Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй Выканаўчага камітэта Сяргеем Лебедзевым
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 24 верасня сустрэўся са Старшынёй Выканаўчага камітэта - Выканаўчым сакратаром СНД, кіраўніком місіі наглядальнікаў ад СНД за парламенцкімі выбарамі Сяргеем Лебедзевым.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў місіі наглядальнікаў ад СНД за актыўную работу. "Мне сёння далажылі, што наглядальнікі ад СНД пабывалі ва ўсіх 110 выбарчых акругах. У вас ёсць цэласная карціна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы стараліся выбары правесці ўжо настолькі дэмакратычна, каб камар носа не падтачыў. Але, магчыма, былі нейкія шурпатасці, бо гэта ж цэлая краіна, гэта больш як 7 тыс. выбарчых участкаў, амаль 7,5 млн. выбаршчыкаў. Але, тым не менш, нейкія, напэўна, будуць недахопы, і мы поўныя рашучасці над імі працаваць", – падкрэсліў Прэзідэнт.
"Але мы ад выбараў да выбараў, вы, напэўна, заўважылі, удасканальваемся пакрыху і спрабуем да аўтаматызму давесці ўсе гэтыя працэсы, зноў жа таму што ідзе страшэнны націск з боку заходніх дзяржаў, вы гэта ведаеце. Мы да гэтага спакойна ставімся. Відаць, і ў іх ёсць нейкае рацыянальнае зерне, і гатоў, у тым ліку, сам слухаць іх, і рабіць адпаведныя вывады. Адзінае, чаго мы не прымаем – гэта апрыёры залішні націск. У нас вяршэнствуе закон, Канстытуцыя", – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Вельмі дакладна гэта пракаменціраваў старшыня ЦВК Расіі Уладзімір Чураў, які сказаў: ёсць Канстытуцыя, ёсць законы, і трэба ацэньваць выбары, ці адпавядаюць яны законам Беларусі, а тут прычапіцца няма да чаго, усё ж астатняе – гэта пена", – адзначыў Прэзідэнт. Гэта вельмі дакладная абсалютная ацэнка для любой дзяржавы. Мы праводзім выбары для сябе і па сваіх законах. Можа, яны не зусім дасканалыя, але пакуль гэтыя законы дзейнічаюць, і мы павінны прытрымлівацца гэтых законаў. Ну а значныя заўвагі я гатоў выслухаць, мы гатовы працаваць над гэтым", – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу Сяргей Лебедзеў адзначыў, што ацэнкі місіі наглядальнікаў ад СНД былі аб'ектыўныя, "паколькі дакладна і даволі глыбока бачылі ўсю карціну". "Падкрэсліваю, мы прыехалі сюды як сябры Беларусі, беларусаў, мы ведаем адзін аднаго лепш, чым заходнія наглядальнікі, і таму бачым больш. І мы бачым тую ж самую карціну, што і заходнікі, але бачым яе вачамі сяброў. І калі мы бачым нейкія недахопы, а яны ёсць, хоць нязначныя і ні ў якім выпадку не ўплываюць на вынікі выбараў, мы не драматызуем гэтыя недахопы, а працуем над тым, каб наступны раз гэтых недахопаў не было", – сказаў кіраўнік місіі СНД.
"Мы аднагалосна прыйшлі да высновы, што выбары ў Беларусі прайшлі ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, з Выбарчым кодэксам, Канстытуцыяй. Яны былі адкрытыя, дэмакратычныя і забяспечылі права грамадзян Рэспублікі Беларусь на свабоднае волевыяўленне", – адзначыў Сяргей Лебедзеў, звярнуўшы ўвагу на важнасць таго, што гэта ацэнка прадстаўнікоў усіх дзяржаў Садружнасці, якія ўваходзяць у місію.
Ён падзякаваў усім структурам улады за гатоўнасць да ўзаемадзеяння з наглядальнікамі ад СНД: "Мы атрымлівалі поўную магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія датычацца выбараў, для нас былі адкрыты ўсе дзверы, і на выбарчых участках, і ў органах улады. І мы атрымалі даволі дакладную карціну, якая дала нам магчымасць зрабіць аб'ектыўныя вывады, з аднаго боку. А з іншага боку, у ходзе назірання мы стараліся дапамагаць мясцовым выбарчым органам устараняць недахопы, якія мы заўважалі. Але такіх недахопаў было няшмат, гэта былі адзінкавыя выпадкі".
Сяргей Лебедзеў таксама расказаў Кіраўніку дзяржавы аб рабоце місіі СНД па назіранню за выбарамі.