Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Генеральнага пракурора Аляксандра Канюка
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 8 кастрычніка прыняў з дакладам Генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка, які далажыў аб крымінагеннай сітуацыі ў краіне ў студзені – верасні бягучага года.
У якасці станоўчага моманту Аляксандр Лукашэнка адзначыў зніжэнне агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў амаль на 21% у параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года. "Шурпатасці могуць быць. Але, тым не менш, 21% – гэта вялікае зніжэнне. Але што не прыпішаш – гэта колькасць асабліва цяжкіх злачынстваў, якая знізілася амаль на 12%", – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Даныя статыстыкі сведчаць аб скарачэнні больш як на 11% злачыннасці сярод непаўналетніх. Прыкладна на 15% знізілася рэцыдыўная злачыннасць. Забойстваў стала менш амаль на 14%.
Аляксандр Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу Генпракурора і на некаторых негатыўных фактах: "Раскрывальнасць у нас няхай на адзін працэнт, але зменшылася. Мяне насцярожвае тут Мінск. У нас ідзе павелічэнне нераскрытых цяжкіх злачынстваў".
Наконт барацьбы з карупцыяй Прэзідэнт сказаў: "Я, вядома, рады, што ў нас ідзе адпаведная барацьба і зменшылася колькасць карупцыйных праяў (яны ў асноўным звязаны з хабарамі і службовымі паўнамоцтвамі), але мне здаецца, што з раскрывальнасцю злачынстваў, асабліва ў Мінску, і ў барацьбе з карупцыяй мы ўсё ж такі крыху недапрацоўваем".
Яшчэ адзін комплекс пытанняў датычыўся ўзаемадзеяння органаў пракуратуры са Следчым камітэтам: "Я хацеў бы пачуць вашу пазіцыю, якая там сітуацыя? Як уплывае гэта на раскрывальнасць злачынстваў?"
Дакладваючы аб скарачэнні больш як на 20% агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў, Аляксандр Канюк растлумачыў, што ў пэўнай ступені гэта адбылося з-за дэкрыміналізацыі шэрагу саставаў злачынстваў, і з разраду крымінальных яны перайшлі ў адміністрацыйныя. "У той жа час ёсць рэчы, якія немагчыма ўтаіць: зменшылася колькасць забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, разбояў. Гэтыя факты немагчыма подтасаваць – гэта рэальная статыстыка. У цэлым крымінагенная сітуацыя ў краіне стабільная", – сказаў Генпракурор.
Асобна Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць пытанне аб узмацненні адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане. У гэтым плане абмяркоўваюцца розныя меры, у тым ліку магчымасць канфіскацыі транспартных сродкаў.
У ходзе рабочай сустрэчы таксама абмеркаваны пытанні аптымізацыі структуры органаў пракуратуры. Як далажыў Аляксандр Канюк, ім прыняты ўжо меры ў гэтым напрамку: "Скарочана частка работнікаў цэнтральнага апарату, і гэтыя штатныя адзінкі аддадзены на месцы ў раённыя пракуратуры. У гэтым выпадку мы аддалі прыярытэт чарнобыльскім раёнам. Я ўжо выязджаў у гэтыя раёны, і нармальна ўсё ўспрынята, людзі працуюць. Гэта значыць, гэты крок быў своечасовы".