Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з другім сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі Ігарам Карпенкам
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 8 кастрычніка сустрэўся з другім сакратаром Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Ігарам Карпенкам.
У час сустрэчы абмеркаваны пытанні функцыянавання беларускіх партый і рухаў патрыятычнай накіраванасці, у прыватнасці Камуністычнай партыі Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка выказаў шкадаванне, што гэта партыя была некалі расколатай. "Але няма ліха без дабра і наадварот. Тая частка, якая адкалолася ад КПБ, ужо стала маргінальнай. Гэта партыя была патрыятычнай у цэлым, а адколатая частка фактычна з'яўляецца авангардам усёй нашай "пятай калоны". Можа, і лепш. Няхай. Яны доўга да гэтага ішлі і нарэшце прыйшлі", – адзначыў Прэзідэнт.
"Кампартыя Беларусі засталася ўсё ж такі партыяй патрыятычнай накіраванасці", – дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што дзяржава павінна аказваць падтрымку ўсім партыям патрыятычнай накіраванасці.
"Давайце шчыра гаварыць: трэба іх падтрымаць. Мы не будзем утрымліваць, дапусцім, за кошт бюджэту, але падтрымку ім трэба аказаць. Таму што ўсе гэтыя "пяцікалоннікі" атрымліваюць значныя ўліванні з-за мяжы, гэта немалыя грошы, прынамсі, на існаванне ім хапае. А ў партый, якія нас падтрымліваюць, краіну падтрымліваюць, дзейнічаюць у інтарэсах народа, – часам нават офіса няма, і будынка, і пакоя для таго, каб арганізаваць прыём людзей", – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"І, нарэшце, мы іх можам папрасіць, каб яны нам даводзілі інфармацыю з месц. Гэта не чужыя нашаму народу партыі, таму я не баюся гэтага і адкрыта кажу, што яны не павінны ледзь трымацца – партыі патрыятычнай накіраванасці, – падкрэсліў Прэзідэнт. – Там, дзе яны патрэбны народу, па тых напрамках мы ім будзем дапамагаць".
У час сустрэчы абмеркаваны ў тым ліку і пытанні праведзенай выбарчай кампаніі ў беларускі Парламент, удзелу ў ёй партый патрыятычнай накіраванасці.
Што датычыцца Камуністычнай партыі Беларусі, то, як адзначыў Ігар Карпенка, перад партыяй стаяць новыя задачы па ўмацаванню партыйнай структуры, нарошчванню колькасці. Акрамя таго, трэба вырашыць шэраг пытанняў, вызначаных нядаўна прынятай новай рэдакцыяй праграмы Кампартыі Беларусі.