Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам
Праваслаўе з'яўляецца фундаментальным каменем духоўнасці беларускага народа. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 кастрычніка на сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам.
"У нашай краіне адносіны свецкай і духоўнай улады будуюцца па прынцыпу сімфоніі, гэта значыць гарманічнага саюза і сумеснай работы на карысць Айчыны. Беларусь паспяхова развівае супрацоўніцтва з нашай праваслаўнай царквой", – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Яшчэ адным сведчаннем гэтых добрых адносін стала адкрыццё ў Мінску помніка Патрыярху Аляксію ІІ – мудраму пастыру, які быў, паводле евангельскага слова, соллю зямлі і святлом свету, якога мы глыбока паважаем гэтак жа як і Вы. І Ваш візіт – сведчанне гэтага, – адзначыў Прэзідэнт. – Дзякуй за тое, што падзялілі з беларусамі радасць гэтага свята. Вы – верны і надзейны сябар нашай краіны, і не раз даказвалі гэта, падтрымліваючы нас у самых няпростых сітуацыях".
Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў аўтарытэт Патрыярха Кірыла як духоўнага лідара і грамадскага дзеяча, які ўносіць вялікі ўклад у абнаўленне праваслаўя і ўзмацненне яго сацыяльнай ролі ў сучасным жыцці: "Высокай ацэнкі заслугоўвае Ваша імкненне захаваць адзінства Рускай праваслаўнай царквы і наша славянскае брацтва. Гэта ідэя поўнасцю адпавядае спадзяванням народаў Беларусі, Расіі і Украіны".
"Можаце быць упэўнены ў тым, што пазіцыі праваслаўя ў Беларусі непарушныя, – запэўніў Прэзідэнт. – Не таму, што я як Кіраўнік дзяржавы, нашы свяшчэннаслужыцелі, Сінод, высокапаважаны Мітрапаліт – прыхільнікі гэтага, а таму, што беларусы такія. Мы ніколі не былі здраднікамі, мы заўсёды былі надзейнай апорай тым, з кім сябравалі, а праваслаўе для нас – фундаментальны камень, закладзены ў аснову нашай духоўнасці і нашага народа".
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Патрыярха Кірыла са святам Пакрова Прасвятой Багародзіцы і ўзнагародзіў яго ордэнам Дружбы народаў за значны ўклад у саюзнае будаўніцтва, умацаванне дружалюбных адносін, адзінства народаў Беларусі і Расіі.
"Будзем шчырыя, многія ўзнагароды даюцца на перспектыву, авансам. А калі паглядзець за мяжу, то наогул часам не разумеем, за што каго ўзнагароджваюць. Але ў Вас няма ніякага авансу. Я помню Ваша шчырае стаўленне да Беларусі на працягу дзясяткаў гадоў", – адзначыў Кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што з Патрыярхам Кірылам яго звязваюць і добрыя асабістыя адносіны.
"Я заўсёды з хваляваннем і адпаведнай дастойнай павагай ставіўся да нашай праваслаўнай царквы, яе свяшчэннаслужыцеляў, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – Так атрымалася гістарычна, што вы аказаліся на самым версе ў гэтым бурным патоку жыцця: удары па царкве ідуць і злева, і справа. Я вельмі рад, што вы дастойна ўспрымаеце гэта, і павінен адзначыць, што нам трэба вучыцца ў вас, як рэагаваць і адказваць на такія рэчы".
Прымаючы ордэн, Патрыярх Кірыл адзначыў: "Справа царквы ў тым, каб ратуючыся, мяняючы сваю душу, людзі маглі вынікі гэтага ўнутранага ператварэння, вызвалення ад граху ўключаць у тканіну грамадскіх адносін".
Патрыярх Кірыл падкрэсліў, што Руская праваслаўная царква на працягу ўсёй сваёй больш як тысячагадовай гісторыі служыла адзінству народаў, якіх яна акармляла, стварала духоўную і культурную прастору, якая сёння называецца прасторай гістарычнай Русі або Святой Русі. "У ХХ і ХХІ стагоддзях мы нібыта жывём у розных дзяржавах. Народы пайшлі па шляху суверэннай арганізацыі свайго дзяржаўнага жыцця. І царква з павагай ставіцца да гэтага нацыянальнага выбару. Але гэту павагу яна суправаджае намаганнямі, накіраванымі на захаванне духоўнай культурнай прасторы той самай гістарычнай Святой Русі. І адно не супярэчыць другому, – перакананы Патрыярх. – Наадварот, клопат аб сваёй уласнай дзяржаве, развіццё суверэнітэту, эканомікі, сацыяльных адносін, удасканаленне палітычных адносін павінны адначасова суправаджацца духоўным, маральным і культурным удасканаленнем асобы і грамадства. На гэта накіравана ўвага Рускай праваслаўнай царквы".
"Мы сёння заклапочаны пытаннямі інтэграцыі на постсавецкай прасторы. І за апошнія гады, у тым ліку пры Вашым актыўным удзеле, ёсць, несумненна, поспехі. Нават з часу нашай апошняй сустрэчы адбылося шмат такога, што ў лепшы бок мяняе развіццё гэтых працэсаў. І дай Бог, каб ад іх выйгралі ўсе і эканамічна, і палітычна, і культурна, і духоўна, – адзначыў Патрыярх Кірыл. – А царква будзе падтрымліваць, натхняць людзей. Царква будзе пастаянна падкрэсліваць важнасць сумеснага жыцця брацкіх народаў пры ўсёй павазе да суверэнітэту краін і зробленага гістарычнага выбару".
Патрыярх Кірыл таксама выказаў цёплыя словы наконт развіцця сучаснай Беларусі і яе сталіцы Мінска: "Кожны раз, калі прыязджаю ў Беларусь, я бачу нешта новае, што мяне вельмі радуе. Сёння яшчэ дзень такі – радасны і светлы – амаль што вясенні: шмат сонца, блакітнага неба. На фоне гэтага пейзажу Мінск, яго навакольная мясцовасць выглядаюць асабліва: шмат прасторы, паветра, чыстая прырода і цудоўныя людзі. Гэта і ёсць багацце, якое ў многім вызначае якасць чалавечага жыцця".