Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Георгіем Кузняцовым

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 22 студзеня сустрэўся са Старшынёй Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Георгіем Кузняцовым.

    У цэнтры ўвагі быў разгляд праекта Закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі.

    Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важнасць гэтага пытання, паколькі рашэнне аб адвядзенні канкрэтных зямельных участкаў пад будаўніцтва, для іншых мэт, прымаецца Прэзідэнтам і з’яўляецца вялікім аб'ёмам работы.

    Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна прадоўжыць сумесна з Адміністрацыяй Прэзідэнта выпрацоўку сістэмы прыняцця такіх рашэнняў.

    "Хутчэй за ўсё, нам трэба вось такія рашэнні, якія датычацца часовага адвядзення зямель, адвядзення зямель пад лініі электраперадач і да таго падобныя аб'екты, гэта значыць нязначных адвядзенняў і якія не падлягаюць ніякаму сумненню, аддаць на ўзровень аблвыканкамаў. Я не супраць. Трэба разгледзець гэта пытанне", – сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    "Але істотныя плошчы зямельных угоддзяў: лясных угоддзяў, лугоў, пашы і гэтак далей – вось гэта адвядзенне павінна знаходзіцца пад кантролем Прэзідэнта. Гэта адназначна", – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Кіраўнік дзяржавы даручыў прадугледзець у гэтым плане максімальнае спрашчэнне, пакінуўшы для разгляду на ўзроўні Прэзідэнта толькі адвядзенне значных зямельных участкаў.

    Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў чыноўнікаў аб недапушчальнасці злоўжывання ўладай пры прыняцці такіх рашэнняў.

    "Я хацеў бы пачуць каментарый да гэтага Закона, перш чым я яго падпішу, па ўсіх змяненнях, якія вы ўносіце, з той мэтай, ці не прывядзе гэта да таго, што ў нас ізноў пачнецца разбой пры адвядзенні зямель", – сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён прывёў прыклад такіх непрадуманых рашэнняў: "Калі трэба ферму пабудаваць, значыць, на новым месцы, за край свету ад канкрэтнага населенага пункта, куды трэба праводзіць дарогу, электрычнасць, прыродны газ, гэта значыць інфраструктуру будаваць. Нясём вялікія затраты. Больш таго, мы забіраем яшчэ да 50 га, а то і больш, калі будуецца комплекс, зямель сельскагаспадарчага прызначэння. Гэта ненармальна".

    "Прытым па кар'ерах паглядзіце. Як толькі мы "ўніз" аддаём гэтыя рашэнні, з'яўляецца вялікая колькасць кар'ераў па краіне. Я, пралятаючы на верталёце, гэта ўсё бачу. Таму тут таксама разбою быць не павінна, калі будзем гаварыць аб часовым адвядзенні зямель. Гэта наносіць непапраўны ўрон нашай краіне. Калі гэтыя кар'еры адводзяць, потым іх кідаюць, яны зарастаюць хмызняком, а то і яшчэ горш – туды насельніцтва пачынае скідаць смецце, і вецер гэта ўсё разносіць. Увогуле, атрымліваюцца звалкі на месцы гэтых кар'ераў. Гэта недапушчальна!" – лічыць Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што парадак павінен быць і пры адвядзенні лясных і іншых угоддзяў, каб займацца паляваннем, рыбалоўствам і гэтак далей.

    "Ніякай бюракратыі быць не павінна, павінна быць эфектыўнасць. Але ў той жа час поўны кантроль з адвядзеннем такіх зямель. Занадта ў нас, напэўна, сёння з'явілася прыватных паляўнічых угоддзяў, і мы не заўсёды там нармальна кантралюем сітуацыю. Я не хачу сказаць, што ў кожнага прыватніка дрэнна. Ёсць прыватныя паляўнічыя ўгоддзі, якія эфектыўна працуюць, больш таго, дзе прыватнік дбае аб навядзенні, падтрыманні парадку, развядзенні дадаткова жывёл, іх утрыманні. Але ёсць, і такіх гаспадарак больш, якія такімі не з'яўляюцца", – адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама пацікавіўся, як гэтыя пытанні вырашаюцца сёння ў краіне.

    "І ў цэлым сітуацыя з адвядзеннем зямель. Занадта мы зацягваем гэтыя пытанні, ці ёсць праблемы і якія?" – паставіў пытанні Прэзідэнт.

    "Кантроль – гэта добра, ён заўсёды будзе, але не наносіла б гэта ўрону інвестыцыям, якія мы ажыццяўляем, узвядзенню жылля, якое людзі хочуць самі будаваць, просяць зямельныя ўчасткі. Вось на гэтыя пытанні я хацеў бы таксама атрымаць адказ, паколькі мы ўжо абмяркоўваем сёння праект закона аб змяненнях у зямельны кодэкс", – дадаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў больш строга ставіцца да адвядзення і прадастаўлення сельскагаспадарчых зямель для нясельскагаспадарчых мэт, аднаўляючы ўзамен адведзеных раўнацэнныя, роўнавялікія плошчы. Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы даручыў звяртаць больш пільную ўвагу на прадастаўленне паляўнічых угоддзяў і зямельных участкаў для будаўніцтва аб'ектаў нерухомай маёмасці на тэрыторыі паляўнічых угоддзяў.