Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 кастрычніка, прымаючы з дакладам Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, даручыў Ураду прыняць меры па замацаванню станоўчых тэндэнцый на валютным рынку.
"Наколькі гэта магчыма, я адсочваю сітуацыю на валютным рынку. Мяне, вядома, задавольвае, што там ужо адбыўся пералом пасля гэтых палітычных вакханалій і дзеянняў нашай так званай апазіцыі, якая запалохвала насельніцтва праз СМІ і Інтэрнэт, спараджаючы нейкія дэвальвацыйныя чаканні, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – Ужо можна сказаць тыдзень сітуацыя зменена, і тры апошнія дні Нацыянальны банк валюту скупляў. Гэта добры сігнал на ўмацаванне беларускага рубля, гэта трэба рабіць".
"Наша нацыянальная валюта павінна быць не залішне трывалай і моцнай, каб экспарт не паваліць, але і штучна для нейкіх палітычных момантаў нам не трэба яе аслабляць. Таму Нацыянальны банк праводзіць абсалютна правільную палітыку", – адзначыў Прэзідэнт.
"Мы бачым, што ўжо і сярод прадпрымальнікаў адбыўся паварот. Яны таксама пачынаюць гандляваць фактычна па курсу Нацыянальнага банка і нават ніжэйшым", – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Але я гэта кажу не для таго, каб супакоіць. Пытанне ў тым, што калі намеціўся поспех на нейкім напрамку, кажучы мовай ваенных, яго трэба развіваць. Трэба цяпер напружыцца па экспарту, змяншаць дэбіторскую запазычанасць, больш прадаваць і спыніць усе гэтыя размовы: "Ай-яй-яй, у свеце крызіс, – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. – Пакуль яшчэ ніякага крызісу няма, і трэба займаць тыя рынкі, якія сёння вызваляюцца з-за розных прычын, і не здаваць свае".
"Трэба проста працаваць, каб не адбылося так, як гэта было на "Камунарцы". А такіх прадпрыемстваў у нас дастаткова, дзе мы проста губляем грошы, каб дагадзіць нейкім незразумелым інвестарам, якія жывуць ці то ў Амерыцы, ці то ў Расіі, ці то яшчэ недзе", – заўважыў Прэзідэнт.
"Я хачу, каб Вы запрасілі міністраў, якія займаюцца матэрыяльнай вытворчасцю, і строга перад імі паставілі пытанне. Інакш пойдуць усе, як Данчанка, кіраваць дрэннымі стратнымі прадпрыемствамі", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэта ж не справа, што мы нейкімі макраэканамічнымі намаганнямі спрабуем утрымаць гэты курс. Усё ў матэрыяльнай вытворчасці: зрабіў, прадаў, атрымаў грошы на знешніх рынках. І будзе нармальная сітуацыя. Трэба тыя станоўчыя тэндэнцыі, якія адбываюцца на валютным рынку, замацаваць у матэрыяльнай вытворчасці. Гэта галоўная на сённяшні дзень задача Нацыянальнага банка і Урада", – даручыў Кіраўнік дзяржавы.
Як далажыў Міхаіл Мясніковіч, у цэлым эканоміка працуе стабільна. Па выніках дзевяці месяцаў бягучага года тэмп росту ў прамысловасці склаў 107,7%, сельскай гаспадарцы – 105%. Таксама стабілізавалася сітуацыя на валютным рынку. "Тыя чаканні, калі некаторыя разлічвалі на абвал беларускага рубля, аказаліся беспадстаўнымі. І цяпер беларускі рубель умацоўваецца, – адзначыў Прэм'ер-міністр. – Галоўнае, што растуць дэпазіты фізічных і юрыдычных асоб у нашай банкаўскай сістэме – прырост за дзевяць месяцаў склаў Br31 трлн. з улікам валют. З іх Br21 трлн. – гэта ўклады насельніцтва".
У ходзе сустрэчы былі закрануты і пытанні развіцця рэгіёнаў. "Мы лічым, што практыка базавых раёнаў у абласцях сябе апраўдала. Стаіць задача, каб на працягу бліжэйшых трох гадоў усе раёны ў кожнай вобласці вывесці на ўзровень базавых з улікам дыферэнцыраванага падыходу", – сказаў Міхаіл Мясніковіч. Пры гэтым ён асабліва падкрэсліў, што для дасягнення запланаваных паказчыкаў, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы, неабходна актыўна развіваць усе раёны краіны: "Трэба ўзнімаць базу раёнаў, якія знаходзяцца недзе ў цені. Безумоўна, туды таксама ўкладваюцца вялікія сродкі, а аддача невысокая".
Прэзідэнт таксама адобрыў падыход да сістэмы адукацыі з большым ухілам на практыку: каб у рамках адной юрыдычнай асобы сканцэнтраваць увесь ланцужок, які ўключае ліцэі, каледжы, універсітэт, навукова-даследчую частку і вытворчыя прадпрыемствы. Кіраўнік дзяржавы асобна звярнуў увагу на неабходнасць ужо з новага навучальнага года актывізацыі пытанняў мэтавага набору, асабліва ў тым, што датычыцца кадраў для рэальнага сектара эканомікі. "Сёння ў пэўнай ступені страчана прэстыжнасць працы інжынера, тэхнолага. Гэта няправільна. Калі мы гаворым аб навукова-тэхнічным прагрэсе, інавацыйным развіцці, у гэтай сітуацыі ў рэальны сектар трэба накіроўваць дастаткова падрыхтаваныя кадры, а іх адаптацыя павінна ісці, пачынаючы са школьнай парты", – адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
Акрамя таго, разгледжаны пытанні, звязаныя з выкананнем даручэння Прэзідэнта аб замацаванні службовых асоб за праблемнымі прадпрыемствамі. Звернута ўвага на неабходнасць пад строгім дзяржаўным кантролем забяспечваць развіццё і празрыстасць фінансавых схем на прадпрыемствах з высокай доляй недзяржаўнага сектара. У цэлым Аляксандр Лукашэнка ўказаў Ураду на недахопы ў рабоце ў сферы матэрыяльнай вытворчасці, запатрабаваўшы, каб, не адмаўляючыся ад прыватызацыі і рэфармавання адносін уласнасці, усе працэсы былі празрыстыя і зразумелыя.