненнем прыедзем. Такія мерапрыемствы заўсёды садзейнічаюць паляпшэнню нашых адносін", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Акрамя таго, Прэзідэнт Башкортастана запрасіў Кіраўніка беларускай дзяржавы наведаць маладзёжны чэмпіянат свету па хакеі, які таксама будзе прымаць Уфа будучай зімой.