Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй праўлення "Газпрама" Аляксеем Мілерам

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае, што супрацоўніцтва Беларусі з ААТ "Газпрам" выйшла на якасна новы ўзровень. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 22 лістапада на сустрэчы са старшынёй праўлення "Газпрама" Аляксеем Мілерам.

    "Я з вялікім задавальненнем адзначаю, што ў нас няма, як гэта было заўсёды раней, такога, што новы год пачынаецца, а ў нас аб'ёмы недзе не складваюцца, па цэнах на прыродны газ мы не дамовіліся. На мой погляд, такіх вострых пытанняў у нас ужо сёння не ўзнікае", – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

    "Наадварот, толькі адны планы на будучае, і планы вялікія", – пацвердзіў Аляксей Мілер.

    Паводле слоў Прэзідэнта, супрацоўніцтва беларускага боку з ААТ "Газпрам" выйшла на новы ўзровень. "Ведаю, што і мы прапрацоўвалі шэраг сумесных праектаў з "Газпрамам", і Вы, магчыма, прапануеце новыя праекты, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Прынамсі, па тых праектах, што прапаноўваліся раней, знойдзены напрамкі супрацоўніцтва, якія задавольваюць абодва бакі. Мы іх можам абмеркаваць з вамі, але рашэнне знойдзена".

    "Мы з вялікім задавальненнем вітаем тое, што "Газпрам" больш рашуча з вялікімі інвестыцыямі ідзе ў Беларусь. Мы гэта падтрымліваем, нам гэта выгадна", – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён адзначыў, што такое супрацоўніцтва выгадна і "Газпраму".

    "Давайце гэтыя праекты абмяркуем і намецім шляхі нашага далейшага супрацоўніцтва", – прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

    На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння ў газавай сферы. У 2012 годзе ў Беларусь будзе пастаўлена каля 22 млрд.куб.м газу, што на 10% больш, чым у мінулым годзе. "Гэта яскравы паказчык таго, што эканоміка рэспублікі развіваецца дынамічна, паколькі аб'ёмы энергаспажывання, газаспажывання – гэта першы індыкатар эканамічнага росту", – адзначыў Аляксей Мілер па выніках сустрэчы.

    Была абмеркавана тэма павелічэння аб'ёму транзіту газу праз тэрыторыю Беларусі. Чакаецца, што па выніках ужо гэтага года будзе дасягнута 100-працэнтная загрузка транзітных магутнасцей, транзіт складзе 44,5 млрд.куб.м газу.

    "Газпрам" плануе ў перспектыве павялічыць аб'ём транзіту расійскага газу праз тэрыторыю Беларусі на 30%. Будуць дадзены адпаведныя даручэнні па распрацоўцы тэхніка-эканамічнага абгрунтавання, а работы могуць пачацца ўжо ў 2013 годзе. Рэалізацыя гэтых планаў дасць магчымасць у даволі кароткія тэрміны на працягу трох-чатырох гадоў істотна павялічыць аб'ём транзіту. "У далейшым мы гатовы інвесціраваць у стварэнне новых магутнасцей для транзіту газу праз тэрыторыю Беларусі", – заявіў Аляксей Мілер.

    Адно з галоўных пытанняў – гэта забеспячэнне надзейнасці і стабільнасці паставак газу спажыўцам у нашай краіне. "Газпрам" сумесна з Урадам Беларусі распрацоўвае трох- і дзесяцігадовую інвестыцыйныя праграмы, у якіх у першую чаргу будзе ўдзелена ўвага рэканструкцыі газаразмеркавальных станцый. "Мы плануем, што маглі б за год рэканструяваць больш як 10 станцый і да 2015 года рэканструяваць 35 ГРС", – сказаў кіраўнік "Газпрама".

    На сустрэчы таксама была ўдзелена ўвага павышэнню надзейнасці забеспячэння спажыўцоў у асенне-зімовы перыяд. На думку Аляксея Мілера, гэта магло б быць дасягнута за кошт павелічэння актыўнай магутнасці падземнага захоўвання. У Беларусі ёсць тры падземныя сховішчы. "Але ў першую чаргу трэба звярнуць увагу на Мазырскае ПСГ. Лічым, што магутнасці актыўнага падземнага захоўвання газу ў Беларусі павінны развівацца менавіта на базе гэтага падземнага сховішча, і ў далейшым мы плануем пабудаваць газаправод ад Мазырскага ПСГ у напрамку кампрэсарнай станцыі "Нясвіж", – адзначыў Аляксей Мілер.

    Акрамя таго, абмяркоўваліся пытанні павышэння надзейнасці забеспячэння асобных рэгіёнаў, у прыватнасці Палесся. У гэтым плане мэтазгодна пабудаваць газаправод-перамычку Мікашэвічы – Лунінец.

    Яшчэ адзін перспектыўны праект супрацоўніцтва звязаны з выкарыстаннем газаматорнага паліва. "З Урадам Беларусі падпісаны пратакол па сумеснай рабоце ў гэтым напрамку. Прэзідэнт поўнасцю падтрымлівае. Мы ў самы бліжэйшы час разам з Урадам Беларусі выйдзем на сумесную праграму дзеянняў", – сказаў кіраўнік "Газпрама".

    Размова ішла і аб рэалізацыі сумесных сацыяльных праектаў. "Газпрам" выказаў жаданне пабудаваць у Мінску вялікі сучасны шматфункцыянальны офісна-дзелавы комплекс, які ўключае і аб'екты фізкультурна-аздараўленчага плана, гасцініцу. Дасягнута дамоўленасць аб фінансаванні будаўніцтва шматкватэрнага дома для шматдзетных сем'яў. У супрацоўніцтве з Мінгарвыканкамам таксама будзе фінансавацца развязка на праспекце Незалежнасці. "Хацеў бы яшчэ адзначыць і пытанні па аўтавакзалу, яго рэканструкцыі. "Газпрам" гатовы інвесціраваць значныя сродкі ў будаўніцтва гэтага комплексу. Я цяпер не буду гаварыць аб парадку лічбаў, але ён вельмі вялікі", – сказаў старшыня праўлення ААТ "Газпрам".

    Аляксей Мілер падзякаваў за магчымасць у жніўні бягучага года наведаць Белавежскую пушчу і Брэсцкую крэпасць: "Вельмі моцна ўразіла мяне Брэсцкая крэпасць, і мы прынялі рашэнне па аднаўленню паўднёва-ўсходняй казармы, капітальнаму рамонту і размяшчэнню там экспазіцыі. Будзем дапамагаць Брэсцкай крэпасці, фінансаваць, аказваць усялякую дапамогу".