Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам
У беларускім Парламенце новага склікання павінна быць захавана пераемнасць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 лютага на сустрэчы са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, у Беларусі склалася практыка, калі ў новы склад Парламента выбіраюцца 20-25% дэпутатаў папярэдняга склікання. "Нам трэба мець у новым Парламенце прыкладна чвэрць дэпутатаў старога, каб захаваць пераемнасць. Але гэта сапраўды павінны быць дэпутаты без сучка і задзірынкі ў сваёй рабоце з насельніцтвам, у выбарчых акругах. Людзі ж да іх больш прыдзірліва будуць ставіцца. Таму пераемнасць - гэта вельмі важнае пытанне".
"Па-другое, як бы мы тут не дэмакратызаваліся, як бы мы ні заяўлялі аб тым, што мы далёка стаім ад гэтага працэсу выбараў, я думаю, Вам асабіста як Старшыні трэба будзе ўсё ж такі прымаць удзел у арганізацыі гэтай кампаніі. Можа, нават Савету Палаты прадстаўнікоў вызначыць мерапрыемствы ў дапамогу Цэнтральнай выбарчай камісіі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Усё ж такі дэпутаты - гэта прадстаўнікі нашых выбаршчыкаў, і наўрад ці хто-небудзь прэтэнзіі прад'явіць, калі яны дапамогуць па-чалавечы, дэмакратычна арганізаваць працэс выбараў. Таму тут таксама трэба вызначыцца".
"І, па-трэцяе, калі завяршаецца работа цяперашняга Парламента, трэба разам з Урадам, перш за ўсё старшыням камісій, Савету, Вам вызначыць тыя першачарговыя пытанні, якія неабходна вырашыць, каб прыгожа і дастойна завяршыць цяперашняе скліканне. Гэта таксама вельмі важна. І шэраг іншых пытанняў, якія могуць паўстаць перад Парламентам у гэтыя апошнія месяцы работы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама рэкамендаваў дэпутатам, каб яны актыўна папрацавалі з насельніцтвам. "У нас пайшло значнае паляпшэнне сітуацыі ў краіне з пункту гледжання эканомікі. Але, як і любы выхад са складанай сітуацыі, гэта адбываецца нераўнамерна. Дзесьці, як я гаварыў учора на нарадзе, выйшлі на заработную плату і $800-900, а дзесьці яшчэ і да $200 не дацягваюць. Нам праз год-паўтара трэба аднавіць дакрызісны ўзровень даходаў насельніцтва, можа крыху і перасягнуць яго, каб людзі разумелі, што мы не проста размовамі займаліся ў свой час. Паабяцалі - трэба зрабіць. У гэтым плане хацелася б, каб дэпутаты актывізаваліся, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта значыць, трэба людзей падрыхтаваць да парламенцкіх выбараў, і, думаю, дэпутаты, кожны ў сваёй акрузе, павінны гэтым заняцца".
"Трэба з Адміністрацыяй, Урадам прапрацаваць злабадзённыя пытанні, з якімі дэпутаты пойдуць да людзей, каб яны пункт гледжання Прэзідэнта змаглі данесці, паразмаўляць з людзьмі. Мы павінны атрымаць зваротную сувязь па шэрагу пытанняў, якія мы вырашым і павінны вырашаць напярэдадні парламенцкіх выбараў. Як ні круці, гэта экзамен для ўлады. Трэба загадзя вырашыць гэтыя пытанні, каб нас народ менш папракаў потым на парламенцкіх выбарах і каб потым нашы "свядомыя" з "пятай калоны" ўнутры і асабліва на Захадзе не прад’яўлялі нам прэтэнзіі па складзе будучага Парламента", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
"Я ўпэўнены, што парламент будзе выключна ад народа. Туды балбатуны не трапяць, а прыйдуць людзі, якія гатовы вырашаць пэўныя пытанні. Вам з дэпутатамі трэба вылучыць гэтыя пытанні. Няхай іх будзе 50, 70, 100, але гэта будзе для нас праграма работы да парламенцкіх выбараў. А нейкія пытанні застануцца на потым", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Уладзімір Андрэйчанка расказаў, што дэпутаты ў сваёй рабоце асноўную ўвагу ўдзяляюць пытанням якасці і тэрмінам падрыхтоўкі законапраектаў. За час работы папярэдняй дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу чацвёртага склікання прынята больш як 100 законапраектаў. Паспяхова вялася работа беларускіх парламентарыяў і на міжнароднай арэне. Так, у верасні мінулага года парламент Беларусі атрымаў статус наглядальніка ў Міжпарламенцкай асамблеі АСЕАН, прадоўжыліся плённыя кантакты з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Таксама ў Беларусі праведзена пасяджэнне Савета Парламенцкай асамблеі АДКБ.
Дэпутаты актыўна працавалі ў сваіх выбарчых акругах, вялі прыём грамадзян, разглядалі іх звароты.
Напружаная работа чакаецца на чарговай, дзясятай, сесіі, якая пачне работу 2 красавіка. На гэты момант у камісіях Палаты прадстаўнікоў на разглядзе знаходзіцца больш як 50 законапраектаў, у тым ліку новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса, шэраг законапраектаў эканамічнага характару. Што датычыцца міжнароднай дзейнасці, то ў Парламенце вядзецца работа над тым, каб у 2012 годзе атрымаць статус наглядальніка ў Парламенцкай канферэнцыі Балтыйскага мора.
Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць больш эфектыўна праводзіць маніторынг прымаемых законапраектаў, часцей сустракацца з выбаршчыкамі, працоўнымі калектывамі. Да распрацоўкі законапраектаў трэба больш актыўна прыцягваць вучоных, прадпрымальніцкія структуры, спецыялістаў і кіраўнікоў адпаведнага профілю.
У ходзе сустрэчы значная ўвага была ўдзелена пытанню гарманізацыі нацыянальнага заканадаўства з дагаворна-прававой базай Адзінай эканамічнай прасторы. Прэзідэнт таксама адзначыў, што замежныя камандзіроўкі парламенцкіх дэлегацый павінны праходзіць больш плённа, каб у іх ходзе разглядаліся не толькі пытанні парламенцкай, але і знешнегандлёвай дзейнасці, узнімаліся тэмы развіцця культурных сувязей, супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя, адукацыі, спорту і турызму.