Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Мальтыйскага ордэна Паўлем Фрыдрыхам фон Фурхерам
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Суверэннага ваеннага Мальтыйскага ордэна ў Рэспубліцы Беларусь Паўлем Фрыдрыхам фон Фурхерам у сувязі з завяршэннем яго дыпламатычнай місіі ў нашай краіне.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Паслу за яго работу: "Вы пакінулі ў Беларусі прыемны і значны след ад сваёй дзейнасці. У адрозненне, шчыра кажучы, ад сваіх калег, заходніх паслоў, Вы той чалавек, які імкнуўся ўсяляк дапамагчы Беларусі, атрымлівалася, не атрымлівалася, заўсёды ўнікаў у праблему і рабіў усё на карысць беларускага народа, за што я вам вельмі ўдзячны".
"Ваша місія тут была накіравана толькі на ўмацаванне дружбы паміж Беларуссю і Мальтыйскім ордэнам. Прапрацаваўшы тут восем гадоў, вы заклалі аснову добрых узаемаадносін паміж намі", - дадаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён выказаў надзею, што новы Пасол Мальтыйскага ордэна будзе прытрымлівацца тых жа прынцыпаў.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў удзячнасць дыпламату за папулярызацыю ў Беларусі чарнобыльскіх праграм, за дапамогу, перш за ўсё, дзецям, а таксама за праекты ў галіне аховы здароўя і культуры. "Ды і ў палітычных пытаннях не было тэм, у якія вы не ўнікалі б, калі яны адносіліся да вашай кампетэнцыі. І нават, калі як чалавек вы бачылі, што можаце ў нечым дапамагчы, вы гэта рабілі. Гэта дарагога каштуе, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы хацелі б, каб у нас усе заходнія паслы працавалі менавіта ў гэтым ключы, наладжваючы добрыя адносіны з Беларуссю".
"Вядома, шчыра кажучы, мы разлічвалі на большае ў супрацоўніцтве з каталіцкай царквой. Мы лічым, што каталіцкая царква можа зрабіць больш у наладжванні адносін паміж Беларуссю і Заходняй Еўропай, я нават не кажу ў цэлым аб Еўрапейскім саюзе, таму што вядома, хто там першую скрыпку іграе, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму нам хацелася б праз вас данесці гэты сігнал".
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, звяртаючыся да пасла: "У вас істотны ўплыў у Святым прастоле, у вас там ёсць шмат уплывовых людзей, якія павінны нарэшце паглядзець, што ж адбываецца ў адносінах з краінай, дзе другая па велічыні на постсавецкай прасторы каталіцкая канфесія і дзе добрыя людзі, якія хочуць жыць у дружбе і ўзаемаразуменні".
У сваю чаргу Паўль Фрыдрых фон Фурхер адзначыў, што ў яго склалася вельмі добрае стаўленне да беларускага народа. Паводле яго слоў, Мальтыйскі ордэн у рамках сваіх магчымасцей стараўся дапамагчы ў тым, каб уплываць на дыялог паміж Беларуссю і Захадам. "Пункт гледжання нашага ўрада ў тым, што дыялог, размова заўсёды дапамагаюць вырашаць праблемы, трэба размаўляць адзін з адным", - сказаў Паўль Фрыдрых фон Фурхер.
Пасол таксама адзначыў, што няма такой краіны на постсавецкай прасторы, дзе склалася б такое добрае супрацоўніцтва паміж праваслаўнай, каталіцкай цэрквамі і дзяржавай.
Дыпламат выказаў упэўненасць, што Мальтыйскі ордэн зможа адыграць пазітыўную ролю ў адносінах паміж Беларуссю і Заходняй Еўропай.