Сустрэча з віцэ-прэзідэнтам Расійскай акадэміі навук Жарэсам Алфёравым

  • 2
  • 1:00

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 8 чэрвеня сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам Расійскай акадэміі навук акадэмікам Жарэсам Алфёравым.

У цэнтры ўвагі на сустрэчы, якая праходзіла ў цёплай і дружалюбнай атмасферы, знаходзіўся шырокі спектр пытанняў, у тым ліку перспектывы развіцця супрацоўніцтва навуковых колаў Беларусі і Расіі.

"Перш за ўсё хачу падзякаваць вам за вашу жыццёвую пазіцыю. Шчыра прызнаюся, пільна за вамі сачу, за вашымі выступленнямі, заявамі... Беларусь - гэта ваша краіна, ваша радзіма, і я вельмі вам удзячны за вашу пазіцыю. Нават недзе мы, можа, крыху не так сябе паводзілі, але вы кідаецеся ў бой за Беларусь. Гэта лейтматыў вашай жыццёвай пазіцыі. І я вам удзячны за гэта", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Жарэса Алфёрава.

"Гэта цалкам зразумела, інакш і быць не можа", - сказаў вучоны.

Жарэс Алфёраў даў высокую ацэнку развіццю Беларусі, падкрэсліўшы, што гэта сучасная цывілізаваная еўрапейская краіна: "Дарогі, вёскі, гарадкі - усё цудоўнае. Сціпла, таму што не на ўсё ёсць сродкі, але акуратна, чыста, дагледжана, і ўсё працуе".

Вучоны з'яўляецца сустаршынёй навукова-кансультатыўнага савета фонду "Сколкава". "Мы запланавалі ў гэтым годзе выязныя пасяджэнні нашага савета. У сакавіку яно прайшло ў Берліне, у другой палавіне мая - у Акадэмгарадку ў Новасібірску, 20-21 верасня пройдзе ў Мінску", - сказаў ён.

Паводле слоў Жарэса Алфёрава, фонд "Сколкава" сёння адыгрывае значную ролю ў развіцці прамысловасці высокіх тэхналогій на аснове навуковых распрацовак. Таксама існуе даволі шырокае міжнароднае навуковае супрацоўніцтва. У савеце прымаюць удзел многія выдатныя вучоныя не толькі з Расіі, але таксама з ЗША, Францыі, Германіі. "Калі я прапаноўваў правесці выязное пасяджэнне ў Мінску, я меў на ўвазе ў тым ліку тое, што сёння міжнародная прэса, з майго пункту гледжання, дае скажоныя ўяўленні аб тым, як ідуць справы ў нашай Беларусі, - сказаў вучоны. - Я ў тым ліку хацеў, каб выдатныя замежныя вучоныя ўбачылі, што ў Беларусі ёсць добрая навука, развіваюцца новыя тэхналогіі, у тым ліку самыя сучасныя, што Мінск - самы чысты горад у Еўропе і адзін з самых прыгожых".

"Акрамя такіх меркаванняў таксама вельмі важна (паколькі фонд "Сколкава" мае пэўны інтарэс для стварэння новых перспектыўных міжнародных кампаній), каб і Беларусь стала адным з актыўных удзельнікаў гэтага працэсу з выгадай і для свету ў цэлым, і для сябе", - лічыць вучоны.

У фондзе "Сколкава" вызначаны пяць перспектыўных напрамкаў работы: энергетыка і энергазберажэнне, інфармацыйныя тэхналогіі, касмічныя тэхналогіі, біямедыцынскія і ядзерныя тэхналогіі. "Па ўсіх пяці напрамках беларусы працуюць, тут ёсць пэўны зачын і распрацоўкі. Мы абавязкова абмяркуем пытанні правядзення пілотных праектаў. Беларусь можа ўдзельнічаць практычна па ўсіх гэтых напрамках. Ужо сёння беларусы працуюць і ўдзельнічаюць у сколкаўскіх праектах, але гэта трэба пашыраць", - упэўнены Жарэс Алфёраў.

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў садзейнічаць у правядзенні ў Мінску пасяджэння навукова-кансультатыўнага савета фонду "Сколкава". Вырашана, што яно пройдзе ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі.

Акрамя таго, на сустрэчы абмяркоўваліся праблемы развіцця высокіх тэхналогій і навукі ў акадэмічных інстытутах і ВНУ Беларусі.