Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню БТПР Юрыя Шумскага і першага намесніка старшыні Мікалая Бамбізу
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 10 лютага прыняў з дакладам старшыню Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў" (РДГА "БТПР") Юрыя Шумскага і першага намесніка старшыні Мікалая Бамбізу.
"Мы з вамі некалькі месяцаў таму дагаворваліся аб тым, што вы ўнесяце сваё прынцыповае меркаванне аб далейшым функцыянаванні Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Звязана гэта перш за ўсё з тымі недахопамі, якія выявіліся, іх мы бачылі ў ходзе работы гэтай арганізацыі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Недахопаў, я думаю, шмат, і вы іх убачылі яшчэ больш адкрыта, яскрава, чым іншыя. Я чакаў вашых прапаноў у гэтым плане".
"Паляванне і рыбалка - гэта неад'емная частка турызму. Калі турыст сюды прыязджае - гэта не толькі адпачынак. Напэўна, больш як палавіна з іх хочуць папаляваць, выехаць на рыбалку і г.д. Таму гэта эканамічная састаўная частка. І ў сувязі з гэтым мы не можам дапусціць таго, што рабілася ў гэтай арганізацыі. Мы не можам здабытак нашай дзяржавы, нашага народа разбазарваць, больш таго - па-бандыцку да яго ставіцца. А яшчэ горш, калі гэта сфера крыміналізуецца, і там адбываюцца нядобрыя працэсы. Вы павінны былі іх таксама заўважыць, вывучаючы сітуацыю ў арганізацыі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым ён нагадаў, што перад новым старшынёй была пастаўлена задача разабрацца з кадравымі пытаннямі, вызначыць тых, з кім трэба будзе працаваць у далейшым.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў павінна адыгрываць больш значную ролю ў гэтай сферы, паколькі ў яго сканцэнтраваны асноўныя паляўнічыя ўгоддзі краіны (60%).
"Я ад вас перш за ўсё павінен атрымліваць інфармацыю аб праблемах у гэтай галіне, аб тым, у якім напрамку яна павінна развівацца, якая сітуацыя там складваецца. Таму на вас будзе большая адказнасць, чым раней, і я больш уважліва буду працаваць з вамі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама лічыць неабходным, каб БТПР больш цесна ўзаемадзейнічала з Дзяржаўнай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце. "Так, гэта Дзяржінспекцыя абсалютна незалежная, кантралюе і вас, і іншых, але вы павінны наладзіць партнёрскія адносіны з ёю з карысцю для нашага грамадства і для нашай дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўніку дзяржавы было таксама даложана аб выніках дзейнасці БТПР за 2011 год, планах на перспектыву.
Прэзідэнт звярнуў пільную ўвагу на павышэнне эфектыўнасці вядзення паляўнічых гаспадарак на тэрыторыі Беларусі, а таксама рацыянальнага і беражлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Аляксандр Лукашэнка даручыў навесці належны парадак ва ўсіх гэтых сферах. У структуры РДГА налічваецца 104 паляўнічыя гаспадаркі, дзе працуюць каля 900 чалавек.
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на неабходнасць развіцця ў краіне замежнага паляўнічага турызму і стварэння адпаведных умоў для прыцягнення ў Беларусь аматараў гэтага віду адпачынку. Як далажыў Юрый Шумскі, у 2011 годзе даход ад замежнага паляўнічага турызму ў параўнанні з 2010 годам вырас удвая, за апошні год таварыствам зароблена каля 700 тыс. еўра.