Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча
Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў студзені-лютым і перспектывах на 2012 год Кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку 12 сакавіка далажыў Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.
"Паводле дакладаў фінансістаў, а фінансы - гэта люстэрка эканомікі, я бачу, што нашы планы, якія мы вызначылі для сябе на гэты год, могуць быць паспяхова рэалізаваны. І тыя 5-6% прыросту ВУП, аб якіх мы доўга спрачаліся, аказваюцца рэальна дасягальнымі, - сказаў Прэзідэнт. - Пажадана, каб гэты прырост быў большы. Але трэба глядзець па плацежным балансе, па сальда знешняга гандлю. Мы не павінны перавысіць тыя лічбы, якія намі абазначаны. Гэта значыць эканоміка павінна развівацца так, каб не стварыць праблем на валютным і фінансавым рынках".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння вельмі шмат гаворыцца аб тым, што ў Беларусі цэны ніжэйшыя, чым у суседзяў, і гэта часткова садзейнічае вывазу тавараў. "Мы дакладна вызначылі, што цэны ў мінулым годзе ў нас і так вельмі падскочылі, і калі недзе падшліфоўваем, то гэта не павінен быць абвальны рост цэн. Ён павінен быць расцягнуты ў часе і прывязаны да росту даходаў насельніцтва. Ёсць павышэнне зарплат, пенсій, дапамог - тады мы можам у нейкай ступені нават не рухаць цэны, а падшліфоўваць - гэта 0,5-1%, але не больш", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць актыўна весці барацьбу з інфляцыяй: "І сёння відаць, што мы можам гэта зрабіць. Таму што там, дзе цэны не кантралююцца, яны наадварот імкнуцца да паніжэння. Недзе мы цэны выраўноўваем. Таму інфляцыя ў гэтым выпадку ў нас рэгулюемая".
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на неабходнасць забеспячэння дадатнага сальда ў знешнім гандлі, недапушчальнасць змяншэння золатавалютных рэзерваў.
Міхаіл Мясніковіч прадставіў аналітычную ацэнку эканамічнага развіцця краіны па выніках двух месяцаў бягучага года, далажыў аб чаканых выніках першага квартала і прагнозе па выкананні планавых паказчыкаў 2012 года.
Паводле слоў Прэм'ер-міністра, эканоміка працуе ўстойліва, у асноўным усе сферы і рэгіёны выконваюць даведзеныя заданні. Добрыя тэмпы развіцця дэманструюць сельская гаспадарка (106,7%), прамысловасць.
Стабільная сітуацыя на валютным і спажывецкім рынках. "У знешнім гандлі складваецца дадатнае сальда. На чыстай аснове прыток валюты амаль на паўмільярда вышэйшы, чым адток", - канстатаваў Міхаіл Мясніковіч.
Размова таксама ішла аб рэалізацыі некаторых перспектыўных інвестыцыйных праектаў.
У цэлым Прэм'ер-міністр выказаў упэўненасць, што па выніках першага квартала і года будзе забяспечана выкананне зацверджаных заданняў.
Акрамя таго, Міхаіл Мясніковіч далажыў Прэзідэнту аб падыходах Урада па распрацоўцы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэту на 2013 год. Прэзідэнт паставіў задачу значна папрацаваць над фарміраваннем бюджэту і выкананнем усіх планавых назначэнняў, якія былі прадугледжаны ў задачах на пяцігодку. Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць павышэння прадукцыйнасці працы, валавой дабаўленай вартасці і рытмічнай работы рэгіёнаў.
Асобна звернута ўвага на неабходнасць навядзення парадку на зямлі, у населеных пунктах у сувязі з завяршэннем зімовага перыяду. Ураду і адпаведным міністэрствам даручана ў сціслыя тэрміны выканаць неабходны аб'ём работы.