Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Міністра адукацыі Сяргея Маскевіча
Пры скарачэнні тэрмінаў навучання ў ВНУ не павінна пацярпець якасць адукацыі. Такую задачу паставіў 24 ліпеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам Міністра адукацыі Сяргея Маскевіча.
Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу пацікавіўся выкананнем Міністэрствам адукацыі раней дадзеных даручэнняў па скарачэнню тэрмінаў навучання па пэўных спецыяльнасцях у ВНУ і, калі неабходна, ССНУ. "Я даручаў фундаментальна прапрацаваць гэта пытанне", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адзін напрамак, на якім акцэнтаваў увагу Прэзідэнт, - павелічэнне працягласці практыкі студэнтаў.
"У адваротным выпадку атрымліваецца так, што студэнт з першага да заканчэння пятага курса сядзіць у аўдыторыі, яму аб нечым расказваюць выкладчыкі. А я адкрыта гаварыў, няхай на мяне не крыўдзяцца, многія выкладчыкі самі плятуцца ў хвасце падзей. Аб чым яны могуць расказаць? Так склалася жыццё, што, дапусцім, у прамысловасці, сельскай гаспадарцы канкрэтная вытворчасць пайшла далёка наперад. А выкладчыкі, на жаль, адсталі. Таму трэба перанесці цэнтр цяжару ў вытворчасць, на палі, фермы, заводы, фабрыкі і там вучыць будучых спецыялістаў, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Два гады, напрыклад, яны павінны "грызці" навуку ў сценах акадэміі, універсітэтаў, інстытутаў, а астатнія два гады, калі мы скарачаем з пяці да чатырох гадоў тэрмін навучання па некаторых спецыяльнасцях, яны павінны быць на канкрэтнай вытворчасці".
"І яшчэ важна: калі чалавек трапіў не туды, дык няхай ён яшчэ ў студэнцкія гады зразумее, што не туды трапіў, і шукае сваю дарогу ў жыцці. А не тое, што мы яму адукацыю далі, а ён па сваёй адукацыі працаваць не зможа", - дадаў Прэзідэнт.
"Калі чалавек рыхтуецца на вытворчасці і ў полі, яго лягчэй далучыць да гэтага жыцця, да гэтай будучай работы. Адна справа ў аўдыторыі сядзець і па кніжках вучыць будучую спецыяльнасць, а іншая справа асвойваць яе. Таму я ўпэўнены, што большасць улюбіцца ў студэнцкія гады ў сваю прафесію", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Сёння асноўныя веды там. І выкладчык будзе вучыцца, як вырошчваць нейкія сельскагаспадарчыя культуры і як ствараць нафтахімічную, хімічную прадукцыю, і такім чынам падцягнецца да ўзроўню вытворчасці і студэнт. Гэта вельмі важна", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў ВНУ ёсць магчымасць для аптымізацыі навучальнага працэсу. "Некаторыя ж прадметы ў нас у многіх ВНУ толькі дзеля таго, каб іх прайсці. Яны тысячу гадоў не патрэбны, іх забудуць студэнты адразу ж пасля заканчэння курса. Дык, можа, дзесьці іх наогул скараціць, дзесьці зрабіць факультатывам, як у школе, каб студэнт уяўленне меў?" - сказаў Прэзідэнт.
У той жа час Кіраўнік дзяржавы перасцярог і ад небяспекі празмерна паглыбіцца ў гэты працэс. "Тут небяспечна і звузіцца: будзе ўрач, які не ведае гісторыі. Што гэта такое? Ён жа яшчэ і грамадзянінам павінен быць. Тут усё павінна быць у аптымальным варыянце", - адзначыў Прэзідэнт.
"І падводзячы рысу, я заўсёды гаварыў: рэформы ў сістэме адукацыі завершаны. Трэба недзе штосьці дашліфоўваць - калі ласка. Ніхто не павінен ператвараць адукацыю зноў у нейкую палітычную сцэну або пачынаць спрэчку, дапусцім, аб мовах: што важней - беларуская або руская. І тая, і другая для нас важныя - гэта дзяржаўныя мовы. Таму ёсць нармальная ў нас сістэма - яе трэба дашліфоўваць і не ствараць ачагі напружанасці. То мы пачынаем гаварыць аб мовах, то аб кошце адукацыі і заўтра пабяжым ужо наперадзе планеты ўсёй па кошту адукацыі. Калі мы пойдзем цяпер на платную адукацыю, то мы адсеем многіх рабацяг, якія з бедных сем'яў, і яны не трапяць у ВНУ. Гэта што, нашай дзяржаве трэба, гэта наша палітыка? Не! Таму трэба глядзець на больш бедныя слаі насельніцтва, каб іх дзеці не былі страчаны і атрымалі ў свой час адукацыю. І я, і вы - выхадцы адтуль. Аб гэтым не трэба забываць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Сяргей Маскевіч далажыў аб тым, што Міністэрства адукацыі правяло вялікую работу па вывучэнню магчымасцей скарачэння тэрмінаў навучання. Былі перагледжаны вучэбныя планы і па большасці спецыяльнасцей абноўлены. У выніку прынята рашэнне аб пераходзе на першай ступені вышэйшай адукацыі з 5-гадовага тэрміну навучання на 4-гадовы і павелічэння тэрміну навучання на магістратуры з аднаго да двух гадоў. Паводле слоў Міністра, гэта работа ўжо вядзецца. Аптымізацыя тэрмінаў навучання закране амаль 60% спецыяльнасцей, у асноўным педагагічнага, эканамічнага, тэхнічнага профілю.
Прэзідэнт пры гэтым асабліва акцэнтаваў увагу на тым, што ні ў якім выпадку не павінна пацярпець якасць вышэйшай адукацыі. Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў правесці работу над удасканаленнем магістратуры, якая павінна быць арыентавана на падрыхтоўку навукова-тэхнічнай эліты краіны, кадраў інавацыйнай эканомікі.
Што датычыцца пашырэння практычнай падрыхтоўкі, то ўжо з наступнага года будзе ўводзіцца размеркаванне студэнтаў пасля трэцяга курса па некаторых спецыяльнасцях, каб гатоўнасць будучага маладога спецыяліста да практычнай работы была аптымальная.
Кіраўніку дзяржавы было даложана і аб ходзе падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Паводле слоў Міністра, яна вядзецца ў традыцыйным плане: абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі, выдаюцца падручнікі, працуюць школьныя базары.
Да новага навучальнага года плануецца здаць тры новыя інтэрнаты (два ў студэнцкай вёсцы ў Мінску і адзін у Брэсцкім дзяржуніверсітэце імя А.С.Пушкіна), адкрыць 18 дзіцячых садоў, 7 школ, новы корпус факультэта міжнародных адносін Белдзяржуніверсітэта.
Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу павышэння якасці адукацыі, асабліва вучняў 10-11-х класаў, для іх большай гатоўнасці да навучання ў ВНУ.
Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць развіцця навучальна-лабараторнай базы школ, устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, даручыў канцэнтраваць сродкі і праводзіць цэнтралізаваныя закупкі для ўстаноў адукацыі краіны, забяспечваючы неабходным абсталяваннем кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі, ствараючы рэсурсныя цэнтры.