Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з першым сакратаром БРСМ Ігарам Бузоўскім
Дзяржава прадоўжыць падтрымку БРСМ. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 снежня на сустрэчы з першым сакратаром Цэнтральнага камітэта ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" Ігарам Бузоўскім.
"Я не збіраюся ад каго-небудзь скрываць: мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць наш саюз моладзі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Некаму ён падабаецца, некаму не падабаецца, але прыкладна паўмільёна чалавек сёння з'яўляюцца рэальнымі членамі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, якія маюць членскія білеты і плацяць узносы. І няхай гэта невялікія ўзносы, вялікія і не трэба, можа, цяпер, хто хоча больш дапамагчы, той дапаможа, справа не ва ўзносах, але гэта рэальная колькасць", - сказаў ён.
"Я працаваў у камсамоле ў савецкія часы і разумею, што не ўсё адназначна ў арганізацыі, таму што гэта моладзь, і гэтым усё сказана. Моладзь ёсць моладзь", - адзначаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што БРСМ, як і арганізацыя "Белая Русь", з'яўляюцца добрым рэзервам кадраў. "У частцы Камітэта дзяржбяспекі, МУС, усіх праваахоўных органаў мы выйдзем на тое, што патрэбна будзе рэкамендацыя Саюза моладзі, каб працаваць на гэтай ніве, і таму ў гэтым плане будзе павялічвацца роля маладзёжнай арганізацыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт лічыць, што ў арганізацыі з'явілася шмат цікавых і карысных як для моладзі, так і ў цэлым для краіны праектаў і ініцыятыў. Напрыклад, студэнцкі будатрадаўскі рух, які набірае сілу, работа добраахвотных дружын па ахове правапарадку і многія іншыя. На думку Кіраўніка дзяржавы, у заканадаўстве неабходна прадугледзець меры па падтрымцы такіх добраахвотных дружын і надання ім больш значнага статусу.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што такія праекты арганізацыі, як "100 ідэй для Беларусі" і іншыя ў сферы культуры, павінны быць не разавыя, а мець пастаянны характар.
У час сустрэчы ўвага была ўдзелена як аналізу работы БРСМ за апошнія гады, так і перспектывам развіцця саюза моладзі.
Ігар Бузоўскі падкрэсліў, што эфектыўнасць работы арганізацыі, яе карысць для моладзі і краіны ў цэлым з'яўляецца важнай задачай, якую на працягу ўсёй сваёй дзейнасці БРСМ спрабуе вырашаць.
"Спадзяюся, што тыя задачы, якія вызначаны, тая падтрымка, якая сёння аказваецца БРСМ, будзе апраўдана не толькі актывам, не толькі саюзнай моладдзю, але і ўсімі зацікаўленымі людзьмі, якія ўжо, можа, і выйшлі з маладзёжнага ўзросту, але якія хочуць, каб наша Беларусь была працвітаючай, моцнай, прыгожай. Агульнымі намаганнямі мы гэта зробім, тым больш пры такой падтрымцы Кіраўніка дзяржавы", - сказаў Ігар Бузоўскі.