Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй Канстытуцыйнага Суда Пятром Міклашэвічам
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 31 студзеня сустрэўся са Старшынёй Канстытуцыйнага Суда Пятром Міклашэвічам.
На сустрэчы была звернута ўвага, што для павышэння эфектыўнасці ўздзеяння права ў розных сферах неабходна ўзмацніць канстытуцыйны кантроль над нарматворчасцю.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Канстытуцыйнаму суду неабходна ўзяць на кантроль выкананне Паслання Канстытуцыйнага Суда Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу "Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2012 годзе".
"Вы прадставілі дакумент аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Беларусі ў 2012 годзе. Я яго накіраваў з адпаведнай рэзалюцыяй усім для выканання. Вазьміце гэта на кантроль. Інфармуйце мяне аб выкананні дзяржаўных прапаноў, якія выкладзены ў вашым дакуменце. Гэта асноўнае", - сказаў Прэзідэнт.
"Калі, напрыклад, урад, суды і іншыя органы ўлады на выяўленыя недахопы не рэагуюць, то, напэўна, трэба мяне падключаць да гэтага працэсу, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Гэта недапушчальна, калі Канстытуцыйны Суд у такой, можна сказаць, мяккай форме прапануе адрэагаваць на недахопы, а меры не прымаюцца".Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся таксама якасцю законапраектаў, якія прымае парламент: "Якая сітуацыя з законамі, як, з вашага пункту гледжання, працуе парламент, як вы навогул ацэньваеце яго патэнцыял?"
Як адзначыў Пётр Міклашэвіч, у парадку папярэдняга канстытуцыйнага кантролю КС праверыў усе законы, прынятыя Парламентам. Усе яны былі прызнаны адпаведнымі нормам і прынцыпам Канстытуцыі.
У працэсе работы над Пасланнем Канстытуцыйнага Суда Прэзідэнту, Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу "Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2012 годзе" была прааналізавана сітуацыя на аснове разгледжаных у мінулым годзе спраў і матэрыялаў. Акрамя таго, у Канстытуцыйны Суд паступіла каля тысячы зваротаў грамадзян і арганізацый. На падставе некаторых з іх КС былі прыняты рашэнні, накіраваныя на ўстараненне прабелаў, выключэнне калізій і прававой няпэўнасці.
Кіраўнік дзяржавы таксама быў праінфармаваны аб міжнародным супрацоўніцтве КС з аналагічнымі органамі іншых краін, з Венецыянскай камісіяй Савета Еўропы, было ўзгоднена пытанне аб дэлегаванні ў якасці прадстаўніка Беларусі ў гэту камісію намесніка Старшыні Канстытуцыйнага суда Вольгі Сяргеевай.
На сустрэчы таксама былі ўзгоднены некаторыя арганізацыйныя пытанні да 20-гадовага юбілею КС, які будзе адзначацца ў 2014 годзе. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд мае намер правесці міжнародны форум з удзелам сваіх калег з еўрапейскіх краін, постсавецкай прасторы. На гэтым форуме плануецца прадставіць дзейнасць беларускага КС па забеспячэнню вяршэнства Канстытуцыі, абароне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, абмяняцца вопытам.