Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на пашырэнне супрацоўніцтва ў фармаце Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Аб гэтым ён заявіў 15 сакавіка на сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.
"Вельмі рады, што нам давядзецца разам працаваць над удасканаленнем Саюзнай дзяржавы. І гэтым будзе займацца чалавек, які любіць Расію і Беларусь", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Рыгора Рапоты.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, неабходна вызначыць падыходы, якія дапамогуць узняць узровень супрацоўніцтва ў гэтым саюзным праекце. "Мы абавязаны знайсці тыя прарыўныя напрамкі, якія дадуць магчымасць гаварыць аб добрай дынаміцы ў развіцці Саюзнай дзяржавы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Я нядаўна размаўляў з выбраным Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, і першая фраза, якую ён сказаў, была: "Нам трэба развіваць нашу інтэграцыю, быць бліжэй адзін да аднаго". "Сапраўды, час, сітуацыя, абставіны сведчаць менавіта аб гэтым і паказваюць, што нам не трэба глядзець па баках, што там пра нас падумаюць. Трэба думаць аб сваім народзе і думаць аб тым, што гэты народ падумае пра нас у Расіі і Беларусі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Гатовы абмеркаваць сёння асноўныя напрамкі нашай дзейнасці аж да склікання Вышэйшага дзяржсавета і комплекс пытанняў, якія сёння востра стаяць у Саюзе Беларусі і Расіі", - сказаў Прэзідэнт.
Рыгор Рапота адзначыў, што для яго вельмі важна думка Прэзідэнта Беларусі для таго, каб правільна выбудоўваць работу выканаўчых органаў, паколькі Аляксандр Лукашэнка таксама ўзначальвае Вышэйшы дзяржсавет Саюзнай Дзяржавы. "Цалкам з вамі згодны, што мы павінны знайсці (і мы ўжо маем шэраг ідэй наконт гэтага) прарыўныя напрамкі, па якіх мы павінны рухацца далей наперад", - сказаў Дзяржсакратар.
Паводле яго слоў, цяпер вядзецца аналіз сітуацыі, звязанай з актывізацыяй работы ў тройцы АЭП. "Мы павінны разумець месца нашай Саюзнай дзяржавы ў гэтай інтэграцыйнай канструкцыі і ў цэлым у СНД", - сказаў Рыгор Рапота.
Акрамя таго, ён адзначыў, што таксама аналізуецца сітуацыя, звязаная з уступленнем Расіі ў СГА, каб для Саюзнай дзяржавы гэта таксама было карысна.
Адным з пытанняў, якое абмяркоўвалася ў ходзе сустрэчы, стала пашырэнне форм узаемадзеяння і пераліку механізмаў, якія дадуць магчымасць развіваць супрацоўніцтва ў Саюзнай дзяржаве. У прыватнасці, ужо існуе такая добра адпрацаваная форма ўзаемадзеяння, як саюзныя праграмы. Гэта форма ўзаемадзеяння дае магчымасць укладваць саюзныя сродкі ў развіццё новых тэхналогій. Аднак, нягледзячы на перспектыўнасць такога ўзаемадзеяння, механізм яго фарміравання даволі грувасткі. Яшчэ адна форма супрацоўніцтва - розныя мерапрыемствы: форумы, семінары, канферэнцыі, якія даюць магчымасць далучыць экспертную супольнасць да вырашэння розных пытанняў у развіцці Саюзнай дзяржавы.
Аднак, як адзначыў Рыгор Рапота, у Саюзнай дзяржаве ёсць і больш простая форма супрацоўнцітва, якая абазначана ва ўсіх прававых дакументах, але пакуль не атрымала развіцця. Гэта праекты, якія могуць быць рэалізаваны як за кошт прыватных, так і дзяржаўных сродкаў, а таксама ў рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў падыход па пашырэнні сферы ўзаемадзеяння і ў прыватнасці па гэтым пытанні.
Размова на сустрэчы таксама ішла аб неабходнасці актывізацыі супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў у такіх сферах, як высокія тэхналогіі, мікраэлектроніка, асваенне космасу, нафтахімія, цяжкае і сельгасмашынабудаванне, сельская гаспадарка. Гэтаму садзейнічае высокі навуковы і вытворчы патэнцыял Беларусі.
Паралельна з актывізацыяй супрацоўніцтва ў вытворчым сектары будзе ўдзяляцца ўвага і развіццю сацыяльнай сферы. Ужо цяпер грамадзяне дзвюх краін карыстаюцца роўным доступам да паслуг аховы здароўя, правамі пры паступленні ў ВНУ, заканадаўча вырашаны практычна ўсе пытанні ў сферы пенсіённага забеспячэння.
Як Старшыня Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Прэзідэнт Беларусі паставіў задачу, каб пасяджэнні Савета Міністраў і ВДС набылі рэгулярнасць. У бліжэйшы час павінен адбыцца саюзны Саўмін, на парадак дня якога будзе вынесены шэраг актуальных пытанняў двухбаковага парадку дня. У другой палавіне бягучага года прадугледжваецца правесці Вышэйшы Дзяржсавет, тэрміны якога вызначаць Кіраўнікі дзяржаў.