Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Старшыню праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзею Ермакову

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 6 сакавіка прыняў з дакладам Старшыню праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзею Ермакову.

    Як адзначыў Прэзідэнт, у цэлым сітуацыя на фінансавым рынку Беларусі складваецца спакойная. "Адбыліся зрухі па стаўцы рэфінансавання (цяпер стаўка рэфінансавання складае 38% гадавых). Гэта добра, тэндэнцыя нармальная, і мы пераконваемся ў тым, як мне дакладвае Урад, што гэта крокі ў правільным напрамку. У гэтым напрамку мы і будзем дзейнічаць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Стаўку рэфінансавання трэба зніжаць для таго, каб эканоміка магла атрымаць больш танныя грошы. Яны патрэбны. Нас жыццё ўжо да гэтага падвяло. Самі банкіры, якія непасрэдна працуюць з рэальным сектарам, гавораць, што нам сапраўды трэба ісці на зніжэнне стаўкі рэфінансавання, каб крэдыты былі больш даступныя".

    На сустрэчы таксама была абмеркавана тэма інфляцыі. "Урад мне дакладвае аб тым, што на некаторыя тавары цэны пайшлі ўніз. Інфляцыя ў нас звязана з рэгуляваннем цэн, з тым, што мы самі рэгулюем, дапусцім, у адукацыі, іншых сферах. Гэта - адміністрацыйнае рэгуляванне, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - І гэта таксама добра, таму што рыначная інфляцыя там, дзе цэны залежаць чыста ад попыту і прапанавання, мае тэндэнцыю да паніжэння. Можа, нам і не трэба гэта паніжэнне. Нам стабілізавацца б на гэтым узроўні і падцягваць да яго даходы насельніцтва, і ў гэтых адносінах у нас добрыя тэндэнцыі".

    Як далажыла Кіраўніку дзяржавы Надзея Ермакова, у сітуацыі на валютным і фінансавым рынках, у банкаўскай сістэме краіны ў цэлым адзначаецца значная стабілізацыя. Што датычыцца змяншэння стаўкі рэфінансавання, Кіраўнік Нацбанка канстатавала, што гэта адбылося перш за ўсё па прычыне зніжэння інфляцыі. Гэтаму ў тым ліку садзейнічала скарачэнне залішніх грошай у абарачэнні, нармалізацыя сітуацыі на валютным рынку, натуральнае зніжэнне цэн на некаторыя тавары. "Вядома, ёсць адміністрацыйны рэсурс, які стрымлівае цэны. Гэта таксама нармальная сітуацыя, таму што кожная краіна рэгулюе тыя або іншыя цэны, асабліва на сацыяльна значныя тавары або паслугі", - сказала Надзея Ермакова. Яна адзначыла, што стаўка рэфінансавання павінна заставацца дадатнай у параўнанні з узроўнем інфляцыі.

    "Рэзка зніжаць стаўку рэфінансавання мы не будзем. І ў той жа час мы пакідаем за сабой права, калі раптам штосьці зменіцца ў цэнах або інфляцыі, стаўку рэфінансавання павысіць. Але сёння сітуацыя складваецца так, што яна рухаецца да паніжэння", - канстатавала кіраўнік Нацбанка.

    Аляксандр Лукашэнка даручыў і ў далейшым падтрымліваць стабільнае функцыянаванне банкаўскай сістэмы і своечасова рэагаваць на розныя змяненні і тэндэнцыі ў гэтай сферы.