Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Старшыню праўлення Нацбанка Надзею Ермакову

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў Нацыянальнаму банку сумесна з Урадам прыняць актыўныя меры па зніжэнні ўзроўню інфляцыі. Адпаведную задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 11 мая, прымаючы з дакладам Старшыню праўлення Нацбанка Надзею Ермакову.

    "Усё, што вы мне скажаце аб курсе рубля, укладах, рабоце эканомікі, я ў агульных рысах ведаю. Сітуацыя складваецца нядрэнна. Лічу, што настаў час Нацыянальнаму банку перш за ўсё, Ураду пераходзіць да пытанняў інфляцыі. Трэба ўжо супакоіць людзей", - сказаў Прэзідэнт.

    Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, цяпер няма падстаў для росту інфляцыі, у знешнім гандлі складваецца дадатнае сальда. "Мы ў прынцыпе вырашаем тыя балючыя пытанні, якія не маглі вырашыць гадамі, а то і дзесяцігоддзямі. Яшчэ раз падкрэсліваю: даходы насельніцтва будуць расці. Гэта адназначна. Трэба думаць, што рабіць з інфляцыяй і як з ёю змагацца", - даручыў Аляксандр Лукашэнка, заўважыўшы, што ў Беларусі інфляцыя кантралюемая і адбывалася ў тым ліку за кошт штучнага выраўноўвання цэн з суседнімі краінамі на спажывецкія тавары.

    Надзея Ермакова далажыла Прэзідэнту аб сітуацыі на валютным рынку, фарміраванні золатавалютных рэзерваў, крэдытаванні эканомікі. "Меры, якія прымаюцца Нацбанкам у сферы грашова-крэдытнай, працэнтнай палітыкі, валютнага курсу, садзейнічалі стрымліванню інфляцыі", - адзначыла яна.

    Прэзідэнт таксама паставіў перад банкаўскай сістэмай задачу звярнуць дадатковую ўвагу на крэдытаванне эфектыўных інвестыцыйных праектаў, будаўніцтва жылля для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў грамадзян.

    Акрамя таго, дадзены даручэнні па падтрыманні і павелічэнні золатавалютных рэзерваў. Цяпер яны складаюць $8 млрд. Паводле слоў Надзеі Ермаковай, як суб'екты гаспадарання, так і насельніцтва актыўна прадаюць валюту, стабілізаваўся курс беларускага рубля.

    Нацбанк і ў далейшым мае намер праводзіць строгую манетарную палітыку і прымаць меры па зніжэнні інфляцыі. Напярэдадні было прынята рашэнне аб зніжэнні з 16 мая стаўкі рэфінансавання да 34% гадавых. "У нас сёння ўсе ўмовы для гэтага ёсць. Інфляцыя дае магчымасць, і стаўка рэфінансавання будзе знаходзіцца адносна яе на дадатным узроўні менавіта па стандартах, той форме разлікаў, якая рэкамендавана МВФ", - сказала Надзея Ермакова.