Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімірам Цалко

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 студзеня правёў рабочую сустрэчу з Міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімірам Цалко.

    Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што запрасіў Міністра для таго, каб з першых вуснаў пачуць заключэнне па законапраекту "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання", які прыняты Парламентам. Гэтым дакументам уносяцца дапаўненні і змяненні ў законы "Аб ахове навакольнага асяроддзя", "Аб раслінным свеце" і "Аб жывёльным свеце".

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўдзяляе гэтай тэме вялікую ўвагу. "Вы ведаеце маё стаўленне да навакольнага асяроддзя, прыроды. Я аб гэтым вымушаны быў нават гаварыць у кароткім навагоднім звароце да беларускага народа. Гэта вечная каштоўнасць, дараваная нам зверху, – адзначыў Прэзідэнт. – Але мяне апошнім часам насцярожваюць некаторыя нядобрыя тэндэнцыі ў гэтых адносінах, пачынаючы ад нашых паляўнічых, асабліва пачынаюць засвечвацца высокапастаўленыя службовыя асобы ў гэтым, мякка кажучы, малазаконным паляванні, калі непасрэдна плацяць егерам і іншае, забываюць аб тым, што ў нас устаноўлены строгі ў гэтых адносінах парадак. Але гэта не толькі прэтэнзіі да вас, гэта, перш за ўсё, прэтэнзіі да Інспекцыі (Дзяржінспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі)".

    "Я хачу, каб усе ведалі, што гэта сітуацыя ў нас пад кантролем. Калі ласка, займайцеся паляваннем, у нас сёння дастаткова звяроў, нават некаторыя скардзяцца, што залішняя колькасць. Але павінен быць строгі парадак", – сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў занепакоенасць тым, што ў Беларусі з'явілася шмат розных паляўнічых гаспадарак, да работы якіх часам узнікае нямала пытанняў. "З'явілася шмат паляўнічых гаспадарак, у тым ліку прыватных, і угоддзяў, якія належаць калгасам, саўгасам і прадпрыемствам, і там у нас праблем значна больш, чым у традыцыйных паляўнічых гаспадарках і угоддзях", – адзначыў Прэзідэнт.

    У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці вырашаюцца змяненнямі ў законе існуючыя ў гэтай сферы праблемы і ці не абыходзяцца яны бокам.

    Паводле слоў Уладзіміра Цалко, законапраект быў распрацаваны з улікам прынятых апошнім часам нарматыўна-прававых дакументаў, рэгулюючых гэту сферу. Акрамя таго, заканадаўства прыводзіцца ў адпаведнасць з міжнародным правам у галіне аховы навакольнага асяроддзя, жывёльнага і расліннага свету і тымі абавязацельствамі, якія Беларусь узяла на сябе, падпісаўшы міжнародныя дагаворы.

    Прэзідэнта ў першую чаргу цікавіла, ці не будзе гэтымі змяненнямі аслаблена ахова жывёльнага і расліннага свету, што ад гэтага атрымаюць жыхары Беларусі. Міністр запэўніў, што прыродаахоўнае заканадаўства ў гэтым плане нічога не страціць, але яно стане прасцейшым у прымяненні, спрашчаюцца некаторыя нормы, выключаюцца асобныя артыкулы, у якіх сёння ўжо няма неабходнасці.

    Па выніках рабочай сустрэчы Уладзімір Цалко паведаміў, што Кіраўнік дзяржавы падпісаў названы Закон.

    Што датычыцца рэгулявання палявання і рыбалоўства, па гэтым пытанні падрыхтаваны асобны праект Указа, які цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі Прэзідэнта. У ім адлюстраваны раней дадзеныя Кіраўніком дзяржавы даручэнні.