Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 21 чэрвеня прыняў з дакладам Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча. Кіраўніку дзяржавы даложана аб стане спраў у эканоміцы краіны і планах па развіццю асобных сфер.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся тым, як Урадам вырашаецца задача па дасягненню ў 2012 годзе росту ВУП у памеры 5,5%. "У сувязі з гэтым мяне хвалюе і цікавіць праблема інфляцыі. Што гэта за інфляцыя ў нас, з чаго яна складваецца, якія аб'ектыўныя прычыны? Ці можам мы выйсці на больш нізкую інфляцыю, чым планавалі? Бо рост цэн па-ранейшаму хвалюе нашых людзей", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Адзін з блокаў пытанняў, які Прэзідэнт паставіў перад Прэм'ерам, датычыўся забеспячэння росту даходаў насельніцтва.
Аляксандр Лукашэнка папрасіў Міхаіла Мясніковіча даць ацэнку стану спраў у сферы экспарту, асабліва ў частцы неарганізаванага вывазу прадукцыі. "Усё ж такі розніца ў цэнах у нас яшчэ існуе і даволі значная па асобных групах тавараў з іншымі дзяржавамі. Якая тут дынаміка, тэндэнцыі і наколькі гэта небяспечна?" - задаў пытанне Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэм'ер-міністра, "беларуская эканоміка працуе ўстойліва, даходы насельніцтва павялічваюцца". "Задача аб выхадзе на Br4-4,1 млн. сярэдняй заработнай платы няпростая, але будзем імкнуцца да таго, каб гэта было выканана", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч, канстатаваўшы, што пакуль бюджэтнікі крыху адстаюць па ўзроўню даходаў.
Прэзідэнт даручыў, каб з 1 жніўня і ў кастрычніку бягучага года была павышана тарыфная стаўка першага разраду. Гэта дасць магчымасць павысіць зарплаты работнікаў бюджэтнай сферы. З улікам росту рэнтабельнасці продажаў і прадукцыйнасці працы будуць павялічвацца і даходы работнікаў прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Кіраўніку дзяржавы таксама даложана аб падыходах Урада па эканамічнаму развіццю ў 2013 годзе, і ў прыватнасці, па жыллёваму будаўніцтву і сельскай гаспадарцы.
У бягучым годзе аб'ём інвестыцый і мер дзяржпадтрымкі сельскай гаспадарцы ацэньваецца ў памеры Br30 трлн. Па выніках 2012 года плануецца ўвесці ў строй 105-110 новых і правесці мадэрнізацыю 1,2 тыс. дзеючых малочнатаварных ферм. "Мы за два гады фактычна ўвядзём магутнасці малочнатаварных ферм, якія ўвялі за ўсю мінулую пяцігодку", - заўважыў Міхаіл Мясніковіч.
У пытанні жыллёвага будаўніцтва Урад плануе ў 2013 годзе выйсці на аб'ём 6-6,5 млн.кв.м. З іх каля 3 млн.кв.м жыллё з дзяржпадтрымкай. На думку Прэм'ер-міністра, укладанне вялікіх сродкаў у развіццё інфраструктуры будзе стымуляваць будаўніцтва камерцыйнага, арэнднага жылля, індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва.
У ходзе сустрэчы асобна было абмеркавана тое, як Урад плануе рэалізаваць дамоўленасці, дасягнутыя 15 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу на сустрэчы прэм'ераў Беларусі, Расіі і Казахстана. Гэта датычыцца ўзгодненай прамысловай палітыкі і інтэграцыі прампрадпрыемстваў ва ўмовах Адзінай эканамічнай прасторы.
Былі даложаны падыходы па стварэнню сумеснага холдынга на базе МАЗа і КамАЗа з улікам парытэтнасці кіравання гэтай структурай і захавання кіруемасці адным з вядучых прадпрыемстваў краіны. "Гэта інтэграцыя для беларускага боку выгадная. Па-першае, гэта аб'яднаны рынак аўтамабіляў, на якім сёння мы прадаём 77% прадукцыі МАЗа. І галоўнае, што сюды мы можам увайсці праз кааперацыйныя пастаўкі, гэта значыць спецыялізацыі ўжо ў рамках аб'яднанага холдынга, - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. - У нас яшчэ ёсць холдынг "Аўтакампаненты", які, мы лічым, можна будзе актыўна ўключыць у кааперацыю з гэтым аб'яднаным холдынгам".
"Прынцыповая згода ўласнікаў КамАЗа па гэтаму пытанню ёсць", - інфармаваў Прэм'ер-міністр. Прэзідэнт Беларусі таксама даў прынцыповую згоду. Цяпер Урад зоймецца падрыхтоўкай неабходнага пакета дакументаў, каб дакладваць Кіраўніку дзяржавы пры прыняцці канчатковага рашэння.
Акрамя таго, Урад Беларусі прапануе аб'яднаць на рыначнай аснове "Гомсельмаш" і "Растсельмаш". "Мы будзем гэта абмяркоўваць з расіянамі. Беларускі бок гатовы купіць "Растсельмаш", калі будзе жаданне расійскага боку, - сказаў Міхаіл Мясніковіч. - Думаю, што можна разглядаць выгаднасць гэтай здзелкі. Сёння ў нас вялікі ўнутраны рынак трох дзяржаў па кормаўборачных і збожжаўборачных камбайнах. Лічым, што на гэтым рынку можа працаваць адзіная кампанія".