Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладамі губернатараў Брэсцкай і Магілёўскай абласцей

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў вырашыць актуальныя праблемы, якія тармозяць развіццё Брэсцкай і Магілёўскай абласцей. Такую задачу ён паставіў 27 сакавіка, прымаючы з дакладамі губернатараў гэтых рэгіёнаў Канстанціна Сумара і Пятра Рудніка.

    У пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго цікавіць стан спраў у гэтых абласцях і меры, якія прымаюцца па выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.

    Прэзідэнт звярнуў увагу на шэраг момантаў, якія выклікаюць яго насцярожанасць.

    Па-першае, па выніках сацыялагічных даследаванняў дзве гэтыя вобласці - Брэсцкая і Магілёўская - па ўзроўні даверу мясцовым органам улады знаходзяцца на апошніх месцах, гэта значыць тут самы нізкі ўзровень даверу.

    Па-другое, у гэтых рэгіёнах на гэты момант самы высокі па краіне ўзровень вымушанай няпоўнай занятасці.

    Па-трэцяе, практычна ў кожным раёне парушаліся тэрміны выплаты заработнай платы.

    "На гэтым фоне назіраецца істотнае пагаршэнне сацыяльна-псіхалагічнай сітуацыі ў працоўных калектывах", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

    Акрамя таго, у рэгіёнаў самыя нізкія ў краіне тэмпы развіцця. "Больш таго, Брэстчына па валавым рэгіянальным прадукце не змагла дасягнуць нават мінулагодняга ўзроўню", - заўважыў Прэзідэнт.

    Рэгіёны ў ліку адстаючых і па якасных параметрах сацыяльна-эканамічнага развіцця.

    "Прашу адказаць на гэтыя пытанні. Нельга забываць, што гэтыя праблемы, а таксама іншыя, якія існуюць у абласцях, павінны быць вырашаны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да губернатараў.

    Прэзідэнт зноў нагадаў аб парламенцкіх выбарах. "Гэта, вы разумееце, экзамен для ўлады, і яго давядзецца трымаць па поўнай. На каго-небудзь спіхнуць адказнасць не атрымаецца. Закон і Канстытуцыя гэтага не дазваляюць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.