Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй Нацыянальнай асамблеі Каралеўства Камбоджа Хенгам Самрынам

    Беларусь гатова да пашырэння супрацоўніцтва з Камбоджай па ўсіх напрамках. Аб гэтым 21 чэрвеня на сустрэчы са Старшынёй Нацыянальнай асамблеі Каралеўства Камбоджа Хенгам Самрынам заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

    "Мы гатовы з вамі супрацоўнічаць па ўсіх напрамках, гатовы да пашырэння нашага супрацоўніцтва ў тым аб'ёме, у якім гэтага патрабуе ваша дзяржава", - сказаў беларускі лідар.

    На думку Аляксандра Лукашэнкі, гэты візіт парламенцкай дэлегацыі Камбоджы ў Беларусь - пачатак новай вяхі супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.

    Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што ні па аднаму з пытанняў міжнароднага парадку дня ў Беларусі і Камбоджы няма разыходжанняў. "У нас няма супярэчнасцей, няўзгодненых пытанняў, рознагалоссяў па глабальнаму міжнароднаму палітычнаму парадку дня", - адзначыў Прэзідэнт. Ён таксама выказаў удзячнасць за аказаную Камбоджай падтрымку ў атрыманні беларускім парламентам статусу наглядальніка ў Парламенцкай асамблеі АСЕАН.

    Наконт гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Кіраўнік дзяржавы сказаў, што цяперашні тавараабарот у памеры $2 млн. не адпавядае эканамічным патэнцыялам Беларусі і Камбоджы. "Мы можам мець у разы большы тавараабарот. Але для таго, каб яго павялічыць, перш за ўсё трэба наладзіць прамыя гандлёва-эканамічныя сувязі, каб мы гандлявалі і ажыццяўлялі эканамічныя дзеянні без пасрэднікаў", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў вялікую ролю парламентаў Беларусі і Камбоджы ў развіцці двухбаковых адносін, адзначыўшы, што менавіта дэпутаты стаялі ля іх вытокаў.

    У сваю чаргу Хенг Самрын падзякаваў беларускаму боку за цёплы прыём і падкрэсліў імкненне Камбоджы да далейшага паглыблення і ўмацавання адносін з Беларуссю.