Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Краснаярскага края Львом Кузняцовым

    Беларусь і Расія павінны максімальна выкарыстоўваць перавагі Адзінай эканамічнай прасторы, у тым ліку ў развіцці сувязей з рэгіёнамі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 29 кастрычніка на сустрэчы з губернатарам Краснаярскага края Расійскай Федэрацыі Львом Кузняцовым.

    "Апошнім часам адносіны памiж нашымі брацкімі дзяржавамі развіваюцца здавальняюча. Я адзначаю высокую дадатную дынаміку ў адносінах", – сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    На думку Прэзідэнта, Мытны саюз і Адзіная эканамічная прастора адкрываюць новыя вялікія магчымасці для развіцця эканомік, унутранага і знешняга гандлю, прамысловай кааперацыі, павышэння дабрабыту люзей.

    "На інтэграцыйныя працэсы ў беларусаў і расіян асаблівыя спадзяванні. Ва ўмовах усёабдымнай міжнароднай канкурэнцыі ўвогуле няма часу на разварушванне, асабліва з улікам уступлення Расіі ў СГА. Неабходна эфектыўна выкарыстоўваць перавагі ад зняцця тых бар'ераў, якія існавалі раней, у тым ліку ў нашым гандлі", – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ўмацоўваецца і прырастае сувязямі з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. "Краснаярскі край для нас – перспектыўны і надзейны партнёр не толькі ў сферы гандлю. Некалькі тысяч кіламетраў, якія падзяляюць Мінск і Краснаярск, не могуць перашкаджаць умацаванню нашых адносін", – сказаў Прэзідэнт.

    Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, аб'ём узаемнага гандлю Беларусі з Краснаярскім краем за апошнія тры гады павялічыўся ў два разы, склаўшы ў 2011 годзе амаль $132 млн. "Паказальна, што наша гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне набывае новую якасць. Ад простых тавараабменных аперацый мы пераходзім да рэалізацыі сумесных праектаў, перш за ўсё ў сферы прамысловай кааперацыі", – канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што дзве зборачныя вытворчасці – прэс-падборшчыкаў і кормаўборачных камбайнаў – працуюць ужо ў Краснаярскім краі. У стадыі стварэння вытворчасць збожжасушыльных комплексаў. Адкрыты адзін з буйнейшых за Уралам сэрвісных цэнтраў па абслугоўванню кар'ерных самазвалаў БелАЗ.

    "Нам неабходна наладзіць выпуск сумеснага прадукту, які будзе запатрабаваны не толькі ў Краснаярскім краі, але і ў трэціх краінах. Пара нам разам выходзіць на рынкі трэціх краін, як гэта робяць многія дзяржавы, і ўжо тут атрымліваць адпаведны прыбытак, даходы, што можа значна актывізаваць наша супрацоўніцтва", – прапанаваў Кіраўнік дзяржавы.

    На думку Аляксандра Лукашэнкі, для абодвух бакоў цікавы будзе абмен вопытам развіцця сельскай гаспадаркі, у тым ліку будаўніцтва розных аб'ектаў.

    Добрыя перспектывы ёсць у плане паставак з Беларусі тэхнікі, у якой мае патрэбу Краснаярскі край, а затым – выхаду на яе сумесную зборку і вытворчасць. Размова ідзе як аб сельскагаспадарчай тэхніцы, так і тэхніцы для патрэб прамысловасці, пасажырскага транспарту. "Вы займаецеся мадэрнізацыяй транспартнай інфраструктуры. У нас ёсць пэўны вопыт, і мы можам ім падзяліцца. Не проста расказаць, а практычна рэалізаваць у краі пэўныя праекты", – адзначыў Прэзідэнт.

    "Нашы будаўнікі маюць вопыт узвядзення аб'ектаў, якія запатрабаваны ў вашым краі. Больш таго, пад гэта будаўніцтва мы можам паставіць і будаўнічую тэхніку, і будаўнічыя матэрыялы высокай якасці, – прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. – Вось ужо другі год савецкія стандарты, якія раней былі як у вас, так і ў нас, мы ламаем і пераходзім на самыя высокія еўрапейскія стандарты ў будаўніцтве. Гэта вялікая эканомія, і ў сувязі з гэтым мы можам прадаставіць адпаведныя праекты па энергазберажэнню, інфармацыйных тэхналогіях – двух напрамках, па якіх Беларусь – прызнаны лідар на постсавецкай прасторы. Таму, калі ў вас будзе жаданне, вы можаце азнаёміцца з нашымі напрацоўкамі, і пры неабходнасці мы можам рэалізаваць іх у Краснаярскім краі".

    Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што беларускі бок гатовы максімальна аператыўна разгледзець любыя прапановы з мэтай актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва. "Мы хочам, каб гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва садзейнічала захаванню сувязей паміж нашымі народамі", – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    У сваю чаргу Леў Кузняцоў запэўніў, што Краснаярскі край зацікаўлены ў развіцці ўзаемадзеяння з Беларуссю па ўсіх напрамках, у тым ліку ў сферы высокіх тэхналогій. "Мы атрымалі права развіваць ядзерна-касмічны кластар, таму што 90% мірнай спадарожнікавай праграмы распрацоўваецца, праектуецца, будуецца і пасля суправаджаецца ў горадзе Жалезнагорск, які размешчаны ў Краснаярскім краі", – адзначыў ён.

    Паводле слоў губернатара, для Краснаярскага края таксама цікавы беларускі вопыт развіцця сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў, горадабудаўнічай палітыкі, транспартнай інфраструктуры. "Краснаярскаму краю дэлегавана права прадстаўляць Расію ў заявачнай кампаніі на правядзенне зімовай Універсіяды-2019. І калі мы заваюем магчымасць правядзення гэтых спаборніцтваў, то нам будзе вельмі карысны беларускі вопыт будаўніцтва і эфектыўнага выкарыстання спартыўных аб'ектаў", – сказаў Леў Кузняцоў.

    Паколькі ў Краснаярскім краі пражываюць нямала беларусаў, вялікая зацікаўленасць ёсць і ўразвіцці культурных сувязей. "Партнёрства з вамі для нас вялікі гонар, у нас ёсць шырокі спектр для развіцця супрацоўніцтва", – упэўнены губернатар Краснаярскага края.

    Віцэ-прэм'ер Беларусі Міхаіл Русы канстатаваў, што за апошнія гады значна актывізавалася ўзаемадзеянне з Краснаярскім краем у сельскагаспадарчай сферы. "Мы павінны выйсці на новы этап работы. Адна справа проста гандляваць, а іншая – сумесна атрымліваць прыбытак", – адзначыў ён.

    Паводле слоў віцэ-прэм'ера, Беларусь гатова пастаўляць у Краснаярскі край і падзяліцца тэхналогіямі па вытворчасці ўсяго тэхналагічнага шлейфа сельскагаспадарчай і іншай тэхнікі.

    Што датычыцца харчовых паставак з Беларусі ў Краснаярскі край, то толькі за 8 месяцаў бягучага года іх аб'ём склаў амаль $12 млн.

    "Сёння-заўтра мы павінны выйсці на канкрэтныя пагадненні і падыходы, скласці пакрокавы рабочы план дзеянняў", – адзначыў Міхаіл Русы.

    Аляксандр Лукашэнка прапанаваў стварыць у Краснаярскім краі ўзоры сучасных сельгасаб'ектаў, на якія можна будзе арыентавацца і ў далейшым развіваць усю галіну. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў Беларусі быў паспяхова выкарыстаны яшчэ савецкі вопыт вызначэння ў кожным рэгіёне гаспадарак-маякоў. Для дасягнення выніку не менш важны і ўклад вучоных, а таксама прыклады практычнай рэалізацыі інавацыйных падыходаў ў сельгасвытворчасці.

    Прэзідэнт параіў па прыкладу Беларусі зрабіць у Краснаярскім краі ўпор на стварэнне буйнатаварных гаспадарак: "Для вас гэта вельмі важна, не трэба драбніцца. Дзясятак такіх гаспадарак – і вы будзеце экспартаваць сваю прадукцыю па ўсёй Расіі. Але яе трэба стварыць. Мы гатовы вам гэта зрабіць танна і якасна".

    Губернатар пацвердзіў інтарэс да вывучэння беларускага вопыту ў мясной і малочнай жывёлагадоўлі: "Для нас вельмі карысны вопыт таго, як вы арганізоўваеце, якія ў вас ёсць тыпавыя рашэнні з пункту гледжання вытворчасці, будаўніцтва гэтых аб'ектаў, у тым ліку меры падтрымкі".

    Леў Кузняцоў адзначыў, што адным з важных напрамкаў для эканамічнага развіцця Краснаярскага края ў будучым з'яўляецца нафтавая галіна. У сувязі з гэтым ён нагадаў аб цікавасці Беларусі да работы ў гэтай сферы, аб чым Аляксандр Лукашэнка гаварыў на нядаўняй прэс-канферэнцыі для расійскіх рэгіянальных СМІ.

    У Краснаярскім краі таксама можа быць запатрабаваны беларускі вопыт дарожнага будаўніцтва. Як адзначыў Міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Нічкасаў, у гэтым пытанні ў Беларусі на практыцы прымяняецца шэраг новаўвядзенняў і еўрастандарты, якія даюць магчымасць атрымліваць даволі высокую якасць работ па прымальнай цане.

    У цэлым на сустрэчы адбыўся шырокі абмен думкамі па пытаннях развіцця інфраструктуры ў вёсцы, адукацыі, аховы здароўя, маладзёжнай палітыкі, спорту.