Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Валерыя Вакульчыка

    Следчы камітэт на працягу 2012 года павінен дакладна выбудаваць сваю работу і стаць паўнацэннай дзейснай структурай. Такую задачу паставіў 9 студзеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам Старшыню Следчага камітэта Валерыя Вакульчыка.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што праз год структура Следчага камітэта павінна быць цалкам адшліфавана з улікам тых недахопаў, якія будуць выяўлены ў працэсе яго работы. Акрамя таго, неабходна будзе канчаткова вызначыцца і з кадравым складам гэтай структуры. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Следчы камітэт павінен стаць узорам для ўдасканалення работы іншых сілавых структур.

    З пачатку года супрацоўнікамі Следчага камітэта зроблена больш як 3 тыс. выездаў у складзе следча-аператыўных груп, узбуджаны 1122 крымінальныя справы, па якіх пачата вядзенне следчымі камітэта. Як адзначыў Валерый Вакульчык, супрацоўнікі Следчага камітэта разам з органамі МУС расследуюць злачынствы, своечасова рэагуюць на выклікі і паведамленні аб здарэннях і злачынствах.

    У той жа час у стадыі вырашэння знаходзіцца яшчэ шэраг гаспадарчых, бытавых пытанняў, у тым ліку па размяшчэнні падраздзяленняў Следчага камітэта ў абласных і раённых цэнтрах. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў арганізацыі работы Следчага камітэта павінны прымаць удзел кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, а таксама губернатары. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пры правядзенні рабочых паездак па рэгіёнах краіны ён мае намер наведваць аб'екты Следчага камітэта.