Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даручыў Ураду забяспечыць належную якасць работ па ўборцы ўраджаю. Адпаведнае даручэнне Кіраўнік дзяржавы даў 24 ліпеня ў ходзе рабочай сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам.

    "Некалі, каб намалаціць мільён тон, прыкладалі проста каласальныя намаганні. Гэта была перамога для ўсёй краіны. А сёння мільён тон мы намалацілі, яшчэ не ўцягнуўшыся ў масавую ўборку. Гэта амаль не заўважана. У гэтым ёсць вялікі станоўчы сэнс і добры эфект, - адзначыў Прэзідэнт. - Нам у гэтым годзе трэба да 9 млн.т падбірацца, я маю на ўвазе збожжавыя, зернебабовыя, кукурузу. Для нас гэта перамога і забеспячэнне нашых патрэбнасцей практычна па ўсіх напрамках".

    Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць убраць ураджай без страт і забяспечыць яго захаванасць. "Калі кантролю няма, тады пачынаецца спаборніцтва ў дрэнным сэнсе слова, хто каго і хто больш, губляючы вялікую колькасць збожжа. Нам гэтага дапусціць нельга. Цяпер трэба вельмі якасна і спакойна ўбраць сельскагаспадарчыя культуры, асабліва збожжа, - сказаў Прэзідэнт. - Камбайнаў хапае, яны вельмі добрыя. Галоўнае - гэта якасць уборкі. У бягучым годзе на гэта пытанне трэба звярнуць асаблівую ўвагу. Нельга страціць збожжа".

    У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што даручыў КДК узяць пад кантроль правядзенне ўборачнай кампаніі.

    Прэзідэнт паведаміў, што ў бліжэйшыя дні плануе, пачынаючы з паўднёвых раёнаў, азнаёміцца з тым, як ідзе ўборка.

    Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў ролю і ўклад вучоных у развіццё розных галін народнай гаспадаркі: "Вучоныя павінны ўсё ж такі ісці наперадзе хаця б на паўкроку, выдаючы і для сельскай гаспадаркі, і па іншых напрамках самыя тэхналагічна прагрэсіўныя інавацыйныя прапановы".

    У ходзе рабочай сустрэчы таксама былі абмеркаваны асноўныя параметры прагнозу і бюджэту Беларусі на 2013 год. Прэзідэнт нагадаў, што напярэдадні абмяркоўваў гэта пытанне са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам: "Мы дамовіліся аб тым, што цяперашні парламент прыме бюджэт і асноўныя напрамкі развіцця на будучы перыяд гэтым складам. Таму трэба максімум увагі ўдзяліць падрыхтоўцы гэтых дакументаў і ўнясенню іх у парламент".

    "Трэба гэтыя пытанні не проста трымаць на кантролі, а сёння ўжо вырашаць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

    "Мы плануем, што тэмп росту ВУП у 2013 годзе павінен скласці каля 108,5%. Аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва значна павялічацца да 6,5 млн.кв.м. Будзе ўдзяляцца вялікая ўвага развіццю сельскай гаспадаркі, прамысловасці. Для гэтага будуць стварацца неабходныя перадумовы, пачынаючы ўжо з другога паўгоддзя бягучага года", - адзначыў Прэм'ер-міністр.

    Сустракаючыся ўчора з Надзеяй Ермаковай (Старшынёй Праўлення Нацыянальнага банка), я запатрабаваў, каб мы зрабілі ўсё для развіцця эканомікі. Нацыянальны банк павінен тут працаваць зладжана з Урадам. На валютным рынку нібыта сітуацыя нядрэнная, нягледзячы на сезоннасць. Але трэба бачыць эканоміку. Усе грошы ад эканомікі, сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    "Хацеў бы пачуць, што з заработнай платай. Трэба людзей усё ж такі падцягнуць да $500, а далей яны, маючы ўжо нейкую падушку бяспекі (усё ж такі гэта нармальная зарплата), будуць самі зарабляць грошы, і нам можна дыстанцыравацца ад таго, каб зверху нагнятаць сітуацыю з зарплатай. Але сярэдняя зарплата $500 - гэта самы мінімум, які павінен быць у нашай краіне", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Як далажыў Міхаіл Мясніковіч, сярэдняя заработная плата павышаецца нават больш высокімі тэмпамі, чым планавалася. І гэты працэс адпавядае росту прадукцыйнасці працы.

    У бліжэйшым будучым плануецца павысіць тарыфную стаўку першага разраду, у выніку чаго павялічацца службовыя аклады работнікаў бюджэтнай сферы. Таксама запланавана павышэнне заработнай платы ваеннаслужачых.

    Паводле слоў Прэм'ер-міністра, адносна росту рэальных грашовых даходаў насельніцтва ўжо дасягнута заданне 2012 года ў цэлым. "Даходы насельніцтва будуць нават перавышаць тыя прагнозныя ўзроўні, якія закладзены на 2012 год. Такая тэндэнцыя захаваецца і на 2013 год, і ў далейшым", - запэўніў Міхаіл Мясніковіч.

    Яшчэ адной тэмай, якую закрануў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэм'ер-міністрам, стаў запуск беларускага спадарожніка: "Мы запусцілі свой спадарожнік. Беларусь стала касмічнай дзяржавай, як мы некалі і планавалі. Мы захавалі і прымножылі вельмі важную для Беларусі школу. Усё ж такі космас - гэта найвышэйшыя тэхналогіі. Мы стварылі і новае прадпрыемства, гатовы ўжо самі вырабляць спадарожнікі".

    "Лічу, нам з Расійскай Федэрацыяй трэба працаваць у цесным кантакце. Мы з КНР вельмі інтэнсіўна супрацоўнічаем у гэтым плане, - адзначыў Прэзідэнт. - Трэба, каб ад гэтага спадарожніка мы атрымалі максімальную выгаду. Мы павінны, атрымаўшы прадукт, рэалізаваць яго на рынку для тых, хто зацікаўлены ў ім".