Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Міністрам замежных спраў Ірана Алі Акбарам Салехі

    Беларусь супраць усялякага дыктату і навязвання волі звонку. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 6 сакавіка на сустрэчы з Міністрам замежных спраў Ірана Алі Акбарам Салехі.

    "Мы вельмі ўважліва сочым за сітуацыяй, за тым, як яна развіваецца вакол вашай краіны. І мы да яе не абыякавыя, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы спачуваем усяму таму, што адбываецца вакол Ірана, таму што і самі часам адчуваем няхай не такія жорсткія нападкі на нашу краіну, але тым не менш".

    "Мы актыўныя праціўнікі ўсялякага дыктату і навязвання волі звонку. Мы супраць таго, каб суверэннай дзяржаве збоку ўказвалі, як ёй развівацца і ў якім напрамку", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён выказаў упэўненасць, што таксама разумеюць гэта і ў Іране.

    "Любое кіраўніцтва любой краіны павінна быць нацэлена на тое, каб было лепш і стабільней жыць грамадзянам гэтай краіны. І я ведаю, што ваш Прэзідэнт, і Парламент, і духоўны лідар нацэлены менавіта на гэта, і мы такую палітыку падтрымліваем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да госця.

    Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што ў яго склаліся вельмі добрыя і цёплыя адносіны з кіраўніком Ірана і яго духоўным лідарам. "Вельмі спадзяюся, што пасля парламенцкіх выбараў, якія, на шчасце, прайшлі ў вас нармальна, Іран стане яшчэ больш стабільны, мабільны і будзе накіраваны ў будучыню ў імя сваіх грамадзян", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

    Гаворачы аб беларуска-іранскіх адносінах, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дарожная карта або праграма двухбаковых дзеянняў вызначана. "У Беларусі ні на крок не маюць намеру адступаць ад гэтай праграмы. І, калі на гэта ёсць воля вашага кіраўніцтва, мы будзем яшчэ больш актыўна ажыццяўляць тыя планы, якія мы намецілі на многіх сустрэчах з кіраўнікамі Ірана", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што расцэньвае гэты візіт Міністра замежных спраў Ірана перш за ўсё як магчымасць ацаніць двухбаковыя адносіны на гэтым складаным этапе і ажыццявіць пэўную рэвізію рэалізуемых праграм. "Спадзяюся, што вы з вашым беларускім калегам ажыццявіце такую работу, і я буду ўдзячны, калі я на прывядзе да больш шырокага супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі", - сказаў Прэзідэнт.

    У сваю чаргу Алі Акбар Салехі падкрэсліў, што для яго вялікі гонар сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам. "Вас добра ведаюць у Іране, і я заўсёды хацеў атрымаць магчымасць сустрэцца з такім выдатным чалавекам", - сказаў Міністр. "Успрыманне вас нашым народам вельмі пазітыўнае, паколькі вы заўсёды імкнуліся да незалежнасці. А мы ведаем, што імкненне да незалежнасці мае цану і за гэта трэба плаціць. І вы, і ваш народ праяўлялі сапраўдную мужнасць на працягу апошніх 20 гадоў. Менавіта гэта дало магчымасць Беларусі дабіцца высокага статусу на міжнароднай палітычнай арэне", - лічыць Міністр замежных спраў Ірана.

    "Так, вы сутыкаліся з праблемамі, адчувалі націск, але ўрэшце вы выйдзеце з сітуацыі пераможцамі, паколькі справядлівасць возьме верх", - дадаў госць.

    Алі Акбар Салехі перадаў Аляксандру Лукашэнку найлепшыя пажаданні ад Прэзідэнта Ірана Махмуда Ахмадзінежада. Міністр падкрэсліў, што цяпер іранскі бок разглядае магчымасць знаходжання новых падыходаў двухбаковага супрацоўніцтва. Ад імя Прэзідэнта Ірана ён таксама перадаў Прэзідэнту Беларусі запрашэнне наведаць з візітам Іран.