Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй Урада Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае вялікую ролю Расіі ў дасягненні высокіх вынікаў у інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Аб гэтым ён заявіў 15 мая, сустракаючыся ў Маскве са Старшынёй Урада Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Мядзведзевым.
"Дзякуючы Расійскай Федэрацыі за апошнія 4 гады мы змаглі дасягнуць у інтэграцыі самых высокіх вынікаў", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка бачыць у гэтым немалую заслугу Дзмітрыя Мядзведзева. "Ваша рашучасць, нават часам рызыка, што трэба калісьці вырашаць гэтыя пытанні, прывялі да таго, што мы сёння на постсавецкай прасторы маем самую развітую інтэграцыю і ў АДКБ, і ў ЕўрАзЭС, і на прасторы Мытнага саюза і АЭП, з якой лічацца нават нашы праціўнікі. Гэта дарагога каштуе", - сказаў Прэзідэнт Беларусі, звяртаючыся да Дзмітрыя Мядзведзева.
"І тое, што Расія змагла зрабіць гэтыя захады, - вялікая Ваша заслуга. Аб гэтым не толькі я кажу", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Дзмітрыя Мядзведзева з назначэннем на пасаду кіраўніка Урада. "Гэту тэму мы ўзнялі з маёй падачы на закрытым пасяджэнні АДКБ. Я выказаўся ў тым плане, што як для Прэзідэнта Уладзіміра Пуціна работа на прэм'ерскай пасадзе, так і Дзмітрыя Мядзведзева пасля прэзідэнцтва на прэм'ерскай пасадзе мала што мяняе. Таму што ў вялікай Расіі задач столькі, што цяжка іх падзяліць паміж Прэм'ерам і Прэзідэнтам", - сказаў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, гэта пацвярджае і той факт, што Дзмітрый Мядзведзеў ляціць цяпер на сустрэчу "вялікай васьмёркі". "Быццам бы прэзідэнцкія паўнамоцтвы - нічога такога. І Прэм'ер вырашае падобныя пытанні", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Хачу сказаць, што мала што зменіцца ў вашым жыцці. Нагрузка ўзрасце".
Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа пажадаў Дзмітрыю Мядзведзеву поспехаў. "Я вельмі спадзяюся, што мы заўсёды будзем канструктыўна супрацоўнічаць, і нашы сустрэчы будуць вельмі плённыя", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі . "Упэўнены ў гэтым", - сказаў Дзмітрый Мядзведзеў.
Кіраўнік расійскага Урада ў сваю чаргу звярнуў увагу на тое, што гэта іх першая сустрэча, калі ён працуе ўжо ў новай якасці. "Але я ўпэўнены, што ў нас будзе шмат добрых падстаў для таго, каб прадоўжыць нашы сустрэчы: і асабістыя, і з тым, каб адносіны паміж Беларуссю і Расіяй умацоўваліся, развіваліся на карысць двух народаў, каб тыя інтэграцыйныя працэсы, да якіх мы маем дачыненне і якімі мы займаліся апошнія гады, таксама прыносілі плён для развіцця нашых краін і народаў", - падкрэсліў Дзмітрый Мядзведзеў.