Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Генеральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам

    Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) неабходна рэагаваць на пазіцыю Узбекістана і сітуацыю ў Таджыкістане. Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 31 ліпеня на сустрэчы з Генеральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам.

    Кіраўнік беларускай дзяржавы папрасіў генсакратара АДКБ праінфармаваць аб сітуацыі ў Таджыкістане. "Гэта член нашай арганізацыі. Сітуацыя няпростая, і зварот Прэзідэнта Таджыкістана без увагі пакінуць нельга", - лічыць беларускі лідар.

    Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў Мікалая Бардзюжы пазіцыяй Узбекістана: "Што за пазіцыя, што ляжыць у яе аснове?" "Вы сустракаліся з кіраўніцтвам Расіі, ведаеце іх пазіцыю", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

    "Рашэнне прымаць трэба, нікуды не дзенешся", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

    Мікалай Бардзюжа падкрэсліў, што ўсе адзначаныя тэндэнцыі негатыўнага плана. "Яны сведчаць аб тым, што сітуацыя абвастраецца вакол постсавецкай прасторы і на постсавецкай прасторы, і Таджыкістан - гэта праява тэндэнцыі на негатыўнае развіццё абстаноўкі", - адзначыў ён.

    Наконт ноты Узбекістана з просьбай спыніць членства ў арганізацыі Мікалай Бардзюжа далажыў аб праведзеным Сакратарыятам сумесна з Пастаянным саветам аналізе вынікаў, якія будуць мець месца ў сувязі з такім рашэннем Узбекістана. Па ноце Узбекістана рашэнні павінны прымаць прэзідэнты краін - членаў АДКБ, сказаў Мікалай Бардзюжа.

    Генеральны сакратар АДКБ далажыў Кіраўніку беларускай дзяржавы аб бягучай дзейнасці арганізацыі, падрыхтоўцы да вучэнняў. Паводле яго слоў, праз некалькі дзён пачнуцца вучэнні калектыўных сіл хуткага разгортвання ў Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне, у верасні пройдуць буйныя вучэнні КСАР у Арменіі, а ў кастрычніку - міратворчых сіл у Казахстане.

    Вялікі блок пытанняў датычыўся падрыхтоўкі да асенняй сесіі Савета калектыўнай бяспекі. Як адзначыў Мікалай Бардзюжа, яна будзе поўнасцю прысвечана пытанням ваеннага супрацоўніцтва. "Ёсць дастаткова прарыўныя прапановы, якія дадуць магчымасць нам павысіць узровень і эфектыўнасць ваеннага супрацоўніцтва, выйсці, на мой погляд, на вельмі цікавыя рашэнні па фарміраванню ўсёй ваеннай састаўной часткі", - сказаў ён.

    Мікалай Бардзюжа таксама падкрэсліў, што АДКБ дзеяздольная і можа рэагаваць на любыя выклікі і пагрозы.

    "Арганізацыя даволі дзеяздольная, а самае галоўнае, што АДКБ мае сёння неабходны сілавы патэнцыял, які дае магчымасць рэагаваць на любыя выклікі і пагрозы, што ўзнікаюць перад дзяржавамі і патрабуюць калектыўных намаганняў", - адзначыў Генеральны сакратар АДКБ.