Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Старшыню Праўлення Нацыянальнага банка Надзею Ермакову

    Банкаўская сістэма Беларусі працуе стабільна. Аб гэтым Кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку 16 студзеня ў ходзе рабочай сустрэчы далажыла Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Надзея Ермакова.

    Прэзідэнт пацікавіўся, як развіваецца сітуацыя на фінансавых рынках, якія асноўныя тэндэнцыі канца мінулага і пачатку бягучага гадоў. "Розныя былі меркаванні, размовы аб тым, што мы тут ледзь не палітыку збіраемся мяняць у фінансавай сферы. Розных чутак хапала правакацыйных. Паводле маіх даных, Нацыянальны банк і Урад дастойна прайшлі гэты перыяд. І як паказаў час, чуткі гэтыя былі ні на чым не заснаваны", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    "Золатавалютныя рэзервы ў нас упершыню ў гісторыі дастатковыя для таго, каб сёння любы курс нацыянальнай валюты падтрымліваць. Але ён павінен быць абгрунтаваны, разумны, як мы дамовіліся, і абавязкова свабодны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Надзея Ермакова далажыла Прэзідэнту, што сітуацыя на валютнай біржы і ў банкаўскай сістэме ў цэлым складваецца нядрэнная. Паводле стану на 1 студзеня 2012 года, сфарміраваны золатавалютныя рэзервы ў суме $7,9 млрд. па міжнародных стандартах.

    Ліквіднасць у банкаўскай сістэме знаходзіцца ў норме, росту праблемных крэдытаў не назіраецца, банкі і плацежная сістэма працуюць устойліва і без збояў. На наяўным рынку сітуацыя таксама спакойная.

    Насельніцтва прадае за дзень на 5-7 млн. валюты ў доларавым эквіваленце больш, чым купляе. "У эканоміцы склалася сітуацыя, калі яна забяспечвае сама сябе без дадатковай падтрымкі банкаўскай сістэмы", - канстатавала кіраўнік Нацбанка.