Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Намеснікам Старшыні Урада Расіі Дзмітрыем Рагозіным
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на далейшае развіццё і ўмацаванне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Гэта тэма была адной з асноўных у час сустрэчы 23 кастрычніка Кіраўніка беларускай дзяржавы з Намеснікам Старшыні Урада Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Рагозіным.
"У нас існуе нямала пытанняў (я не кажу аб праблемах), якія, зразумела, трэба вырашаць адносна абароннага комплексу Расіі і ваенна-прамысловага комплексу Беларусі", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, абмеркаванню гэтых пытанняў было прысвечана шмат часу і ў ходзе яго сустрэчы ў верасні з Прэзідэнтам Расіі ў Сочы.
"Комплекс гэтых пытанняў, вядома ж, вырашальных, якія існуюць паміж намі, я хацеў бы з вамі вельмі сур'ёзна абмеркаваць з прыцэлам на стратэгію нашага супрацоўніцтва, з улікам таго, што мы маем на гэты дзень і па кааперацыі, і па ўзаемных пастаўках, – дадаў Прэзідэнт Беларусі. – Самае галоўнае, нам вельмі хацелася б, каб мы мелі канкрэтныя рашэнні па канкрэтных пытаннях, каб мы ведалі, як дзейнічаць у далейшым".
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Дзмітрыю Рагозіну азнаёміцца з магчымасцямі беларускага ваенна-прамысловага комплексу. "Не буду ўтойваць, я чакаю, каб ён працаваў на нашу агульную абаронную прастору, армія ў нас практычна агульная. Тое, што сёння адбываецца ў свеце, і тыя пагрозы, якія існуюць, вам добра вядомы", – сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
У сваю чаргу Дзмітрый Рагозін адзначыў добрую дынаміку развіцця беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў акрэсленай сферы: "Сапраўды, за гэты год мы прайшлі вялікі шлях, нашы групы правялі добрую работу па пошуку шляхоў і завязванню новых вузлоў стратэгічнага партнёрства".
Расійскі Віцэ-прэм’ер падкрэсліў важнасць аб'яднання патэнцыялаў Беларусі і Расіі ў ваенна-тэхнічнай сферы, а не проста супрацоўніцтва па прынцыпу купі-прадай гатовыя вырабы: "Паколькі ёсць вялікая патрэбнасць у складанні інтэлектуальнага патэнцыялу, прамысловай кааперацыі, то трэба смела рухацца ў гэтым напрамку. І тады словазлучэнне "стратэгічнае партнёрства", да якога мы ў нейкім сэнсе прывыклі, набудзе новы водсвет высокага ўзроўню індустрыяльнай капіталізацыі нашых адносін".
"Мы цяпер па даручэнню Прэзідэнта Расіі пачалі рэалізацыю вялікага аб'ёму работ у рамках Дзяржаўнай праграмы ўзбраення, разглядаючы гэту справу не толькі як умацаванне абараназдольнасці Расіі і яе саюзнікаў, але і як значную спробу новай індустрыялізацыі краіны, – сказаў Віцэ-прэм’ер. – Вы мелі рацыю, калі сказалі, што нельга ў гэтым свеце быць слабым. Але слабасць вызначаецца не толькі адсутнасцю ўзбраення і ваеннай тэхнікі. Яна вызначаецца залежнасцю ад кан'юнктуры рынку. Таму адзіная абарона – магутны прамысловы патэнцыял, працуючыя заводы, новыя рабочыя месцы. І ў гэтай справе мы бачым вялікія рэзервы супрацоўніцтва паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь".