Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Старшыню Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзьку

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 27 лістапада прыняў з дакладам Старшыню Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзьку.

    У першую чаргу Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся тым, як наладжана міжнароднае вяшчанне кампаніі. "Я хацеў бы, перш за ўсё, атрымаць ад Вас аб'ектыўную інфармацыю аб рабоце беларускага канала за мяжой. Для нас гэта вельмі важна. Тое, што ўнутры адбываецца, мы гэта бачым, а як бачыцца наш канал, як яго глядзяць за межамі нашай краіны?" – спытаў Аляксандр Лукашэнка.

    Другой тэмай, на якой засяродзіў увагу Прэзідэнт, стала аптымізацыя структуры Белтэлерадыёкампаніі, паляпшэнне якасці работы ўсіх яе падраздзяленняў.

    "Хачу вас папярэдзіць, што мы рэфармуем усе структуры, якія карыстаюцца сродкамі з бюджэту. Такіх шмат у краіне, у тым ліку і Белтэлерадыёкампанія. 25-30% скарачэння і павелічэнне эфектыўнасці – гэта абавязковыя мае патрабаванні, і Вы, напэўна, гэта ўжо адчуваеце", – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што рэфармаванне закранае многія напрамкі, усе структуры і матэрыяльнай вытворчасці, і ідэалагічнага плана. Паводле слоў Прэзідэнта, Белтэлерадыёкампанія – гэта своеасаблівае прадпрыемства, якое частку сродкаў атрымлівае з бюджэту, частку – зарабляе самастойна.

    "Таму мадэрнізацыя, рэфармаванне датычыцца і вашага прадпрыемства. У сувязі з гэтым я хацеў бы з Вашых вуснаў пачуць: а якая ж папулярнасць вашага канала ў параўнанні з іншымі? Якія замеры робяцца, наколькі яны аб'ектыўныя?" – вызначыў Аляксандр Лукашэнка шэраг хвалюючых яго пытанняў.

    Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся фінансава-эканамічнымі паказчыкамі работы НДТРК.

    "У свой час шмат прэтэнзій было да работы Белтэлерадыёкампаніі ў гэтым плане. Наколькі стабілізавана тут работа? Пры гэтым усе тыя, хто карыстаецца бюджэтнай падтрымкай (і вы, і іншыя каналы), павінны дакладна разумець, што ў будучым годзе гэта бюджэтная падтрымка значна зменшыцца. І не таму, што ў бюджэце няма грошай. Вы – прадпрыемства, вы павінны працаваць самі, зарабляць грошы, людзі павінны адчуваць гэта", – падкрэсліў Прэзідэнт.

    "Дапусцім, наколькі я ведаю, АНТ або наогул не атрымлівае, або зусім няшмат атрымлівае з бюджэту грашовых сродкаў. Але папулярнасць у яго не меншая, чым у вас, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Мне падабаецца недзе больш ваш канал, нешта там лепш атрымліваецца. Гэта справа густу. Я не хачу тут ацэнкі даваць. Спецыялісты іх даюць і дадуць у бліжэйшым будучым, калі мы створым сваю так званую ацэначную кампанію, якая будзе аб'ектыўна ацэньваць".

    "Таму трэба мець на ўвазе, што ў будучым годзе паціху, і ў тым ліку нашы асноўныя каналы, вось ад гэтай падтрымкі мы будзем далей адхіляць для таго, каб вы самі зараблялі грошы. Ну а для гэтага трэба мець добрую тэлепрадукцыю. Павінна быць навізна, трэба зацікавіць гледачоў і гэтак далей", – лічыць Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пэўныя зрухі ў гэтым плане ўжо ёсць: у тэлекампаніі, Агенцтва тэлевізійных навін і іншых творчых аб'яднанняў з'яўляюцца новыя праекты, якія цікавяць гледачоў.

    "Напрыклад, "Клуб рэдактараў", які становіцца больш аб'ектыўным, дзяржаўным, дзе вы адкрыта выказваецеся аб праблемах, якія існуюць, недахопах. Можа, трэба вашу аўдыторыю, удзельнікаў гэтага клуба рэдактараў пашыраць? Не трэба баяцца, што хтосьці выкажа нейкую сваю думку, галоўнае, каб гэта было аб'ектыўна", – сказаў Прэзідэнт.

    "Незалежнасць. Скрыжаванні" – са Следчым камітэтам праграму пачалі рабіць, "Лёс гігантаў" – аб прадпрыемствах, дзе вы паказваеце некалі савецкія буйнейшыя гіганцкія прадпрыемствы і іх лёс, – гэта таксама для людзей цікава. Усё гэта ёсць, але я лічу, трэба ў гэтым напрамку нам хутчэй ісці, узмацняць", – лічыць Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, сёння даводзіцца канкурыраваць у няпростых умовах з буйнейшымі расійскімі тэлекампаніямі, якія маюць значна большыя фінансавыя магчымасці для стварэння тэлепрадуктаў.

    "Але ў нас іншая перавага. І ёй трэба карыстацца. У нас усё ж такі людзі яшчэ ідэалагічна, патрыятычна выхаваны, і яны гатовы ў гэтай канкурэнцыі рабіць нармальныя праграмы. Але гэта ўжо ваша пытанне. Я хацеў бы пачуць, як у вас ідуць справы ў гэтым плане", – сказаў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўным з'яўляецца якасць вырабленага прадукту. "І пры гэтым нельга ні ў якім выпадку забываць аб фінансавым стане, аб грашах, таму што гэта датычыцца ўсіх. Дзяржава не можа ўсіх утрымліваць, яна і не павінна гэтага рабіць. І ў нас заўсёды будуць узнікаць праблемы, калі мы бюджэт будзем дзяліць на кавалкі і раздаваць. Гэтага быць не павінна. Бюджэт павінен канцэнтравацца на прарыўных дзяржаўных напрамках. А прадпрыемствы павінны самі зарабляць. Гэта не значыць, што дзяржава не будзе плаціць прадпрыемству за тое, што яго цікавіць, без чаго дзяржава абысціся не можа. Плаціць будзем, але толькі за канкрэтныя рэчы, а не агулам", – адзначыў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама пытанні, якія датычацца рэканструкцыі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. "Гэта ўсё ж такі Ваша альма-матар, Вы працавалі доўга там, людзей ведаеце. Я хацеў бы ведаць, якая там сітуацыя, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – Мадэрнізацыя тэатра павінна быць да новага года завершана. Фактычна новы тэатр будуецца. Якія там вакол гэтага настроі?"

    Гаворачы аб міжнародным тэлевяшчанні, Генадзь Давыдзька расказаў, што цяпер яно вядзецца з трох спадарожнікаў на тэрыторыю ўсёй Еўропы і Паўночнай Афрыкі тэлеканалам "Беларусь-ТБ". Гіпатэтычная колькасць тэлегледачоў складае амаль 220 млн. чалавек.

    Аляксандр Лукашэнка даручыў пашырыць гэты напрамак дзейнасці і палепшыць якасць.

    Прэзідэнт таксама дадаў, што застаецца няўхільным яго патрабаванне да СМІ выдаваць інфармацыю аб'ектыўна, сумленна, не ўтойваючы ніякіх фактаў, больш востра паглыбляцца ў рэчаіснасць і не праходзіць міма безгаспадарчых момантаў у дзейнасці любых чыноў.