Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам
Беларусь заўсёды будзе садзейнічаць таму, каб праект саюзнага будаўніцтва меў вельмі высокую дынаміку. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 6 жніўня на сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.
У ходзе сустрэчы ў цэнтры ўвагі знаходзіліся актуальныя пытанні саюзнага будаўніцтва, у тым ліку падрыхтоўкі пасяджэнняў Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі і Саюзнага Саўміна. Асаблівы акцэнт быў зроблены на тэме павышэння эфектыўнасці функцыянавання інстытутаў Саюзнай дзяржавы, надання большай дынамікі працэсам саюзнага будаўніцтва.
"У нас нібыта і праблем стала менш, у плане вырашальнасці пытанняў у саюзным будаўніцтве, у адносінах паміж Беларуссю і Расіяй. Тым не менш працэс не павінен спыняцца. Кожны дзень, кожны тыдзень, кожны месяц мы павінны дэманстраваць пэўную дынаміку ў нашых адносінах" , - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок вельмі ўважліва вывучае ўсе прапановы, у тым ліку і Рыгора Рапоты, па павышэнню эфектыўнасці дзейнасці органаў і структур Саюзнай дзяржавы.
"Вы павінны быць упэўнены ў тым, што мы заўсёды будзем садзейнічаць таму, каб гэты, як яго звычайна называюць, праект, хоць гэта занадта заніжаная назва, саюзнага будаўніцтва меў вельмі высокую дынаміку. І мы ў гэтым напрамку будзем і далей дзейнічаць", - заявіў Прэзідэнт.
"Расія была і застанецца для нас назаўсёды стратэгічным саюзнікам", - асабліва падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускай дзяржавы расказаў, што сёння ў яго адбылася сустрэча з кіраўніцтвам Кітайскай карпарацыі аэракасмічнай навукі і тэхнікі, дзе ішла размова аб супрацоўніцтве ў сферы высокіх тэхналогій. "Мы як з расіянамі, так і з кітайцамі вельмі сур'ёзна супрацоўнічаем, у прыватнасці па космасу, і маем значныя заказы ад Кітайскай Народнай Рэспублікі, - адзначыў Прэзідэнт. - І я ім расказваў аб нашых адносінах з Расійскай Федэрацыяй. Тым больш што паміж Кітаем і Расіяй намецілася тэндэнцыя цеснага супрацоўніцтва. Хацелася б, каб мы ў гэтым вялікім супрацоўніцтве вялікіх дзяржаў не былі лішняй шасцярэнькай. Мы хацелі б, каб Беларусь была запатрабавана на гэтай восі Масква - Пекін. І лічу, што гэта таксама садзейнічала б узмацненню нашых сумесных дзеянняў у рамках Саюзнай дзяржавы".
Рыгор Рапота ў сваю чаргу звярнуў увагу на важнасць сустрэч са Старшынёй ВДС, што дае магчымасць "зверыць гадзіннік, а таксама зразумець, ці правільна выбудоўваецца работа". "Я лічу, што нам трэба ролю Саюзнай дзяржавы, можа, нават узмацніць у той частцы, якая датычыцца наогул беларуска-расійскіх адносін. Гэта павінна быць пастаянна дзеючая пляцоўка, на якой выбудоўваюцца ўсе фундаменты, усе змацаванні беларуска-расійскіх адносін. Прынамсі, я на гэта так гляджу", - падкрэсліў Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы.