Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Астраханскай вобласці Аляксандрам Жылкіным
Астраханская вобласць можа стаць для Беларусі пляцоўкай для руху ў Каспійскі рэгіён, дзе вельмі запатрабавана беларуская прадукцыя. Перспектывы пашырэння супрацоўніцтва Беларусі і гэтага расійскага рэгіёну абмеркавалі 27 верасня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і губернатар Астраханскай вобласці Аляксандр Жылкін.
Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што ў Беларусі і Астраханскай вобласці ёсць шырокія магчымасці для інтэнсіфікацыі ўзаемадзеяння.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь разглядае Астраханскую вобласць як надзейнага і перспектыўнага партнёра. Гандлёвы абарот Беларусі і гэтага расійскага рэгіёну за апошнія тры гады павялічыўся ў тры разы. У той жа час Прэзідэнт лічыць, што бакі маюць значна большыя перспектывы і могуць перасягнуць гэтыя аб'ёмы ўзаемнага гандлю.
На думку Прэзідэнта, менавіта на ўзроўні прамых сувязей з расійскімі рэгіёнамі закладваецца аснова паспяховага эканамічнага ўзаемадзеяння дзвюх дзяржаў.
"Нам неабходна больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Перакананы, суб'екты гаспадарання нашых краін яшчэ не вычарпалі магчымасці для інтэнсіфікацыі ўзаемадзеяння".
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што простыя таварныя адносіны - гэта ўжо ўчарашні дзень. "Сёння для таго, каб упэўнена глядзець у будучае, неабходна выводзіць двухбаковае супрацоўніцтва на якасна новы ўзровень і сумесна рэалізоўваць узаемавыгадныя праекты", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова ўдзельнічаць у рэалізацыі праграм развіцця Астраханскай вобласці, уключаючы ўдзел у мадэрнізацыі яе прамысловага, сельскагаспадарчага, будаўнічага і жыллёва-камунальнага сектараў.
У прыватнасці, беларускія кампаніі маглі б удзельнічаць у распрацоўцы радовішчаў вуглевадароднай сыравіны ў Астраханскай вобласці. У сваю чаргу Аляксандр Жылкін заўважыў, што Астраханская вобласць мае вялікія запасы вуглевадароднай сыравіны, як газавай, так і нафтавай, шмат стратэгічных радовішчаў.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Астраханскай вобласці паслугі беларускіх будаўнікоў, якія маюць значны вопыт праектавання будаўніцтва буйных інфраструктурных, сацыяльных і прамысловых аб'ектаў, а таксама жылля.
Акрамя таго, Беларусь гатова ўдзельнічаць у рэалізацыі ў Астраханскай вобласці праграмы "Чыстая вада" і прапанаваць свае паслугі па мадэрнізацыі сістэмы водазабеспячэння. Дарэчы, у нашай краіне такая праграма працуе ўжо амаль 10 гадоў. Таксама беларусы гатовы падзяліцца вопытам гадоўлі мясной і малочнай буйной рагатай жывёлы, будаўніцтва агароднінасховішчаў, заводаў па перапрацоўцы малака, малочнатаварных комплексаў. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ёсць шмат тэм для сумеснай работы вучоных не толькі ў аграрнай сферы, але і ў іншых галінах народнай гаспадаркі.
"Словам, нам ёсць што прапанаваць адзін аднаму, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Пры гэтым важна не зацыклівацца толькі на эканоміцы, але таксама развіваць супрацоўніцтва ў ахове здароўя, адукацыі, культуры і турызме".
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць канкрэтныя і найбольш важныя напрамкі супрацоўніцтва Беларусі і Астраханскай вобласці.
Губернатар Астраханскай вобласці Аляксандр Жылкін прапанаваў Беларусі разглядаць гэту вобласць Расіі як пляцоўку для руху ў Каспійскі рэгіён.
Аляксандр Жылкін адзначыў, што ў Астраханскай вобласці склаліся добрыя адносіны з прыкаспійскімі дзяржавамі. "Мы мяжуем з Казахстанам, Туркменістанам, Іранам, Азербайджанам. Сёння на Каспіі ідзе значнае развіццё эканамічных праектаў, індустрыялізацыя прыкаспійскіх берагоў, і той патэнцыял, які мае Астраханская вобласць у эканамічнай, прамысловай, сельскагаспадарчай сферах, нядрэнна ўпісаўся ва ўсе праекты, якія ідуць на Каспіі", - сказаў губернатар.
Ён падкрэсліў, што многія тавары з Беларусі запатрабаваны ва ўсіх прыкаспійскіх дзяржавах. Што датычыцца Астраханскай вобласці, то 76% сельскагаспадарчай тэхнікі, якая тут выкарыстоўваецца, - беларускай вытворчасці, гэта, на думку губернатара, сведчыць аб якасці беларускай прадукцыі.
Губернатар адзначыў, што для Астраханскай вобласці маюць вялікі інтарэс тыя напрамкі, па якіх прапануе супрацоўніцтва беларускі бок, у прыватнасці, рэалізацыя праграмы "Чыстая вада", жывёлагадоўля і іншыя.
Аляксандр Лукашэнка і Аляксандр Жылкін абмеркавалі канкрэтныя перспектыўныя напрамкі развіцця супрацоўніцтва, у тым ліку па пастаўках тавараў, сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі, стварэнню сумесных прадпрыемстваў у сельскай гаспадарцы. У прыватнасці, беларускаму боку цікавы вопыт Астраханскай вобласці ў авечкагадоўлі, развядзенні асятровых парод рыб. Беларусь у сваю чаргу можа падзяліцца тэхналогіямі і вопытам у малочнай і мясной жывёлагадоўлі.
Аляксандр Жылкін таксама прапанаваў Беларусі далучыцца да рэалізацыі праекта па развіццю ў Астраханскай вобласці баваўнаводства. Акрамя наяўнасці ў рэспубліцы перапрацоўчых магутнасцей, беларускія прадпрыемствы маглі б вырабляць і пастаўляць аграрыям неабходную тэхніку. "Тут сапраўды інтарэс вялікі - вытворчасць, аснашчэнне тэхнікай, перапрацоўка. Можна абмеркаваць пытанне аб стварэнні з Астраханскай вобласцю сумеснага холдынга", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Па выніках сустрэчы адказным чыноўнікам з абодвух бакоў даручана дэталёва прапрацаваць дасягнутыя дамоўленасці і ў самыя кароткія тэрміны перайсці да іх практычнай рэалізацыі.