Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе паскорыць тэмпы ўборкі і перапрацоўкі сельгаскультур. Такую задачу ён паставіў 30 жніўня ў час даклада Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.
Кіраўнік дзяржавы абазначыў шэраг актуальных цяпер для грамадства тэм, па якіх хацеў бы атрымаць дэталёвую інфармацыю.
У прыватнасці, гэта датычыцца сітуацыі ў эканоміцы і фінансавай сферы. Прэзідэнт адзначыў, што пытанні сацыяльна-эканамічнага плана будуць абмеркаваны пры разглядзе асноўных напрамкаў развіцця і бюджэту на 2013 год. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што гэтыя асноўныя дакументы, якія вызначаюць развіццё краіны, павінны быць гатовы да канца месяца, каб забяспечыць іх прыняцце да выбрання новага парламента.
Актуальным пытаннем з'яўляецца ход уборачнай кампаніі. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што збожжа практычна ўжо ўбрана, адстае толькі Віцебская вобласць. Аднак, на думку Прэзідэнта, наперадзе яшчэ вялікі аб'ём работ з уборкай іншых сельскагаспадарчых культур, у прыватнасці лёну, цукровых буракоў, кукурузы. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу больш актыўна правесці ўборку культур, пакуль гэта дазваляе сухое надвор'е.
"Цукар падаражэў на сусветным рынку. З гэтага пункту гледжання сяляне нашы могуць мець дадатковы заработак. Таму мы павінны сёння больш актыўна весці перапрацоўку цукровых буракоў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка даручыў таксама вырашыць пытанне з заключэннем кантрактаў па пастаўках бульбы. "Нам патрэбна яснасць, колькі мы прададзім, каму і па якой цане", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы закрануў пытанне падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Як далажыў Прэм'ер-міністр, усе аб'екты гатовы да яго пачатку. Шматдзетным і малазабяспечаным сем'ям аказваецца матэрыяльная дапамога на набыццё школьнага адзення і канцылярска-пісьмовых прылад.
Прэзідэнт таксама згадаў пра дапамогу беларускіх будаўнікоў у аднаўленні пасля паводкі школы ў Крымску. Гэта работа завершана. Аляксандр Лукашэнка папрасіў Прэм'ер-міністра ад свайго імя падзякаваць будаўнікам за тую вялікую работу, якую яны правялі. "І Прэзідэнт Расіі, і Прэм'ер-міністр выказалі ўдзячнасць за гэту работу. Людзі добра аднесліся да яе выканання, і гэта быў добры жэст у падтрымку нашых братоў-расіян, якія трапілі ў бяду, гэтак жа, як і Расія заўсёды нам дапамагала ў такіх выпадках", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт паставіў перад Урадам шэраг задач, якія датычацца паспяховага завяршэння года, выхаду на планавыя паказчыкі, у тым ліку па заработнай плаце, прадукцыйнасці працы.
Прэм'ер-міністр далажыў аб асноўных падыходах па фарміраванню прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэту на 2013 год. Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, у цэлым для эканомікі прапануюцца няпростыя паказчыкі. Так, тэмп росту валавога ўнутранага прадукту плануецца на ўзроўні 108,5%, экспарту - 115,2%. Пры гэтым упор робіцца на інавацыйную накіраванасць, пашырэнне таварнай наменклатуры, для чаго будуць стварацца сучасныя вытворчасці. У цэлым Урад ацэньвае аб'ём інвестыцый наступнага года ў памеры $20 млрд. Пры гэтым з бюджэту выдзяляецца Br2 трлн. на прынцыпова новыя праекты інавацыйнай накіраванасці, так званы інавацыйны фонд. Акрамя таго, ва Урадзе дамовіліся аб канцэнтрацыі часткі чыстага прыбытку, што застаецца ў распараджэнні дзяржаўных прадпрыемстваў, на прыярытэтныя праекты, якія будуць вызначаць беларускую эканоміку.
Прэзідэнт падтрымаў асноўныя падыходы Урада. Ужо ў бліжэйшы час будзе праведзена нарада па разгляду ходу выканання прагнозу бягучага года і ўстанаўлення задач на 2013 год.
Быў таксама разгледжаны шэраг прапаноў Урада па пытаннях работы прамысловасці і беларускіх пасольстваў за мяжой. У бліжэйшы час да беларускіх дыпмісій будуць даведзены мэтавыя заданні па аб'ёмах экспарту і прамых замежных інвестыцыях, якія распрацаваны па даручэнню Кіраўніка дзяржавы. У сярэдзіне наступнага года кіраўнікі беларускіх дыпмісій зробяць справаздачу аб выкананні пастаўленых мэтавых задач.
Прэзідэнту даложана і аб выкананні работ па падрыхтоўцы і правядзенню рэспубліканскага фестывалю-кірмашу "Дажынкі", які ў бягучым годзе пройдзе ў Горках. Большасць аб'ектаў ужо ўведзена ў эксплуатацыю, у прыватнасці лядовы палац, стадыён, хірургічны корпус, стаматалагічная паліклініка, у завяршальнай стадыі знаходзіцца рамонт дарогі М4 Мінск - Магілёў, моста цераз Бярэзіну, амфітэатра.
Акрамя таго, было закранута пытанне наконт рэканструкцыі малочнатаварных ферм. Як адзначыў Прэм'ер-міністр, абсталяванне для аснашчэння даільных залаў усіх 1,2 тыс. рэканструюемых ферм будзе пастаўлена не пазней за 1 снежня.