Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з гендырэктарам Кітайскай карпарацыі аэракасмічнай навукі і тэхнікі Ма Сінжуем
Беларусь прапануе Кітаю развіваць супрацоўніцтва ў касмічнай сферы. Аб гэтым заявіў 6 жніўня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з генеральным дырэктарам Кітайскай карпарацыі аэракасмічнай навукі і тэхнікі Ма Сінжуем.
"Мы супрацоўнічаем з Кітайскай Народнай Рэспублікай у гэтай сферы ўжо не першы год, і не адзін год, і дабіліся пэўных поспехаў. Але гэта толькі пачатак, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - У нас яшчэ больш перспектыў, мы гатовы выкарыстаць вопыт Кітая, дасягненні КНР у гэтай сферы, і мы гатовы прапанаваць свае паслугі Кітаю ў касмічнай сферы".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што развіццё касмічнай галіны мае важнае значэнне для Беларусі: "Мы гэтай сферы надаём вялікае значэнне не толькі таму, што ў нас добрая школа і ёсць дастатковая колькасць спецыялістаў, але яшчэ і таму, што мы не бачым сваю нацыянальную бяспеку без развіцця касмічных тэхналогій".
Звяртаючыся да замежнага госця, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў высокі ўзровень узаемаразумення, які склаўся ў адносінах Беларусі і Кітая. "Той высокі ўзровень узаемаразумення, што склаўся ў нас на самым высокім узроўні, дае нам магчымасць і садзейнічае развіццю супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ва ўсіх сферах, па ўсіх напрамках. Гэта датычыцца ў тым ліку, а, можа, сёння ўжо і перш за ўсё, такіх праектаў, як касмічная галіна, праектаў у сферы высокіх тэхналогій", - сказаў Прэзідэнт.
У сваю чаргу гендырэктар Кітайскай карпарацыі аэракасмічнай навукі і тэхнікі Ма Сінжуй таксама прызнаў высокі ўзровень супрацоўніцтва дзвюх краін у касмічнай сферы і звярнуў увагу на добрую якасць беларускага абсталявання ў гэтай сферы. "У супрацоўніцтве Беларусі і Кітая ў галіне касмічнай прамысловасці дасягнуты добрыя поспехі і вынікі. Беларускі бок прадаставіў Кітаю вельмі добрае абсталяванне ў галіне дыстанцыйнага зандзіравання зямлі і яно прымяняецца на нашых апаратах", - адзначыў Ма Сінжуй. Ён выказаў надзею на прадаўжэнне плённага ўзаемадзеяння дзвюх дзяржаў. "Спадзяюся, супрацоўніцтва ў касмічнай галіне выйдзе на больш высокі ўзровень, каб праекты развіваліся на карысць нашых народаў і ў мэтах мірнага асваення касмічнай прасторы", - сказаў гендырэктар.