Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з намеснікам Старшыні Савета Міністраў Кубы Марына Мурыльё
Беларусь гатова прыняць актыўны ўдзел у мадэрнізацыі кубінскай эканомікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 кастрычніка на сустрэчы з намеснікам Старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Куба Марына Мурыльё.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, візіт кубінскай дэлегацыі ў Беларусь накіраваны на развіццё дамоўленасцей паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў, дасягнутых у ходзе нядаўняга афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Кубу. "Тады мы дамовіліся, што ў Беларусь прыбудзе кубінская дэлегацыя і мы разгледзім усе пытанні, якія будуць пастаўлены перад намі", – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Ведаю, што кіраўніцтва Кубы зацікавілася напрамкамі развіцця і сістэмай рэфармавання нашай эканомікі. І я абяцаў Раулю Кастра, што мы пакажам і раскажам усё, што робім у Беларусі. І калі вам той ці іншы напрамак будзе цікавы, мы абавязкова будзем удзельнічаць у рэалізацыі гэтага на кубінскай тэрыторыі па аналогіі з Венесуэлай", – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У прыватнасці, адной са сфер, у якой можна развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва, з'яўляецца сельская гаспадарка. Яе развіццё на Кубе з'яўляецца адным з прыярытэтаў у працэсе мадэрнізацыі эканомікі ў цэлым. "Для таго каб мадэрнізаваць сельскую гаспадарку, у Кубы ёсць вялікія рэсурсы. Гэта не менш як $1,5 млрд., якія Куба штогод траціць на імпарт прадуктаў харчавання і ўсяго іншага, што звязана з развіццём сельскай гаспадаркі. Думаю, што скарачэнне гэтай сумы на адну-дзве сотні мільёнаў долараў кожны год і іх замяшчэнне вытворчасцю адпаведных тавараў на Кубе было б добрай крыніцай фінансавання", – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы гатовы ўлічыць усе вашы пажаданні і дзейнічаць у гэтым напрамку", – запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
У Беларусі таксама ёсць інтарэс да некаторых напрамкаў, якія атрымалі на Кубе развіццё. "Куба – вельмі багатая дзяржава з пункту гледжання развіцця аховы здароўя, вытворчасці лекавых прэпаратаў. Мы сёння распрацавалі і рэалізоўваем такую праграму, і нам ваш вопыт вельмі неабходны", – падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
У сваю чаргу Марына Мурыльё падкрэсліў вялікі інтарэс да развіцця беларуска-кубінскага супрацоўніцтва. "Праграма нашага візіту вельмі насычаная і цікавая, – сказаў ён. – Пытанні трансфармавання беларускай эканомікі і беларускага грамадства для нас маюць вялікі інтарэс. Важна, што мы на ўласныя вочы ўбачылі ўсе працэсы. Гэта вельмі арганізавана".
"Упэўнены, што ў бліжэйшыя гады мы можам падтрымліваць кантакты на ўзроўні міністэрстваў, спецыялістаў. Гэта магло б быць вельмі карысна для абодвух бакоў. Мы павінны яшчэ папрацаваць над тым, каб знайсці ўзаемавыгадныя сферы двухбаковага супрацоўніцтва і выйсці на рэалізацыю канкрэтных праектаў", – адзначыў Марына Мурыльё.