Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Санкт-Пецярбурга Георгіем Палтаўчанкам

    Беларусь гатова развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з Санкт-Пецярбургам па шырокім спектры напрамкаў і ў розных формах. Аб гэтым 18 мая заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусі Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся ў Мінску з дэлегацыяй Санкт-Пецярбурга на чале з губернатарам Георгіем Палтаўчанкам.

    Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў савецкі час Беларусь, Ленінград і Масква былі звязаны вельмі цеснымі вузамі супрацоўніцтва. Пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі поўнасцю забяспечвалі гэтыя два гарады. "Я лічу, што ў нас вялікі вопыт у гэтым плане, і ад яго адыходзіць нельга, нам трэба яго аднаўляць", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.

    Пры гэтым ён адзначыў, што размова ідзе не толькі аб продажах, але і аб сумеснай вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі ў сферы як сельскай гаспадаркі, так і машынабудавання, навукаёмістых вытворчасцей. "Ёсць патрэбнасць сёння Санкт-Пецярбурга ў супрацоўніцтве з Беларуссю па пэўных напрамках - вы павінны нам адкрыта сказаць, у чым зацікаўлены. Мы разглядаем на працягу дня і прымаем рашэнне", - адзначыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што з боку Беларусі сапраўды ёсць вялікі інтарэс да Санкт-Пецярбурга.

    "Мы ніколі не адгароджваліся ад Расіі і тым больш ад Санкт-Пецярбурга. Гэта святое для нас. У нас вялікі інтарэс, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы гатовы на любую форму супрацоўніцтва".

    Прэзідэнт адзначыў, што напярэдадні абмяркоўваў з Прэм'ер-міністрам краіны пытанні супрацоўніцтва з Санкт-Пецярбургам і даручыў яму ўважліва разгледзець усе існуючыя праблемы.

    Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што напрамкі супрацоўніцтва даўно вядомы. Гэта не толькі вытворчая сфера, але і гуманітарная. "Вы для нас заўсёды пажаданыя госці. Гэта не проста даніна модзе, гэта сапраўды так", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

    У сваю чаргу губернатар адзначыў, што супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі - адна з галоўных тэм двухбаковага ўзаемадзеяння. Ён падкрэсліў, што беларускія тавары запатрабаваны ў Санкт-Пецярбургу і вызначаюцца высокай якасцю: "На самай справе запатрабавана беларуская прадукцыя, і пецярбуржцы з задавальненнем яе купляюць".

    Цяпер рэалізуецца праграма па стварэнні ў паўночнай сталіцы Расіі тавараправоднай сеткі з 50 магазінаў крокавай даступнасці, у якіх будуць прадавацца беларускія тавары.

    Гаворачы аб міжурадавай праграме гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва да 2016 года, Георгій Палтаўчанка выказаў упэўненасць, што яна будзе садзейнічаць пашырэнню прысутнасці беларускіх сельгасвытворцаў на рынку Санкт-Пецярбурга і ў цэлым надасць дадатковы імпульс эканамічнаму ўзаемадзеянню бакоў.

    Ён звярнуў увагу на эфектыўнасць адносін з Беларуссю. Гаворачы аб двухбаковым гандлі, ён адзначыў, што тавараабарот у 2011 годзе склаў каля $1,7 млрд. і павялічыўся ў параўнанні з папярэднім годам на 30%. У студзені - сакавіку 2012 года аб'ём узаемнага гандлю дасягнуў амаль $400 млн., павялічыўшыся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года на 5%. Пры гэтым беларускі экспарт склаў $265 млн.

    "Галоўнае - ёсць патэнцыял і далей развівацца. Ёсць магчымасць не толькі гандляваць, а ствараць навукаёмістую прадукцыю. Ёсць таксама рэальныя магчымасці для кааперацыі", - лічыць губернатар.

    У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка і Георгій Палтаўчанка абмеркавалі магчымасці развіцця ўзаемадзеяння ў сферах сельскай гаспадаркі, прамысловай вытворчасці, будаўніцтва, транспарту і лагістыкі, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва.

    Прэзідэнт на прыкладзе Мінска расказаў пра рэалізуемую ў Беларусі горадабудаўнічую палітыку. "Мы стараемся захаваць Мінск зручным для жыцця горадам, не імкнёмся забудоўваць яго вышыннымі будынкамі, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы імкнёмся ствараць паркі, зоны адпачынку, каб яны былі ў крокавай даступнасці для людзей, арыентуемся на развіццё гарадоў-спадарожнікаў".

    Ствараюцца добрыя ўмовы для работы і жыцця ў вёсцы. "Мы па ўсёй краіне стварылі 1,5 тыс. аграгарадкоў, структуравалі сельгасвытворчасць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Цяпер фарсіравана будуем вытворчыя аб'екты ў сельскай гаспадарцы: малочнатаварныя, свінагадоўчыя комплексы, птушкафабрыкі".

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўкладзеныя ў сельскую гаспадарку сродкі і пастаянная ўвага да гэтай сферы "даюць магчымасць мець сёння самую якасную прадукцыю". "У свой час, спалохаўшыся Чарнобыля, мы ўстанавілі стандарт якасці на прадукты харчавання вышэйшы, чым у Еўрасаюзе", - сказаў ён.

    Што датычыцца крытыкі, якая гучала не так даўно ў адрас Беларусі за вялікія аб'ёмы падтрымкі аграрнага сектара, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў рамках АЭП бакі дамовіліся ў бліжэйшым будучым выйсці ў гэтым пытанні на адзіны ўзровень. Гэта стварае роўныя ўмовы для паставак тавараў і развіцця канкурэнцыі. "Мы ад гэтага адыходзім (маштабных датацый сельскай гаспадарцы). Пачынаем у сельскай гаспадарцы займацца тымі праблемамі, якімі дзяржава павінна займацца: будаваць дарогі, аб'екты сацкультбыту, меліяраваць землі", - сказаў Прэзідэнт.

    Георгій Палтаўчанка адзначыў, што акрамя паставак сельгаспрадукцыі ёсць значная зацікаўленасць у стварэнні транспартна-лагістычнага калідора з Беларусі ў напрамку Санкт-Пецярбурга. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ёсць рэальныя магчымасці для нарошчвання аб'ёму транспарціроўкі грузаў праз парты Ленінградскай вобласці.

    Асобнай тэмай размовы сталі пастаўкі ў Санкт-Пецярбург беларускай пасажырскай і камунальнай тэхнікі. Напярэдадні сустрэчы з Прэзідэнтам дэлегацыя наведвала "Белкамунмаш" і, паводле слоў губернатара, ёсць добрыя перспектывы і зацікаўленасць у пастаўках прадукцыі, што вырабляецца прадпрыемствам.

    Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што Беларусь можа вырабіць і паставіць практычна ўвесь спектр неабходнай тэхнікі.

    Як адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Андрэй Кабякоў, неабходна таксама максімальна задзейнічаць магчымасці вытворчай кааперацыі, пераходзіць ад простага тавараабмену да стварэння і развіцця сумесных зборачных вытворчасцей. Тым больш што ў фармаце АЭП у беларускіх вытворцаў ёсць магчымасць удзельнічаць у расійскіх дзяржзакупках.

    Падобныя пазіцыі ў бакоў і ў пытаннях распараджэння дзяржуласнасцю, падыходах да прыватызацыі. "Калі мы з ёю (дзяржуласнасцю) спраўляцца не будзем, мы абавязкова яе прададзім, але за нармальную цану", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    "Абсалютна правільна. Павінен быць прагматычны падыход. Таму што наш (расійскі) прыклад дзікай прыватызацыі ў 90-я гады павінен насцярожыць. Мы да гэтага часу маем ад гэтага праблемы, - згадзіўся Георгій Палтаўчанка. - Краіна і народ павінны максімальна атрымаць ад прыватызацыі. Мы цяпер самі гэтак жа робім. Любы ўласнік можа быць або эфектыўным, або неэфектыўным, незалежна ад таго, прыватнік або дзяржава".

    Аляксандр Лукашэнка і Георгій Палтаўчанка ў час размовы неаднаразова падкрэслівалі важнасць адзінства народаў Беларусі і Расіі.

    Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, у свой час у Расіі адносна Беларусі было пэўнае непаразуменне. "Добра, гэты час, магчыма, ужо сцёрся з памяці, і сёння зусім іншае разуменне працэсаў на постсавецкай прасторы. І нарэшце Расія проста дакладна вызначылася, што трэба спачатку аб'яднацца, сабраць вакол сябе тое, што некалі было вакол яе, - сказаў Прэзідэнт. - Нам не трэба Расію напружваць. Мы заўсёды з Расіяй былі заадно і будзем. Нам проста ад гэтага нікуды не дзецца, ні Расіі, ні нам".

    Губернатар Санкт-Пецярбурга ў сваю чаргу падкрэсліў: "Ведаю, што разуменне гэтага ёсць і ў Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Думаю, не дарэмна ён першы свой візіт плануе да вас. Гэта таксама, на мой погляд, паказчык таго разумення і імкнення выбудоўваць адпаведную палітыку. Чым больш цесна мы будзем супрацоўнічаць, чым больш будзем адзін аднаму давяраць і выбудоўваць адносіны, тым прасцей нам будзе на сусветнай арэне адстойваць нашы агульныя інтарэсы".

    "Наша агульная краіна не раз вялікую цану плаціла за будучыню іншых народаў, і цяпер адступаць і даваць магчымасць некаму за наш кошт, мякка кажучы, добра жыць не трэба. Час ужо іншы", - дадаў Георгій Палтаўчанка.