Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй Урада Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым
Беларусь і Расія маюць намер развіваць праект саюзнага будаўніцтва. Аб гэтым 18 ліпеня заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Мінску са Старшынёй Урада Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Мядзведзевым.
Вітаючы Дзмітрыя Мядзведзева, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "ёсць аб чым пагаварыць, ёсць праблемы і пытанні стратэгічнага характару, якія трэба абмеркаваць".
"Вельмі важна, што вы пачынаеце сваё старое новае жыццё ў палітыцы з Беларусі, з правядзення вельмі важнага мерапрыемства (пасяджэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы). Гэта сведчыць аб тым, што інтэграцыйным працэсам мы ўдзялялі і будзем удзяляць увагу. І вось гэтаму ядру, нашаму галоўнаму праекту Саюзнай дзяржавы мы будзем удзяляць не толькі ўвагу, але і развіваць яго", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі бок гатовы да размовы па ўсіх пытаннях, у тым ліку саюзнага будаўніцтва, яго перспектыў, а таксама сферы абароны, фінансаў. "І з улікам тых неспрыяльных тэндэнцый, якія набліжаюцца да нас з вамі не то з Захаду, не то з Поўдня - з усіх канцоў. Ёсць шмат праблем, якія трэба было б і ўзгадніць", - дадаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
У сваю чаргу Дзмітрый Мядзведзеў канстатаваў, што беларуска-расійскія адносіны выйшлі на зусім іншы ўзровень стратэгічнага партнёрства.
"За апошні год, можа, крыху больш, мы прайшлі вельмі важны шлях і выйшлі на зусім іншы ўзровень стратэгічнага партнёрства, які не можа не радаваць нас у Расіі, і спадзяюся, у Беларусі такія ж настроі", - сказаў Кіраўнік расійскага Урада.
Паводле слоў Дзмітрыя Мядзведзева, аб актыўным супрацоўніцтве дзвюх краін сведчаць канкрэтныя лічбы: "Гандлёвы абарот паміж нашымі краінамі выйшаў на беспрэцэдэнтны ўзровень. Такога гандлёвага абароту ніколі не было. Гэта вынік і сумеснай дзейнасці, і інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы і Мытнага саюза".
Аб'ём узаемнага гандлю Беларусі і Расіі за студзень - май 2012 года перасягнуў $19 млрд. і склаў 125,1% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. На долю Расіі ў гэты час прыпадала амаль 47% агульнага аб'ёму знешняга гандлю Беларусі. У студзені - маі 2012 года экспарт ажыццяўляўся па 945 назвах тавараў замест 905 у аналагічным перыядзе 2011 года.
Як адзначыў Прэм'ер-міністр Расіі, у час сённяшняга пасяджэння саюзнага Саўміна плануецца абмеркаваць пытанні эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, узаемадзеяння ў абароннай, гуманітарнай сферах: "У цэлым мы лічым, што нашы адносіны цяпер знаходзяцца на вельмі добрым узроўні, ёсць узаемаразуменне практычна па абсалютнай большасці бягучых спраў".