Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ў Сочы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін 15 верасня ў Сочы разгледзелі шырокае кола пытанняў як двухбаковых адносін, так і ўзаемадзеяння ў рамках розных інтэграцыйных аб'яднанняў, абмяняліся думкамі па актуальных тэмах сусветнага парадку дня.

    Прэзідэнты таксама абмеркавалі гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва дзвюх краін, рэалізацыю буйных сумесных праектаў, у тым ліку будаўніцтва Беларускай АЭС. У якасці важнага пазітыўнага моманту быў адзначаны рост тавараабароту.

    "Ёсць пытанні, якія трэба абмеркаваць. Магчыма, па іх неабходна прыняцце нейкіх рашэнняў. Я лічу, у бліжэйшы час нават у рамках Вышэйшага Дзяржсавета, калі мы вызначымся па даце, зможам сабрацца і прыняць шэраг рашэнняў", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

    "Рад магчымасці пагаварыць з Вамі. Спадзяюся, тут Вы з задавальненнем праведзяце некалькі дзён, - сказаў Уладзімір Пуцін, адкрываючы сустрэчу. - У нас будзе магчымасць абмеркаваць нашы двухбаковыя сувязі, яны развіваюцца вельмі добра, пагаворым і па інтэграцыйных праектах". "Тут мы фіксуем станоўчае развіццё, ва ўсіх трох краін назіраецца дадатная дынаміка. Гандлёва-эканамічныя сувязі, інвестыцыйнае супрацоўніцтва расце", - адзначыў Прэзідэнт Расіі.

    "Што датычыцца эканомікі, Вы маеце рацыю, у нас сітуацыя нармальная, і ў інтэграцыі дадатныя працэсы ідуць, павялічваецца тавараабарот", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Як адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы, ужо каля 50 краін хацелі б заключыць з АЭП пагадненні аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. "Гэта аб многім сведчыць. Мы аб гэтым пагаворым і аб тым, што робіцца ў АДКБ, у рамках Саюзнай дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

    "Хацеў бы вас праінфармаваць і аб сітуацыі на нашай агульнай граніцы. Не такая яна радасная, на жаль, асабліва з пункту гледжання міграцыі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, растлумачыўшы, што мае на ўвазе нелегальную міграцыю праз Беларусь на Захад. "Усплёск вельмі моцны, мы павінны будзем зразумець: чаму і адкуль гэта", - дадаў ён.

    У ходзе сустрэчы Уладзімір Пуцін расказаў Аляксандру Лукашэнку аб выніках работы саміту АЦЭС. У тым ліку ён адзначыў, што ў сваіх выступленнях на саміце неаднаразова падкрэсліваў той факт, што Расія прадстаўляе не толькі свае ўласныя інтарэсы, але таксама інтарэсы ўсяго Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. "У нашых партнёраў гэта выклікае вялікі інтарэс, і некаторыя краіны ўжо хацелі б заключыць з АЭП пагадненні аб зоне свабоднага гандлю. Мы фактычна завяршылі работу ў рамках рабочай групы з В'етнамам, можна ўжо было б пачаць работу па гэтым напрамку", - адзначыў Уладзімір Пуцін, падкрэсліўшы, што ёсць і іншыя краіны з развітой эканомікай, якія зацікаўлены ў такім супрацоўніцтве. "Але нам трэба вельмі ўважліва ўзважыць усе за і супраць, бо пры вырашэнні такіх пытанняў патрэбна, безумоўна, глядзець па таварных пазіцыях, таварных групах, выраўноўваць інтарэсы з абодвух бакоў, - лічыць расійскі лідар. - Але інтарэс шчыры. Гэта сведчыць аб прызнанні прывабнасці нашага агульнага рынку Мытнага саюза і АЭП і перспектывах, якія нашы партнёры бачаць ва ўзаемадзеянні з намі".

    У ходзе перагавораў ішла таксама размова аб тым, каб 19 снежня ў Маскве правесці саміты АДКБ, ЕўрАзЭС і Мытнага саюза.