Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй Праўлення Нацыянальнага банка Надзеяй Ермаковай
У Беларусі не павінны адыходзіць ад абяцанай народу стратэгіі дзеянняў на валютным рынку. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 24 верасня ў час рабочай сустрэчы са Старшынёй Праўлення Нацыянальнага банка Надзеяй Ермаковай.
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз нагадаў аб сваім патрабаванні, каб курс нацыянальнай валюты складваўся выключна зыходзячы з попыту і прапанавання. "Як мы абяцалі, так і павінны ісці, каб нас ніхто не папракнуў. Таму што напярэдадні выбараў усялякіх размоў хапала. Хапае і цяпер, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Вы разумееце, наша "пятая калона", перш за ўсё , праз СМІ прадаўжае нагнятаць абстаноўку: маўляў, нешта тут павінна адбыцца. Нічога не павінна адбыцца. Прынамсі, мы павінны ісці такім курсам, як абяцалі народу".
Прэзідэнту даложана аб сітуацыі ў банкаўскай сістэме, на валютным і фінансавым рынках краіны. Надзея Ермакова паведаміла, што ў верасні крыху ўзрос попыт насельніцтва на наяўную валюту. Але, нягледзячы на гэта, сітуацыя кантралюемая. "Валюты дастаткова для таго, каб задаволіць існуючы на яе попыт. Мы ў першую палавіну года скуплялі валюту і на біржы, і ў насельніцтва", - запэўніла Надзея Ермакова.
Яна пацвердзіла, што напярэдадні парламенцкіх выбараў у людзей часам сапраўды ўзнікалі розныя негатыўныя чаканні адносна сітуацыі на валютным рынку. "Выбары прайшлі, і нейкіх значных змяненняў мы не бачым. Таму сітуацыя з "дэвальвацыйнымі" і "інфляцыйнымі" чаканнямі насельніцтва стабілізуецца", - адзначыла кіраўнік Нацбанка.
"Што датычыцца продажу валюты на біржы, то якіх-небудзь апасенняў мы не бачым. Золатавалютныя рэзервы ў нас збалансаваны, і на канец года мы выйдзем з двухмесячным запасам па імпарту", - сказала Надзея Ермакова.
Прэзідэнту таксама даложана аб удзеле камерцыйных банкаў у крэдытаванні эканомікі. Працэнтныя стаўкі на крэдыты, якія бяруць прадпрыемствы на інвестыцыйныя праекты па дзяржаўных праграмах, ільгатуюцца Урадам. "У гэтым плане ў эканоміцы таксама ўсё збалансавана", - запэўніла кіраўнік Нацбанка.
Што датычыцца інфляцыі, то ў верасні яна не перавышае прагнозныя значэнні. Па выніках года чакаецца, што гэты паказчык будзе ў межах прагназуемых 22%. Пры гэтым стаўка рэфінансавання можа знізіцца да 25-26%.
Па выніках сустрэчы Кіраўнік дзяржавы даручыў Нацыянальнаму банку і ў далейшым падтрымліваць устойлівую работу банкаўскай сістэмы краіны і забяспечваць стабільнасць на валютна-фінансавым рынку.