Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 15 жніўня на сустрэчы з Міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым падкрэсліў адзінства пазіцый дзвюх краін па праблемных пытаннях міжнароднага парадку дня.
"Момант такі, што нам вельмі важна абмеркаваць некаторыя пытанні нашага знешнепалітычнага ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне. Ды і нядрэнна было б абмеркаваць некаторыя пытанні беларуска-расійскіх адносін, хоць тут надзвычайшчыны, напружанасці, на шчасце, ні па адным з пытанняў няма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт канстатаваў, што год 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Расіяй стаў вельмі плённым ва ўзаемаадносінах. Беларусь з візітамі наведвалі Прэзідэнт Расіі, Прэм'ер-міністр, кіраўнікі абедзвюх палат расійскага парламента. Бакі таксама традыцыйна актыўна ўзаемадзейнічаюць па лініі знешнепалітычных ведамстваў. "Паміж МЗС, мы заўсёды аб гэтым гаварылі, у нас узорна-паказальныя адносіны. Дай бог, каб у нас з іншымі ведамствамі былі такія адносіны, як паміж міністэрствамі замежных спраў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, таксама нядрэнна развіваецца эканамічнае супрацоўніцтва, адзначаецца салідны прырост узаемнага тавараабароту.
"Што датычыцца нашай пазіцыі па міжнародных праблемах і, перш за ўсё, па гарачых пунктах, то яна поўнасцю супадае з ацэнкамі і дзейнасцю Расійскай Федэрацыі. Таму ў гэтым плане вы можаце быць абсалютна спакойны і ўпэўнены. Мы падтрымліваем усе вашы імкненні, асабліва па нармалізацыі сітуацыі ў Сірыі", - запэўніў беларускі лідар.
Гаворачы аб сітуацыі ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што напярэдадні маючых адбыцца парламенцкіх выбараў ёсць некаторыя насцярожваючыя фактары. "Вы разумееце, ідзе актывізацыя палітычнай дзейнасці, і не заўсёды ў патрэбным напрамку. Але пакуль у Беларусі няма ніякіх такіх усплёскаў, калі не лічыць Захад, які заўсёды нам падкіне нейкае пытанне", - заявіў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў назначэнне Матэа Мекачы кіраўніком наглядальнікаў ад Парламенцкай асамблеі АБСЕ на будучых парламенцкіх выбарах: "Лічу, што маглі б знайсці больш дасведчанага чалавека ў частцы Беларусі і сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Мы ўважліва цяпер вывучаем усе гэтыя пазіцыі і, вядома ж, будзем рэагаваць адпаведным чынам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу Сяргей Лаўроў адзначыў, што на праведзенай сустрэчы з кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Мартынавым абмяркоўвалася тэма маючых адбыцца ў Беларусі парламенцкіх выбараў і дзейнасці АБСЕ. "У нас ёсць рашэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД аб павышэнні ролі місіі наглядальнікаў ад Садружнасці на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах. Гэта рашэнне накіравана на тое, каб нашы наглядальнікі аказвалі большы ўплыў на гэтыя працэсы на ўсёй еўрапейскай прасторы, і каб не было манаполіі АБСЕ ў асобе БДІПЧ, Парламенцкай асамблеі, і каб ацэнкі даваліся на аснове ўзважаных і калектыўных падыходаў і меркаванняў", - сказаў Сяргей Лаўроў.
Ён запэўніў, што Расія забяспечыць удзел сваіх грамадзян у розных наглядальных місіях на выбарах у парламент Беларусі - у складзе Парламенцкай асамблеі АБСЕ, БДІПЧ і ў складзе місіі наглядальнікаў СНД.
Сяргей Лаўроў таксама запэўніў: "Расія будзе рабіць усё, каб ацэнкі парламенцкіх выбараў у Беларусі былі аб'ектыўныя, непрадузятыя і не былі прадметам нейкіх аднабаковых, кімсьці выдуманых правіл, якія спрабуюць навязаць у АБСЕ насуперак нашым калектыўным шматразовым прапановам выпрацаваць агульнапрымальныя правілы назірання за выбарамі".
"Цяпер расце разуменне ў рамках АБСЕ таго, што трэба ўсё ж такі ў гэтай сферы наводзіць парадак", - сказаў Міністр. Ён адзначыў, што ў ліпені Парламенцкая асамблея АБСЕ прыняла рашэнне, якое заклікае правесці параўнальны аналіз выбарчых заканадаўстваў усіх краін - членаў АБСЕ з мэтай выпрацоўкі агульных крытэрыяў.
"Гэта тое, чаго мы дабіваліся. Цяпер нам важна парламенцкае рашэнне перавесці ў міжурадавы фармат, - падкрэсліў Кіраўнік МЗС Расіі. - Мы аб гэтым сёння гаварылі з Міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. Гэта будзе адна з тэм сумеснага пасяджэння калегій МЗС Беларусі і Расіі, якое адбудзецца ў кастрычніку бягучага года ў Мінску. Мы, безумоўна, абмяркуем на гэтым пасяджэнні ўсе міжнародныя тэмы, уключаючы няпростыя, трывожныя падзеі на поўначы Афрыкі, на Блізкім Усходзе і ў іншых гарачых пунктах".
Сяргей Лаўроў таксама адзначыў, што ўжо абмеркаваў з Сяргеем Мартынавым канкрэтныя крокі, неабходныя для выканання дамоўленасцей, дасягнутых прэзідэнтамі дзвюх краін Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным, а таксама ў ходзе візіту ў Мінск Кіраўніка расійскага Урада Дзмітрыя Мядзведзева і кіраўнікоў дзвюх палат расійскага парламента.
"Дамоўленасцей шмат, у тым ліку дамоўленасці аб парламенцкім суправаджэнні працэсаў еўразійскай інтэграцыі. Гэта важна для эфектыўнага заканадаўчага афармлення тых дамоўленасцей, што дасягаюць Беларусь, Расія і Казахстан", - сказаў Міністр.